Калі не я, то хто?
2 сакавіка адзначаліся ўгодкі аднаго з буйнейшых пагромаў Мінскага гета. Цяпер мерапрыемствы па ўшанаванню памяці загінулых праводзяцца ў адкрытую. На пачатку 2000-х на месцы масавага пахавання забітых габрэяў побач са сціплым помнікам быў усталяваны мемарыял, да якога наведваюцца і простыя людзі, і дыпламаты, і палітыкі. Але за савецкім часам быў перыяд, калі прыходзіць да гэтага месца было не прынята, адмаўляліся слова «гета» і само паняцце Халакосту. Хаця і тады ацалелыя вязні гета прыходзілі на Яму, каб аддаць даніну памяці сваім суайчыннікам.
2 сакавіка адзначаліся ўгодкі аднаго з буйнейшых пагромаў Мінскага гета. Цяпер мерапрыемствы па ўшанаванню памяці загінулых праводзяцца ў адкрытую. На пачатку 2000-х на месцы масавага пахавання забітых габрэяў побач са сціплым помнікам быў усталяваны мемарыял, да якога наведваюцца і простыя людзі, і дыпламаты, і палітыкі. Але за савецкім часам быў перыяд, калі прыходзіць да гэтага месца было не прынята, адмаўляліся слова «гета» і само паняцце Халакосту. Хаця і тады ацалелыя вязні гета прыходзілі на Яму, каб аддаць даніну памяці сваім суайчыннікам. Адны іх асуджалі, другія падтрымлівалі. Як і ў часы вайны: хтосьці расстрэльваў габрэяў, а хтосьці карміў і хаваў, рызыкуючы сабой і сваім жыццём.
(На здымку: Дырэктар Музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Іна Герасімава)
У 1953 годзе ў Ізраілі быў прыняты закон пра стварэнне Мемарыяльнага інстытута Катастрофы і Гераічнасці еўрапейскага габрэйства Яд Вашым, што перакладаецца як Памяць і Імя. У статуце Яд Вашым ёсць
радок пра неабходнасць увекавечыць подзвіг Праведнікаў народаў свету — людзей, якія рызыкавалі сваімі жыццямі, каб выратаваць габрэя. Як гаворыцца ў Талмудзе: «Чалавек, які
выратаваў адно жыццё, выратаваў усё чалавецтва».
У Беларусі ганаровае званне Праведнікаў народаў свету прысвоена больш чым сямістам асобам. Першыя беларусы — Андрэй Станько і яго жонка Наталля, якія жылі ў вёсцы Рэчкі Крывіцкага раёна
Мінскай вобласці, — атрымалі званне Праведнікаў свету ў 1965 годзе за выратаванне імі сям’і Элі Казінца. Аднак атрымаць дыплом і медаль Праведнікаў яны не мелі магчымасці з-за
разарваных дыпламатычных сувязяў паміж СССР і Ізраілем. Толькі ў 1994 годзе, калі ў Мінску ўжо працавала пасольства Дзяржавы Ізраіль і саміх Праведнікаў не было ў жывых, іх дачка забрала дакументы,
які пацвярджалі званне яе бацькоў. Першае публічнае прысваенне звання Праведніка беларусу адбылося ў 1967 годзе. Антаніну Габіс з вёскі Васілішкі Шчучынскага раёна выратаваная ёй Этэль Кравец
запрасіла да сябе ў госці ў Ізраіль. Савецкія ўлады дазволілі гэту паездку, у Ізраілі жанчына атрымала ўзнагароду і сваімі рукамі пасадзіла дрэва на Алеі Праведнікаў.
***
Ужо ў наш час была выдадзена кніга «Праведнікі народаў свету Беларусі», у якую ўвайшлі гісторыі і імёны пяцісот чалавек. Сваім меркаванне падзялілася аўтарка кнігі Іна Герасімава,
кандыдат гістарычных навук, дырэктар Музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі.
— На пытанне, чаму адны рабілі так, а другія інакш, ніхто не адкажа. Мы можам толькі гаварыць у цэлым, што адны прадавалі, а іншыя — ратавалі. Ніхто не ведае пасыл чалавека, калі
перад ім стаіць у крыві, абарваны габрэй, і трэба вырашыць за хвіліны, ці пакінуць яго ў сябе, ці даць хлеба і зачыніць дзверы. Некаторыя лічаць, што беларусы — добры, талерантны народ. Так,
але народ складаецца з людзей, і ўсе яны розныя. Польшча, якая іншымі лічылася антысеміцкай краінай, дала тры тысячы праведнікаў. Ёсць праведнікі і ў Літве, і ў Германіі. Хіба можна зразумець, чым
кіраваліся тыя немцы, калі агулам існавала ідэя, што габрэі — ворагі? Гэта выключна пытанне чалавечнае і, на мой погляд, рэлігійнае. Аднойчы ў 1990-я ўручалася пасведчанне Праведніка
сялянцы, і ў яе запыталіся, ці мае яна нешта сказаць. Жанчына падышла да мікрафона і прамовіла: «Дзякуй габрэям, якія далі нам Хрыста». Такім чынам яна, рэлігійная жанчына,
спрабавала аддзячыць народу, які даў ёй веру. Мне падаецца пытанне «чаму?» нетактоўным.
