Экстрэмісцкімі прызнаныя старонкі беларускіх дыяспар у сацсетках. Хронікі рэпрэсій 4 верасня
Адразу шэраг старонак у Facebook прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гаворка пра старонкі: «Libertas Belarus», «Грамадзянская iнiцыятыва беларусау у Фiнляндыi», «Sveriges Belarusier / Беларусы Швецыi», «Belarusians in San Francisco Bay Area / Беларусы Сан Францыска Бэй Эрыi», «Беларусы ў Парыжы Belarusians in Paris», «Belarusian Canada / Беларусы Канады», «Siabry.оrg – Беларусы свету», «Belarusy online | Беларусы анлайн».

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:
- сацсеткі расійскага блогера Іллі Варламава — яго YouTube-канал, Telegram-канал, а таксама старонкі ў Instagram, «X» i «Укантакце»;
- Telegram-каналы і чаты «Вiтзмагауцыa», «Акцыi Беларусау Варшавы»;«Libertas Belarus NRW», «Орг BY»;
- старонкі ініцыятывы «Платформа 375»;
- Instagram-старонкі «rushennie», «byschool2020», «bpla.group.volat», «legalizebelarus», «ej_kurwa_bober»;
- старонкі ў Facebook «Bez Buslou Arts», «Слова Беларуса», Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь»;
- друкаванае выданне «Лябёдка Iваноўскiх (Лябёдка Iваноўскiх : Дакументальная аповесць / Леанiд Лаўрэш)»;
- старонкі ў сацсетках праекту «Katolik.lifе». «Экстрэмісцкімі» прызнаны таксама лагатыпы, стыкеры і любыя выявы з сімволікай праекта;
- TikTok-старонкі «Роман Гладких», «Партызанская хваля», «Eh_Sania».
- старонкі ва «Укантакце» і «Аднакласніках» «Ивацевичи-Телеханы-Коссово»;
- інтэрнет-старонка «Razam.dе»;
- YouTube-канал «САМОДЕЛКА ДИЛЕТАНТА».
Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1757 дзён, Дзяніс Івашын — 1637 дзён.
Сілавыя структуры атрымалі права блакаваць інтэрнэт-рэсурсы
Пастанова № 476 «Аб парадку прымянення мер абмежавальнага характару» ўстанаўлівае «парадак абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу і прымянення мер абмежавальнага характару па спыненні, прыпыненні і аднаўленні аказання паслуг электрасувязі, інтэрнэт-паслуг», піша «Позірк».
Абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў змогуць сілавыя структуры: Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржбяспекі, Следчы камітэт, Генеральная пракуратура.
Не пазней аднаго працоўнага дня пасля прыняцця такога рашэння яно павінна быць накіравана ў Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Пасля гэтага адпаведны рэсурс будзе ўключаны ў пералік з абмежаваным доступам.
У пастанове гаворыцца, што пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг на працягу чатырох гадзін пасля ўключэння інтэрнэт-рэсурсу ў спіс «ажыццяўляюць арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы» па абмежаванні доступу да яго. «Пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці» яны таксама забяспечваюць «інфармаванне карыстальнікаў аб абмежаванні».
Доступ да інтэрнэт-рэсурсу можа быць абмежаваны на шэсць месяцаў, калі «іншае не пазначана ў рашэнні».
Мастачку Віялету Майшук пачнуць судзіць 16 верасня
У Гомельскім абласным судзе 16 верасня пачнецца завочны суд над мастачкай Віялетай Майшук. Яе абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» і «абразе Лукашэнкі».
Віялета — 28-гадовая мастачка з Гомельшчыны, якая яшчэ ў 2020 годзе была вымушаная пакінуць краіну праз пераслед.
Улады сцвярджаюць, што яна нібыта мела дачыненне да чата «Гомель — Стары Аэрадром», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем».
З 2020 года ліквідавана не менш за 1950 НКА
За пяць гадоў — пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і па 31 жніўня 2025-га — у Беларусі ліквідавана не менш за 1950 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend, піша «Позірк».
Паводле агляду, на канец ліпеня было ліквідавана не менш 1948 НКА.
У працэсе прымусовай ліквідацыі на канец жніўня 2025 года знаходзілася не менш за 1.193 некамерцыйных арганізацый.
Рашэнне аб самастойнай ліквідацыі прыняло па меншай меры 757 НКА (у жніўні — 1).
«Беларускія ўлады шырока практыкуюць празмернае ўмяшанне ў дзейнасць НКА: праверкі, ператрусы, выклікі на гутаркі ў праваахоўных органы, спецыяльныя службы прадстаўнікоў арганізацый. Любая непажаданая арганізацыя можа быць ліквідаваная, у выпадку некамерцыйных устаноў нават без рашэння суда», — гаворыцца ў аглядзе.
Паводле даных Lawtrend, больш за 100 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі, сярод іх не менш за пяць праваабаронцаў, 27 прадстаўнікоў прафсаюзаў.
«Шырока распаўсюджаная практыка выкарыстання заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для прыцягнення да крымінальнай адказнасці актывістаў, запалохвання людзей, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці, мерапрыемствах АГС, якія аказваюць фінансавую падтрымку АГС і іх мэтавым групам. 307 АГС, дваровых супольнасцяў, медыя-рэсурсаў прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, інфармацыйныя рэсурсы сотняў АГС — экстрэмісцкімі матэрыяламі», — падкрэсліваецца ў аглядзе.
Паведамляецца таксама пра ціск на актывістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія вымушана знаходзяцца за мяжой. У прыватнасці, у дачыненні да не менш за 153 чалавек (праваабаронцы, аналітыкі і інш.), была пачатая спецыяльная вытворчасць.
Прапагандысты заявілі пра затрыманне ў Лепелі «польскага шпіёна»
Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў Лепелі затрымалі чалавека, якога назвалі «польскім шпіёнам», піша «Наша Ніва».
Паводле афіцыйнай версіі, у затрыманага знайшлі «сакрэтныя дакументы», а дзейнічаў ён нібыта разам з «здраднікам Радзімы».
На кароткім відэа бачныя раскладзеныя на стале брашуры ордэна кармелітаў, ружанец, манеты, пашпарт, банкаўская карта і польскі студэнцкі білет; мяркуючы па ўсім, фатаграфіі, а таксама чатыры невялікія скрыначкі, побач з якімі ляжыць нешта падобнае на аптэчныя тэсты.
Затрыманне праводзілі супрацоўнікі беларускай контрразведкі. Іншыя падрабязнасці крымінальнай справы абяцаюць раскрыць пазней.