«Калі б не жнівень, мы б ніколі не пасябравалі»
Да жніўня 2020 года Ляхавічы жылі звычайным жыццём невялікага раённага цэнтра. Пасля выбараў сітуацыя змянілася. Акрамя мірных акцый пратэсту гэты горад набыў, бадай, самае галоўнае — салідарнасць і сяброўства паміж людзьмі, якім не ўсё адно.
«Ляхавічы не выходзілі ні ў 1996 годзе, ні ў 2010-м»
Да жніўня людзі ведалі адно аднаго толькі ў твар. Бліжэй пазнаёміліся тады, калі стаялі разам у ланцугах салідарнасці і на мірных акцыях пратэсту.
Сяргей да 9 жніўня працаваў гукарэжысёрам у мясцовым Доме культуры, аднак звольніўся на наступны дзень пасля выбараў. Анатоль больш за дзесяць гадоў не працаваў на дзяржаўнай працы і прынцыпова не плаціў падаткі. Да Люсі пасля першай акцыі пратэсту прыйшоў сын і сказаў, што там б’юць людзей, таму ўсе мусяць быць у цэнтры горада…
Жыхароў горада затрымлівалі ў кавярні, калі яны заходзілі туды за кавай. Іх забіралі ў ІЧУ на беразе рэчкі пасля купання. На Дзень Волі іх затрымлівалі на падыходах да цэнтра і на лавах за чытаннем газет… Прытым. затрымлівалі і адпраўлялі на суткі тыя, каго добра ведаюць усе гараджане.
— Мы не ведалі адно аднаго да жніўня, — узгадвае Таццяна. — Але ж наколькі ўсе аказаліся таленавітымі людзьмі! Кожны чалавек сам па сабе аказаўся такім цікавым! Я ў тэме беларускасці — з 90-х гадоў. Таму дакладна магу сказаць: раней такога не было. Ляхавічы не выходзілі ні ў 1996, ні ў 2010 годзе.
Ляхавічы былі тым горадам, у якім у жніўні кіраўнік адміністрацыі выйшаў да пратэстоўцаў на дыялог. Праўда, хутка ў горада з’явіўся новы начальнік, дзеянні якога, як кажуць самі актывісты, з’ядналі нават тых, хто быў абыякавы да сітуацыі ў краіне агулам.
Забіралі на суткі наўпрост з працы
Андрэй працуе на мясцовым заводзе. Калі міліцыя хацела даць яму адміністрацыйны арышт, то за хлопцам прыязджалі ў пятніцу проста на працу. Забіралі — і трымалі ў ІЧУ да панядзелка. Так было некалькі разоў на працягу года.
— Я, як і большасць, быў супраць дзеючай улады і раней, — кажа Андрэй. — Але эпідэмія каронавіруса, калі ўлады нас кінулі, стала апошняй кропляй. На заводзе нас было двое неабыякавых. Магчыма, таму я думаў, што ў Ляхавічах нас мала.
Аказалася, нашмат больш, чым можна было б сабе ўявіць. Толькі ў ланцугах салідарнасці стаяла тысяча чалавек. Гэта 10% ад усяго насельніцтва горада!
— Я шмат працую, дадому прыязджаў толькі начаваць, — распавядае Андрэй. — Але пасля выбараў наша жыццё змянілася поўнасцю. Мы жылі ад паведамлення да паведамлення ў агульным чаце. Мы спаць не маглі, працаваць не маглі — ішлі як пад прымусам на працу…
Кіраўніцтва завода намагалася размаўляць з Андрэем.
— Мне гаварылі, што трэба быць больш лаяльным да ўлад. Ну, я адказваў: «Калі вам трэба, то будзьце больш лаяльнымі».
Размовы хутка скончыліся. А пазіцыя Андрэя не змянілася.
З’ехаў праз Мексіку ў ЗША
Сяргей Вечар разам з дзецьмі і жонкай ужо тры месяцы жыве ў ЗША. У Злучаныя Штаты сям’я вырашыла ехаць літаральна за пару дзён. Спачатку паляцелі ў Мексіку, а пасля — у ЗША.
Сяргей каля дзесяці гадоў адпрацаваў у мясцовым Доме культуры гукарэжысёрам, але звольніўся на наступны дзень пасля выбараў. Пасля звальнення ён намагаўся ўладкавацца ў БарГУ — была вакансія, тым больш, раней мужчына там працаваў. Яго кандыдатуру ўзгаднялі месяц, але ўзгадніць так і не атрымалася.
— Мяне судзілі тры разы. Але я ўсё адно працягваў адміністраваць чат, паўсюль падпісваўся сваім імем. Актывістаў у Ляхавічах звычайна садзілі на 72 гадзіны, пасля, асудзіўшы, давалі штраф.
Жонку Сяргея Вольгу затрымалі на акцыі, прысвечанай памяці Рамана Бандарэнкі. Тады некаторых людзей хапалі наўпрост з жалобнымі вянкамі і кветкамі, а пасля везлі ў РАУС.
— Вянкі і лампадкі на сталах у міліцыі выглядалі досыць сімвалічна, — узгадвае Вольга. — Мы разумелі, што кожны наш выхад — небяспечны. Але гэтае затрыманне было нечаканым.
Сяргей распавядае, што ў ЗША ён з сям’ёй зараз прысутны на кожнай акцыі салідарнасці з беларусамі.
«Мы павінны заплаціць гэты кошт»
Наогул, на працягу года з Ляхавічаў ад пераследу за мяжу з’ехалі некалькі сем’яў. Але некаторыя ўсё адно працягваюць жыць тут.
— З’ехаць не так проста, як падаецца, — распавядае Таццяна. — Тым больш, немаладым людзям. Немагчыма проста ўзяць і кінуць тут усё.
