Камусьці не пашанцавала…
Сапраўды, камусьці пашанцавала на гэтым тыдні, а камусьці — не. Што зробіш — звычайнае жыццё. Але гэтым разам тым, каму пашчасціла, пашчасціла вельмі крута. А тым, каму не пашчасціла — таксама аблом выйшаў капітальны.
Сапраўды, камусьці пашанцавала на гэтым тыдні, а камусьці — не. Што зробіш — звычайнае жыццё. Але гэтым разам тым, каму пашчасціла, пашчасціла вельмі крута. А тым, каму не пашчасціла — таксама аблом выйшаў капітальны.
Моцна пашанцавала зняволеным. Зараз мы ўжо ўпэўненыя, што амністыя ў гэтым годзе адбудзецца, бо 12 чэрвеня Лукашэнка правеў нараду па пытаннях амністыі. Паводле папярэдніх ацэнак, з месцаў
пазбаўлення волі могуць выйсці прыблізна 2,8 тысячы чалавек. Больш як 7 тысяч асуджаных плануецца ў межах амністыі скараціць на год тэрмін пакарання.
Калі прапанаваны варыянт закона будзе ўхвалены прэзідэнтам, ужо ў ліпені на волю выйдуць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, інваліды I і II
груп, хворыя на анкалагічныя захворванні, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС, а таксама ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.
Акрамя таго, ад пакарання могуць быць вызвалены асобы, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і злачынствы, што адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, але пры ўмове
кампенсавання прычыненага ўрону.
А вось каму не пашанцавала, дык гэта палітычным вязням. Наўрад ці хто з іх патрапіць пад гэтую амністыю. "Мы праводзім амністыю ў нашай дзяржаве і для нашага грамадства. Гэта і сігнал
грамадству, і заахвочванне зняволеных. Ніякай палітыкі тут быць не павінна", — заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што "ўсё павінна быць сумленна". "Для гэтага трэба
вызначыць крытэрыі. Згодна з гэтымі крытэрыямі мы і павінны дзейнічаць: хтосьці трапляе пад амністыю па гэтых крытэрыях, ці для яго тэрмін адбывання пакарання павінен быць скарочаны. І
"нацягваць" туды людзей, якія не павінны выходзіць, у тым ліку паводле нейкіх палітычных матываў, ні ў якім выпадку нельга", — сказаў Лукашэнка.
Праваабаронцы, між тым, самі адзначылі, што шанцы на вызваленне "палітычных" вельмі малыя. Зыходзячы са стандартных тэкстаў законаў аб амністыі, пад яе трапляюць тыя, хто асуджаны
першы раз, паўстаў на шлях выпраўлення, не мае спагнанняў у калоніі і маёмасных або фінансавых прэтэнзій. Але практычна ж усе палітзняволеныя — "злосныя парушальнікі, якія не ўсталі
на шлях выпраўлення". Напрыклад, Статкевіч і Аўтуховіч былі за парушэнні ў калоніі пераведзены ў крытыя турмы, Мікалай Дзядок знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, на Эдуарда Лобава
"павесілі" парушэнні ў калоніі, асуджаныя анархісты ўчынілі "асабліва небяспечныя дзеянні", Дзмітрый Дашкевіч не вылазіў са штрафных ізалятараў, як і іншыя
асуджаныя.
Больш за тое, усе "знакавыя" палітзняволеныя — такія, як Дашкевіч, Севярынец, Аўтуховіч, Статкевіч, — ужо былі судзімыя раней, і да іх у той ці іншай форме амністыя
ўжо была прыменена. Другі раз, бо яны "рэцыдывісты", амністыя да іх не прымяняецца.
Але надзея ўсё ж памірае апошняй. Прыкладам, праваабаронца Алег Волчак чакае тэксту ўказу аб амністыі. Ён не выключае юрыдычных казусаў, бо той жа Аўтуховіч, з аднаго боку, ветэран баявых дзеянняў на
тэрыторыі іншых дзяржаў, а з іншага — "рэцыдывіст і злосны парушальнік". Як у гэтым сэнсе будзе выконвацца амністыя, невядома.
