Следчы камітэт завёў новыя крымінальныя справы на Мікалая Дзядка
Следчы камітэт распачаў новыя крымінальныя справы ў дачыненні да актывіста і аўтара «Новага Часу» Мікалая Дзядка. Яны расследуюцца па артыкулах за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Раней СК расследаваў справу ў дачыненні Дзядка па арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Паводле інфармацыі СК, атрыманы доказы датычнасці Дзядка да здзяйснення злачынстваў па гэтым артыкуле, піша REFORM.by.
Цяпер матэрыялы тэлеграм-канала Дзядка сталі падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»). У паведамленні СК тэлеграм-канал названы радыкальным. Сцвярджаецца, што ў ім публікаваліся заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках, асабістыя даныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заклікі да пагроз, гвалту і абразы супрацоўнікаў міліцыі, журналістаў і дзяржаўных служачых.
Пры затрыманні Дзядка ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна былі канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, што стала падставай для справы паводле ч. 1 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паразлівае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»).
Мікалай Дзядок застаецца пад вартай.
Нагадаем, паводле існуючай інфармацыі, пры затрыманні Дзядка катавалі, а бутэлькі з гаручымі рэчывамі яму падкінулі. Пры гэтым сілавікі прадпрымалі дзеянні, каб на тых бутэльках застаўся біялагічны матэрыял Дзядка.
Дзядок прызнаны праваабаронцамі палітвязнем.