Калісьці ГУЛАГ, сёння — папраўчая калонія. Беларускія «палітычныя» трапляюць у працоўныя лагеры
Калонія — асноўная форма пакарання людзей, асуджаных у крымінальных справах, але цяпер туды трапляе ўсё больш праціўнікаў улады Аляксандра Лукашэнкі. Іх судзяць за такія злачынствы, як арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках, напад на сілавікоў і хуліганства. Што ўяўляюць з сябе беларускія месцы пазбаўлення волі, распавядае «Белсат».
Даказаць такія паводзіны абвінавачанага для беларускіх судоў — не вялікая праблема. Арганізацыя беспарадкаў можа быць звычайнай журналісцкай працай, як у выпадку з журналісткамі «Белсата». Удзел у масавых беспарадках азначае выезд на дарогу падчас пратэсту і блакаванне грамадскага транспарту. Напад на міліцыянта — гэта зрыванне балаклавы з галавы альбо ўдар па міліцэйскай машыне. Нарэшце, хуліганства, за якое можна трапіць у калонію на некалькі гадоў, — гэта напісаныя на асфальце словы «Не забудзем».
Папраўчая калонія — гэта непасрэдная прадаўжальніца традыцый савецкіх працоўных лагераў. І хаця сёння голад і холад не забіваюць зняволеных, ленінская максіма «хто не працуе, той не есць» працягвае дзейнічаць.
Карныя калоніі афіцыйна называюць папраўча-працоўнымі. У цяперашнім выглядзе яны былі створаныя ў 1956 г., калі ГУЛАГ (Галоўнае ўпраўленне лагераў), раней падпарадкаваны Міністэрству ўнутраных справаў СССР, а перад гэтым НКВД, быў распушчаны пасля смерці Сталіна. Лагеры не зніклі, а былі перададзеныя пад кантроль міністэрстваў унутраных спраў асобных савецкіх рэспублік і такім чынам захаваліся па сённяшні дзень у Беларусі, Расіі ды іншых краінах былога СССР.
У Беларусі такіх калоній 16. Але гэта не самы цяжкі варыянт пазбаўлення волі. Небяспечныя рэцыдывісты альбо забойцы, асуджаныя на пажыццёвае зняволенне, трапляюць у турмы, дзе жывуць у закрытых камерах, з якіх не выходзяць нават каб паесці. У турму таксама могуць трапіць тыя, каму быў прысуджаны тэрмін у калоніі, калі іх прызнаюць парушальнікамі правілаў унутранага распарадку.
Суды накіроўваюць вязняў у калоніі звычайнага, узмоцненага і строгага рэжыму. Аднак гэта азначае, што асуджаны можа быць накіраваны ў любую калонію краіны, а адрозненні вынікаюць з умоў пазбаўлення волі. Яны адрозніваюцца сумай грошай, якую асуджаны можа выдаткаваць у краме, колькасцю спатканняў са сваякамі, пасылак і бандэролей, якія ён можа атрымаць. Усё астатняе, у тым ліку ежа, аднолькавыя.
Ёсць два выключэнні. Першае — гэта калонія асаблівага рэжыму ў Глыбокім, куды трапляюць асабліва небяспечныя рэцыдывісты і асуджаныя да смяротнага пакарання. Другое выключэнне — асуджаныя за ўжыванне і незаконны абарот наркотыкаў, якія трапляюць у калонію № 22 пад Баранавічамі (жаргонная назва — «Воўчыя норы»).
Стварэнне гэтай калоніі — вынік асабістага рашэння Аляксандра Лукашэнкі, які пасля паведамлення пра хвалю смярцей, выкліканых «спайсамі», узмацніў пакаранне за наркотыкі. Ён таксама загадаў стварыць калонію для вытворцаў і гандляроў наркотыкамі з умовамі, якія прымусяць зняволеных «прасіць смерці». Акрамя звычайных дылераў туды на 8–10 гадоў трапляюць людзі, якія пачаставалі знаёмых «касяком». Міліцыя разглядае такі пачастунак не толькі як захоўванне, але і як распаўсюд наркотыкаў.