Таццяна працуе ў Ляхавічах настаўніцай.
— Пасля заканчэння ўніверсітэта я жыву тут. Яшчэ ў 1989 годзе я ўступіла ў партыю БНФ, таму тэма беларускасці для мяне не новая.
Таццяна памятае той дзень, калі ва ўсім горадзе было чуваць, што адбываецца ў цэнтры.
— Столькі людзей ніколі не было на плошчы. Плошча гула. Ты ідзеш і баішся, бо не ведаеш, што будзе далей… Уявіце, я злавіла сябе на думцы, што ў сваіх Ляхавічах я баюся… Але калі ты пачынаеш хадзіць кожны дзень, гэты страх паступова праходзіць. Напэўна, у жыцці цэніцца толькі тое, што здабываецца цяжкасцямі. У 1990-я ў нас былі і «Пагоня», і бел-чырвона-белы сцяг, але мала хто гэта цаніў. А цяпер наш сцяг — каштоўнасць. Яго ўжо ні на які не памяняюць. Мы як нацыя павінны заплаціць гэты кошт.
«Нешта павінна змяніцца»
Анатоль Кулік з Ляхавічаў, але доўгі час жыў у Глыбокім. Праўда, з жонкай разышліся, таму вярнуўся на радзіму.
— На пачатку 2000-х гадоў, калі я займаўся апазіцыйнай дзейнасцю, мяне напалохалі: сказалі, што дачка не зможа паступіць ва ўніверсітэт. Я тады сцяг у кішэню і схаваў… Але цяпер іншы час. Калі я толькі пабачыў чэргі па зборы подпісаў, дык вера з’явілася, што нешта павінна змяніцца.
Анатоль кажа, што з 2010 года нідзе афіцыйна не працаваў. Апошнім часам прадстаўнікі ўлады актыўна цікавіліся ў мужчыны, на якія грошы ён жыве, на што ён адказваў, што яму дапамагаюць неабыякавыя да яго людзі.
Акрамя штрафаў, якія Анатоль атрымліваў за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, ён адсядзеў яшчэ і 8 сутак у ІЧУ.
— Калі пачалася зіма, навалілася нейкая дэпрэсія, бо людзей стала выходзіць менш і менш, — узгадвае Анатоль. — Ніякай падпіткі не было. Цэлы месяц я дэпрэсаваў, а ў студзені — адвезлі ў рэанімацыю. Інсульт.
Пасля лячэння, каб хутчэй рэабілітавацца, урач параіў Анатолю больш шпацыраваць. Праз тыдзень, 25 сакавіка, выконваючы параду лекара, Анатоль шпацыраваў па горадзе.
— Дашкандыбаў я да цэнтра, як падыходзіць міліцыянер і кажа, каб я праехаў з ім, — кажа Анатоль. — Я выпрасіў слова афіцэра, што на суткі ён мяне не пасадзіць. Мяне пасадзілі ў "газель", спыталі, хто сцягі на дрэвы павесіў. Я яму нагадаў, што я вось тыдзень толькі як з бальніцы вярнуўся пасля інсульту. Але нават калі б ведаў хто, — пад пісталетам не сказаў бы.
Цяпер у Анатоля яшчэ не вельмі добра працуе рука.
— Але адно — паміраць не страшна. Самае страшнае не тое, калі забіваюць чалавека. Страшна — калі веру забіваюць.
Ратуе, што ўсе разам
На самой справе, многія рэчы, звязаныя з пераследам, актывісты ўзгадваюць з гумарам. Напрыклад, сябры ўспамінаюць адзін з «хапуноў», калі яны проста сустракаліся каля рэчкі папіць гарбаты. Тады адзін з сяброў — Віталь — схадзіў у краму і набыў там замарожаныя курыныя грудкі. Ён хацеў далучыцца да сяброў, але не паспеў: яго затрымалі на падыходах і пасадзілі на 72 гадзіны. Калі Віталь выходзіў, яму аддалі тую курыцу, што, праўда, ужо паспела за гэты час і размарозіцца. З гэтай курыцай, з якой цякла вада, яму давялося прайсці па калідорах да выхаду.
Таццяна гаворыць, што адной было б вельмі складана. А калі ў малым горадзе ёсць з кім падзяліцца думкамі — ты ўжо не адзін. Штрафы, якія прысуджаюць актывістам, аплачваюць усе. Бывае, скідваюцца нават на новы тэлефон, калі яго не аддаюць пасля вобшуку. Дапамагаюць адно аднаму з заменай сантэхнікі або з рамонтам.Адно шкада — цяпер яны не могуць нават разам выйсці ў горад, каб папіць кавы: мясцовая міліцыя адразу расцэньвае гэта як масавае мерапрыемства.
— Не шкадуеце, што было гэта ўсё? — пытаю ў грамады.
— Шкада толькі, што столькі людзей у турмах сядзяць… А калі б не жнівень, то мы б не пазнаёміліся, — кажа Люся. — Калі мяне выпусцілі з ІЧУ, мой тэлефон проста разрываўся — столькі было слоў падтрымкі і ўдзячнасці! Пасля гэтага яшчэ больш хацелася рабіць нешта добрае, хоць падаецца, што я нічога такога і не зрабіла.
Ад гэтага, напэўна, і вырастаюць крылы. Ад гэтага і не можаш вярнуцца ў звычайнае жыццё і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца ні ў краіне, ні ў горадзе… Так, тое, за што сотнямі яны выходзілі ў цэнтр горада, яшчэ не паўтарылася. Але сяброўства некалькіх дзясяткаў гараджан трымае іх, нібыта на крылах: яны ў гэтым горадзе — не самотныя.