Мяне ўразіла адна жанчына. У вайну ёй было 14 гадоў, жыла яна з сястрой і яе мужам. Яшчэ да вайны сястры дапамог доктар-габрэй. Калі стварылі гета, сястра папрасіла яе знайсці таго доктара і
чым-небудзь яму дапамагчы. Гэта дзяўчынка чапляла зорку Давіда і ішла ў гета. Я пыталася, няўжо вы не баяліся, не разумелі, што вас могуць застрэліць? На што пачула адказ: калі не я, то хто іншы
дапамог бы яму?
Праведнік свету Мікалай Кісялёў. Былы камандзір партызанскага атрада «Мсцівец»,
які ў 1942 г. вывеў з в. Далгінава за лінію фронта 218 габрэяў
Ёсць выпадкі, калі габрэяў ратавалі цэлымі вёскамі. Жанчыну-габрэйку, урача, ратавала па чарзе ўся вёска. Усе ведалі, хто яна такая, але ўсе маўчалі. Не думаю, што кожны з гэтых людзей быў ідэальным,
але ніхто не выдаў гэту габрэйку. Гэта нават больш сур’ёзна, чым выпадкі, калі ратавалі дзяцей, бо іх заўжды больш шкада, у пэўнай ступені і лягчэй гэта рабіць.
Мне падаецца, што няма іншага народу, які б ставіўся так добра да габрэяў, як беларусы. Нават самі габрэі да сябе кепска адносяцца. У адной з паездак па Беларусі, калі мы шукалі пахаванні габрэяў,
мясцовая жанчына правяла нас да могілак. І калі пачала называць іх імёны, проста расплакалася наўзрыд. І толькі прыгаворвала: «Вы б ведалі, як іх вялі па вуліцы». Яна бачыла, як
гэтыя габрэйскія сем’і вялі на расстрэл. Не думаю, што можна знайсці многа людзей, якія так шчыра будуць плакаць, згадваючы сваіх суседзяў-габрэяў.
— Гісторыкі сцвярджаюць, што фашысцкая ідэалогія, заснаваная на махровым антысемітызме і татальным знішчэнні габрэяў, за гады акупацыі здолела паўплываць і на адносіны мясцовага
насельніцтва да габрэяў. Ужо пасля вайны праявіўся антысемітызм на ўзроўні савецкіх уладаў. Таму, калі паўстала пытанне пошуку Праведнікаў, габрэі, якія выжылі ў акупацыі, не пісалі ў анкетах, не
згадвалі ў размовах пра тое, што знаходзіліся ў гета. І людзі, якія ратавалі габрэяў у гады вайны, імкнуліся схаваць гэтыя факты. Часам і сёння падчас размовы Праведнікаў з прадстаўнікамі габрэйскіх
арганізацый, якія хочуць правесці цырымонію ўзнагароджання па месцы жыхарства Праведніка, можна пачуць словы: «Лепш прыеду ў Мінск для ўзнагароджання. Тут не трэба распавядаць, што я ратаваў
габрэяў»...
— Адна з найбольш відавочных падстаў нелюбові да габрэяў — рэлігійная. І яна — адна з мацнейшых. Нават у нашы дні я асабіста чула ў цэрквах пропаведзі, калі габрэі наўпрост
называюцца ворагамі. Габрэі іншыя, і паводле знешнасці, і паводле гістарычна-культурнай традыцыі. Паняцце «іншы» для многіх тоесны паняццю «вораг». Габрэі жылі на
чужой тэрыторыі, захоўвалі свае традыцыі, не асіміляваліся, і гэта толькі падагравала нелюбоў. Я не гавару пра канкурэнцыю, зайздрасць. Калі габрэі з’явіліся ў Еўропе, то пачалі займацца
банкамі, займаць вольныя нішы. І нікога не хвалюе, што ты, магчыма, працуеш штодня. Пасля вайны бытавы антысемітызм пашырыўся. Сярод габрэяў было многа камуністаў. Не больш, чым іншых, але гэта,
канешне, кідаецца ў вочы. Габрэі ўваходзілі ў рэвалюцыю з чаканнем, што яна знішчыць усе класавыя і этнічныя абмежаванні. А калі селянін прыходзіў у райвыканкам, і перад ім сядзеў начальнік, які
наперш асэнсоўваў сябе з уладай, і ў нечым адмаўляў, то ў чалавека складвалася ўражанне, што гэта яго, габрэя, рашэнне. Таму заклік «Забі габрэя!» меў на ўвазе — забі
ўладу. Нават выраз быў — жыдабальшавікі.
— Асабіста вы сутыкаліся з антысемітызмам?