«Новаўвядзенне» адміністрацыі калоніі, запазычанае з іншага часу, — гэта адзначэнне «наркаманаў» асаблівай зялёнай нашыўкай з імем і нумарам зняволенага.
Правы і абавязкі зняволеных выкладзеныя ў правілах унутранага распарадку. Напрыклад, яны не могуць удзень ляжаць на нарах без дазволу, мець вусы і бараду, гуляць у азартныя гульні, гандляваць з іншымі зняволенымі, развешваць плакаты на сценах, выкарыстоўваць мянушкі і рабіць татуіроўкі. Некаторыя правілы, напрыклад, забарона ляжаць на ложку, строга выконваюцца, а на іншыя, напрыклад, татуіроўкі, улады глядзяць скрозь пальцы.
Асуджаныя да калоніі абавязаныя працаваць. Часцей за ўсё гэта адбываецца на фабрыках, размешчаных у калоніі. Правы зняволеных ахоўваюцца працоўным заканадаўствам. Вязні атрымліваюць заробкі. Насамрэч яны атрымліваюць у найлепшым выпадку мінімальную зарплату у 388 рублёў, з якой вылічваюцца сродкі на ўтрыманне. Такім чынам, часта яны застаюцца ні з чым. Адмова ад працы лічыцца парушэннем правілаў.
Зняволеныя працуюць на швейных фабрыках, лесапільных заводах, металаапрацоўчых прадпрыемствах і нават могуць засвоіць новую прафесію. Аднак часам яны выконваюць некваліфікаваную працу: зачыстка кабеляў, дэмантаж машын на металалом, альбо нават небяспечную для здароўя — як, напрыклад, перапрацоўванне гумы з апонаў. Пенсіянеры, якія трапляюць на «зону», працаваць не мусяць, але з іх пенсіі таксама вылічваюцца сродкі на ўтрыманне.
Самы вядомы палітвязень, які прайшоў шлях ад калоніі да турмы, — Мікалай Статкевіч, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». У 2011 годзе ён быў асуджаны на 6,5 гадоў пазбаўлення волі за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Лукашэнка прызнаў яго лідарам акцый пратэсту пасля выбараў 2010 года, і палітык атрымаў самы жорсткі прысуд з усіх палітвязняў.
Пра свае ўражанні ад перабывання ў калоніі Статкевіч расказаць нам не меў магчымасці. З канца траўня мінулага года ён застаецца пад вартай, бо абвінавачваецца ў «падрыхтоўцы беспарадкаў». Статкевіча арыштавалі больш чым за два месяцы да выбараў, а яго затрыманне стала прадвесцем маштабнай хвалі рэпрэсій, якой Беларусь яшчэ не бачыла. Яго жонка Марына Адамовіч распавяла пра перабыванне апазіцыянера ў калоніі.
Статкевіч трапіў не ў абы-якую калонію — а ў калонію №17 у Шклове, якую Адамовіч называе «прыдворнай». У 1980-х гадах намеснікам дырэктара Шклоўскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, філія якога размяшчаецца на тэрыторыі лагера і выкарыстоўвае працу зняволеных, быў сам Лукашэнка. Некаторыя сцвярджаюць, што ён таксама быў штатным супрацоўнікам самой калоніі, але пацверджання гэтаму ў яго афіцыйнай біяграфіі няма.
Адамовіч нагадвае, што ў мове, якую выкарыстоўвае Лукашэнка, часта сустракаюцца фразы турэмнага жаргону. Напрыклад, ён любіць паўтараць, што ніхто не зможа «нахіліць» Беларусь (па-расійску: «наклонить») — гэты тэрмін непасрэдна адносіцца да гомасексуальнага згвалтавання ў турме. Магчыма, гэта якраз след тых сувязей, якія калісьці былі ў Лукашэнкі з калоніяй.