У той жа час не пашанцавала і самому Лукашэнку. Заявы пра амністыю і адсутнасць "палітыкі" ён зрабіў у той час, калі ў Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі службы знешнепалітычнай
дзейнасці Еўрасаюза Джон К’яер і Стэфан Трэсінг. Яны сустрэліся з прадстаўніком Міністэрства замежных спраў, актывістамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, а таксама з акрэдытаванымі ў
Мінску пасламі краін Еўрасаюза. Актывістам грамадзянскай супольнасці яны заявілі, што Еўрасаюз вітае вызваленне Дзмітрыя Бандарэнкі і Андрэя Саннікава, але гэта не азначае, што пытанне
палітзняволеных знятае з парадку дня. І пакуль у Беларусі не застанецца ніводнага палітзняволенага, да таго часу яно будзе прыярытэтным для Еўропы.
Паводле вынікаў візіту ў Мінск К’яер і Трэсінг падрыхтуюць даклад аб сітуацыі ў Беларусі, які будзе пакладзены ў аснову рашэнняў Савета міністраў краін ЕС адносна Беларусі.
Не пашанцавала замежным гасцям Беларусі. У нашу краіну не змаглі трапіць некаторыя ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі Партыі еўрапейскіх левых (ПЕЛ) "Дэмакратыя і эканамічны крызіс",
што адбылася ў Мінску 9–10 чэрвеня. Візавыя службы Беларусі адмовілі ва ўязных візах Іржы Худзерчыку з Чэхіі, а таксама Сяргею Юргенсу і Уладзіміру Кручыніну з Эстоніі. Яшчэ адзін удзельнік,
Педра Марсет Кампас з Іспаніі, прыляцеў у нацыянальны аэрапорт Мінск з надзеяй атрымаць візу непасрэдна там, але не змог гэтага зрабіць: яго аштрафавалі на 90 еўра і адправілі самалётам назад.
Але тым жа часам пашанцавала беларускім калегам ПЕЛ — Сяргею Калякіну і ягонай партыі "Справядлівы свет". Паводле слоў Калякіна, арганізатары "баяліся, што ў сувязі з
адмовай у выдачы віз выканкам ПЕЛ прыме рашэнне аб нямэтазгоднасці правядзення канферэнцыі ў Мінску". "Але, наадварот, у гэтай сітуацыі ПЕЛ вырашыла актывізаваць і пашыраць магчымасці
правядзення мерапрыемстваў тут, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў. Улады сваімі мерамі саслужылі сабе дрэнную службу, а для нас зрабілі паблісіці ў многіх еўрапейскіх краінах. У Еўропе лічылі
Лукашэнку з яго рыторыкай ледзь не сацыялістам, а гэтыя дзеянні проста выкрылі яго самога", — мяркуе Сяргей Калякін.
Не пашанцавала вайскоўцам. У Гродзенскай вобласці 12 чэрвеня разбіўся ваенны самалёт Су–25 116-й штурмавой авіябазы. Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, крушэнне адбылося пры выкананні
планавых палётаў у раёне авіяцыйнага палігона. Загінуў пілот — ваенны лётчык 1-га класа падпалкоўнік Мікалай Грыднеў. З-за гэтага загадам міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна ўведзена
забарона на палёты ўсёй авіяцыі Узброеных сіл. Забарона на палёты будзе дзейнічаць да заканчэння работы камісіі, якая займаецца расследаваннем прычын катастрофы штурмавіка.
З 30 жніўня 2009 года, даты першай катастрофы ў беларускай ваеннай авіяцыі з чалавечымі ахвярамі пасля больш чым 12-гадовага паспяховага перыяду, ВПС і войскі СПА Беларусі страцілі ўжо восем лётчыкаў
і пяць баявых машын.
Але ж, тым не менш, размова аб адмене паветранага складніка ваеннага парада ў гонар Дня Незалежнасці 3 ліпеня не ідзе, і ваенная авіяцыя будзе на ім прадстаўленая. "Усё, што было запланавана,
усё застаецца. Будуць адбывацца палёты, падрыхтоўка авіяцыі, усё іншае", — кажа кіраўнік прэс-службы міністэрства Уладзімір Макараў.
Так што на парад хадзіць не варта. Калі на вас не зваліцца самалёт — лічыце, вам пашанцавала.