— Канешне. Бытавы антысемітызм захоўваецца да гэтага часу. Можна змяніць палітычны лад, але значна цяжэй змяніць ментальнасць людзей. Мой бацька рускі, а сама я вырасла ў Беларусі, ведаю
мову, культуру. Але, як гаворыцца, б’юць не па пашпарту, а па мордзе...
— Сёння раз-пораз можна пачуць словы, што габрэі ўсё надумалі самі — і маштабы трагедыі, і Халакост.
— Адмаўленне Халакосту — модная з’ява. Але робіцца гэта з выключна палітычнымі мэтамі, каб падкрэсліць, што габрэі не патрэбныя і някепска было б з імі і зараз разабрацца.
Тыя, каго няма, нічога пра Халакост расказаць не могуць. Хто засталіся — гавораць, але нясмела. Савецкі генерал Васіль Пятрэнка, калі прыйшоў са сваімі войскамі ў Асвенцым, быў уражаны
ўбачаным. Так, там знішчаліся ўсе, але, калі больш за 80 працэнтаў вязняў — былі габрэі, то не магчыма пра гэта маўчаць. Шэсць мільёнаў забітых габрэяў, якіх знішчылі толькі за тое, што яны
такімі нарадзіліся, — хіба гэта не Халакост?
— Ці падтрымлівае беларуская дзяржава вашу працу ў пошуку Праведнікаў, ці дапамагае развіваць габрэйскую культуру?
— У нас ёсць праект па ўшанаванню памяці, які прадугледжвае ўсталяванне на месцах знішчэння габрэяў памятныя знакі. З дапамогай фонду Лазарусаў было ўстаноўлена каля сарака такіх знакаў.
Падчас адзначэння 65-годдзя Мінскага гета з дапамогай дзяржавы было пастаўлена некалькі помнікаў у Мінску на месцах масавага пахавання габрэяў. Мы выдалі першую кнігу «Праведнікі народаў
свету Беларусі». На другое, дапоўненае выданне пакуль няма сродкаў. Нядаўна пры падтрымцы Нацыянальнага архіва Беларусі была выдадзеная кніга «Сведчаць каты. Знішчэнне габрэяў на
акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гг.». Што тычыцца культуры, то сёння ніхто не абмежаваны ў развіцці культуры, іншая справа, што гэтае развіццё ідзе толькі за кошт саміх
нацыянальнасцяў.
— Наколькі габрэйская культура адкрытая да абмену, супрацоўніцтва?
— Быў перыяд, калі габрэйская нацыянальная культура не прызнавала ніякіх іншых культурных дадаткаў. Ёй трэба было выжыць, а для гэтага нельга было змешвацца з іншымі, бо гэта прывяло б да
асіміляцыі. Але паколькі габрэйская культура не жыве сёння аўтаномна, ёсць адбор... Але важна разумець, што такое габрэйская нацыянальная культура. Сёння гэта ў першую чаргу культура на мове іўрыт
— менавіта Ізраіль, культура, якая там захавалася. Ідыш сёння мала хто ведае, нямнога засталося і з народнай творчасці. Але засталася рэлігія. І менавіта яна дае нацыянальную самасвядомасць.
Не абавязкова, што чалавек мусіць быць рэлігійным, але звычайна прытрымліваецца нейкіх агульных традыцый, нормаў.
Беларусь з вынішчэннем габрэйства страціла вельмі многа, цэлы культурны слой. Многія беларусы добра ведалі ідыш, бо суіснавалі ў адной прасторы з габрэямі і мусілі ведаць мову адно аднаго, каб
камунікаваць. У нас у Бабруйску па суседству жыла сям’я, якая размаўляла на ідыш. Я заўжды лічыла іх габрэямі, і толькі калі мы выраслі, выпадкова даведалася, што яны — беларусы.
Калі сёння ўявіць, што Беларусь — толькі для беларусаў, мне падаецца, гэта будзе вельмі сумным. Калі ў сям’ю, род не трапляе новая кроў, новыя нацыі, то адбываецца паступовае
выраджэнне. Так і тут — напаўненне іншымі культурамі нацыянальнай культурай вельмі важна.
Цяперашні перыяд у развіцці габрэйскай культуры ў Беларусі вельмі складаны. Узнікла новая габрэйская культура на рускай мове. Гэта нонсенс. Бо ў прынцыпе калі няма мовы, то і няма культуры.
— Тое ж можна сказаць і пра беларускую культуру...
— На жаль, так. Я вельмі засмучоная, што ў Беларусі дзве мовы. Я лічу, што мусіць быць адна — беларуская. Памятаю той момант, калі беларуская была абвешчана дзяржаўнай, і людзі
пачалі размаўляць, чытаць... а пасля аб’явілі другую. Не хочацца ўлазіць у гэта, але ж цяпер не засталося нават беларускіх школ. Нядаўна ў метро маленькая дзяўчынка размаўляла з татам
па-беларуску. Увесь вагон змоўк і слухаў іх. Але чаму гэтая праблема нікога не хвалюе? Баюся, што аднойчы ААН запытаецца ў нас, чаму мы называемся Беларуссю, калі няма мовы.