Акурат перад сценамі былога «працоўнага месца» тагачасны беларускі прэзідэнт меўся зрабіць беларускім палітвязням прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца: адправіць усіх у ЕС узамен за падпісанне просьбы аб памілаванні. Аднак Статкевіч адмовіўся, што ператварыла яго жыццё ў калоніі ў кашмар.
— Мужа адправілі на лесапільню, дзе ён цягаў ствалы на перапрацоўку. Гэта была вельмі цяжкая праца, падчас якой здараецца мноства траўм. Звычайна на яе накіроўваецца моладзь. Мікалай быў значна старэйшы (тады яму было 55 гадоў. — Belsat.eu). Напрыклад, яму не выдалі спецыяльнага абутку, які, у адпаведнасці з законам, павінен быць узмоцнены сталёвай пласцінай, і ён цягаў тыя ствалы ў гумовых шлёпанцах, — кажа яна.
Жонка апазіцыйнага актывіста нагадвае, што з самага пачатку яго перабывання ў калоніі Мікалай зазнаваў велізарны ціск з боку адміністрацыі. Яна кажа, што для ўскладнення яго жыцця выкарыстоўваліся разнастайныя фармальныя і нефармальныя метады. Напрыклад, да яго падсаджвалі зняволеных, вядомых сваёй жорсткасцю і агрэсіяй. Такіх зняволеных заахвочваюць атакаваць сукамернікаў, паказаных наглядчыкамі, — ім пагражаюць збіццём, згвалтаваннем. Яны арганізоўваюць правакацыі, што вядуць да бойкі — за якую, аднак, караецца не той, хто яе пачаў, а той, на каго ўз’елася адміністрацыя. Каб прынізіць зняволенага, наглядчыкі перад усім падраздзяленнем чыталі яго лісты да жонкі. Знаходзіліся найменшыя прычыны, каб абвінаваціць яго ў «злосным парушэнні правілаў».
— Муж быў прыцягнуты да адказнасці за дрэнна прышытую нашыўку з нумарам. Яна адпаролася, калі ён быў у карцары, дзе ў яго не было іголкі з ніткай, — кажа Адамовіч.
Для парушальнікаў правілаў прадугледжаныя штрафныя санкцыі. Можна нават трапіць на 15 дзён у карцар (ён жа ШІЗА — штрафны ізалятар). Гэта невялікі пакой без доступу дзённага святла, з ежай раз на дзень. Для больш небяспечных, на думку адміністрацыі, выпадкаў прадугледжанае ПКТ (памяшканне камернага тыпу) — гэта звычайная турэмная камера. Так зняволены губляе тое, што з’яўляецца самай вялікай «перавагай» пакарання ў калоніі — магчымасць выйсці на вуліцу ў вольны час. Аднак часам для зняволеных, якіх адміністрацыя ці іншыя зняволеныя асабліва не любяць, перавод туды можа стаць сапраўдным выратаваннем.
Пра гэта ў сваіх лістах даводзіў нядаўна вызвалены праваабаронца Міхаіл Жамчужны, які адбыў 6 гадоў калоніі. Каб зрабіць яго жыццё максімальна цяжкім, адміністрацыя турмы размеркавала яго ў брыгаду, якая складалася з гэтак званых "апушчаных" — зняволеных з самым нізкім статусам у нефармальнай турэмнай іерархіі. Гэта азначала, што для іншых зняволеных такі чалавек аўтаматычна робіцца падобным да пракажонага і пазбаўляецца якіх-небудзь правоў. Жамчужны, адмовіўшыся працаваць у такой брыгадзе, аўтаматычна трапіў у карцар, а затым быў пераведзены ў ПКТ, дзе, як ён сцвярджаў, яго нарэшце пакінулі ў спакоі.
Калі ў Статкевіча назбіралася некалькі правіннасцей, яго прыцягнулі да суда, які павінен быў пакараць «злоснага парушальніка». Як распавядае Адамовіч, суд праходзіў у калоніі, і, нягледзячы на просьбы пра допуск грамадскасці, у ім мог удзельнічаць толькі адвакат.
— У выніку майго мужа з калоніі адправілі ў турму, дзе ён правёў першы год зняволення ва ўмовах павышанай строгасці. Гэта азначала, што за ўвесь гэты час ён мог атрымаць толькі адну бандэроль (пасылку да 2 кг) і адно кароткае спатканне.
Аднак жонка апазіцыйнага актывіста падкрэслівае, што ў прынцыпе звычайныя зняволеныя добра ставяцца да палітвязняў. Часам яны нават зайздросцілі Мікалаю за атрыманне такой моцнай вонкавай падтрымкі:
— Ёсць гісторыя, якая дагэтуль выклікае ў мяне слёзы эмоцый і ўдзячнасці. Праз два месяцы пасля пераводу майго мужа ў калонію ў Шклове прыпала яго 50-годдзе. Адміністрацыя прыняла «спецыяльныя меры», каб зрабіць святкаванне немагчымым і каб ніхто не мог нічога яму пажадаць. Яго нават вадзілі пад канвоем, каб ніхто не мог падысці бліжэй. Але варта было канваірам адвярнуцца, як на ложку ці тумбачцы з’яўляліся падарункі. Людзі стараліся хоць нешта яму даць. Штосьці, што ў іх было: аловак, ручку, кавалачак шакаладу ці цукерку. Знаёмыя з суседняга аддзялення ўпотай зрабілі торт і перадалі яму. Чалавек, якога, як гаворыцца, «не грэлі з волі», гэта значыць не было каму адпраўляць яму пасылкі, пакінуў яму кавалак хлеба, — распавядае Адамовіч.
Жонка палітвязня ўспамінае, што Мікалай мала скардзіўся на ўмовы жыцця ў калоніі. Апазіцыянер як былы вайсковец значную частку жыцця правёў у казармах, што палегчыла прызвычайванне да перабывання ў працоўным лагеры.
— Турма была для яго значна горшай. Гэта былі два гады, калі ты не бачыш ні сонца, ні дрэў, не можаш прайсціся па голай зямлі. На ўсе спатканні яго вялі па нейкіх падземных калідорах. Шпацыры? Адбываліся на даху будынку. Гэта была камера з высокімі сценкамі, з калючым дротам і кратамі замест даху, праз якія можна было ўбачыць кавалак неба, — кажа яна.
На яе думку, у сітуацыі, калі адміністрацыя мае практычна неабмежаваныя магчымасці ціснуць на зняволеных, «палітычныя» — гэта адзіны шанец для шырокага інфармавання пра пераслед.
Адзіная палітзняволеная жанчына, якую накіравалі ў калонію, — мінская праваабаронца Кацярына Садоўская. У 2006 г. яна была асуджаная на два гады калоніі за сумнеў у псіхічным здароўі прэзідэнта Беларусі, што суд палічыў паклёпам на кіраўніка дзяржавы. Сітуацыю можа змяніць вырак журналісткам «Белсата», асуджаных на два гады калоніі.
У Беларусі ёсць дзве жаночыя калоніі: у Гомелі для ўпершыню затрыманых і ў Рэчыцы для паўторных парушальніц. Жанчын не саджаюць у турму і не могуць прысудзіць да смяротнага пакарання.
Садоўская апынулася ў гомельскай калоніі. Яна ахарактарызавала ўмовы на месцы як «такія сабе». Яе аддзяленне складалася з пенсіянерак і маці, якія выкормліваюць немаўлят. Паводле яе слоў, многія зняволеныя, асабліва маладыя жанчыны, апынуліся там па ўласным жаданні — бо не мелі працы.
— Летам яны яшчэ маглі ў некага перакантавацца альбо займаліся падпрацоўкамі, але ўвосень стараліся забяспечыць сабе паўгадавое пакаранне. Яны здзяйснялі нязначнае злачынства і так жылі да наступнага лета.
Былі і выпадкі зусім камічныя, распавядае Садоўская:
— Адна з жанчын сядзела за тое, што прадала галаву забітай свінні і не падзялілася грашыма з мужам. Муж паведаміў пра гэта міліцыі, і яе пасадзілі на год. Усе смяяліся. Бо ён хацеў усяго толькі яе напалохаць. Ён нават спрабаваў выцягнуць яе, але не здолеў.
Яшчэ адна зняволеная трапіла ў калонію за разбурэнне магілы. Яна пазычыла грошы суседу, але той памёр, не паспеўшы іх аддаць. Як расказвае Садоўская, жанчына пайшла на могілкі і пачала тузаць крыж на магіле з крыкамі «аддай грошы». Вянкі паваліліся і запаліліся ад свечак.
Пенсіянеркі часта траплялі за краты за перавышэнне абароны падчас сварак з мужамі.
Садоўская кажа, што, быўшы адзінай палітычнай зняволенай, яна карысталася павагай сярод сваіх сукамерніц.
– Асабліва маладзейшыя хадзілі за мной табунамі. Начальства бегала за мной і крычала: «Садоўская, перастаньце агітаваць людзей». А я ім: «Лепш, чым Лукашэнка, ніхто іх не загітуе». Я атрымлівала шмат газет. Як толькі паштальён перадаваў канверт, астатнія вырывалі ў мяне газету, і я чытала яе апошняй. Усе яны пачалі цікавіцца палітыкай.
Як падкрэслівае Садоўская, за «палітычны» прысуд яе не пераследавалі. Адзінае, адміністрацыя адклала яе ўмоўна-датэрміновае вызваленне на месяц.
Садоўская кажа, што ў жаночай калоніі такога панятку, як іерархія зняволеных, няма. Адзіная субкультура, якая вылучаецца, — гэта асуджаныя-лесбіянкі.
— Звычайна аддзяленні былі адасобленыя, таму гэтыя жаночыя пары не маглі быць разам. Але калі, напрыклад, яны траплялі ў спецыяльны аддзел падчас медаглядаў, то сядалі разам, абдымаліся і шапталіся.
На сённяшні дзень асноўнае жаночае працоўнае месца — швейны пакой. Садоўская сцвярджае, што зняволеныя таксама шылі «налева» на замову начальства, якое потым выгадна прадавала гэтую прадукцыю. Сюды, імаверна, і трапяць журналісткі «Белсата», калі суд адхіліць іх апеляцыі.
Паводле яе, паміж зняволенымі панавалі нармальныя адносіны, хаця і адбываліся бойкі. Быў таксама выпадак, калі адна адну параніла нажніцамі. Для такіх выпадкаў, як і ў мужчынскіх калоніях, быў прадугледжаны карцар. Аднак быў і іншы від пакарання. Звонку, пад адкрытым небам, стаяла клетка, у якой зачынялі «непаслухмяных» асуджаных, часам нават на цэлыя суткі пад дажджом ці снегам.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае ў сваім дакладзе, што «невялікі беларускі архіпелаг ГУЛАГ» — важная крыніца даходаў дзяржавы. У 2018 годзе зняволеныя прынеслі 11,7 мільёна рублёў чыстага прыбытку. Частка прадукцыі, вырабленай зняволенымі, экспартуецца за мяжу. Адна толькі дрэваапрацоўчая кампанія, якая вырабляе ДСП IK 20, экспартавала сваю прадукцыю ў 19 краін, у тым ліку ў Польшчу і 10 краін ЕС.
— Удзел еўрапейскіх кампаній у эканамічных адносінах з турэмнымі прадпрыемствамі, дзе парушаюцца правы чалавека і ў якіх выкарыстоўваецца прымусовая ці нават рабская праца зняволеных, здзіўляе, — адзначаюць у сваім дакладзе праваабаронцы.