Канец гісторыі беларускай мясарубкі

Дваццаць гадоў таму, адразу пасля путчу, Барыс Ельцын паведаміў паслу ЗША, што ў самыя змрочныя часы перавароту ён падтрымліваў настрой слуханнем запісаў Элвіса Прэслі. Амерыканскі рок наўрад ці слухаюць сёння ў палацах вертыкалі Беларусі, а калі б слухалі, то, напэўна, там гучаў бы запіс гурта «Дорз» «Сябар, гэта канец».

Такая простая мадэль

Дваццаць гадоў таму, адразу пасля путчу, Барыс Ельцын паведаміў паслу ЗША, што ў самыя змрочныя часы перавароту ён падтрымліваў настрой слуханнем запісаў Элвіса Прэслі. Амерыканскі рок наўрад ці слухаюць сёння ў палацах вертыкалі Беларусі, а калі б слухалі, то, напэўна, там гучаў бы запіс гурта «Дорз» «Сябар, гэта канец».
Такая простая мадэль
Чытачы маіх артыкулаў памятаюць параўнанне беларускай эканамічнай мадэлі з мясарубкай — з усходняга боку ў яе ўкладаюць «мяса» (нафту, газ, дэталі), а з заходняга выходзіць «фарш» (бензін, хімічныя тавары, МАЗы і трактары). Акрамя бензіну, амаль усе прадукты накіроўваюцца зноў на Усход.
Індэкс залежнасці ад знешняга гандлю Беларусі — абарот знешняга гандлю да ВУП — у 2011 годзе дасягнуў 150%. Больш за 75% эканомікі Беларусі працуе на экспарт. Унутраны рынак Беларусі, пры мізэрных заробках мясцовага насельніцтва, не ў стане стварыць попыт, які патрэбны, каб забяспечыць працай чатыры з паловай мільёны чалавек, занятых у экспартна-імпартным індустрыяльным комплексе краіны.
Экспартна-імпартная мадэль не ўнікальная — шмат маленькіх краін дасягнулі вялікіх поспехаў перарабляючы імпартныя матэрыялы ў спажывецкія ці прамысловыя тавары (напрыклад Сінгапур ці Ганконг, а сярод суседзяў — Нідэрланды, Бельгія і Эстонія). Але што адрознівае гэтыя эканомікі ад Беларусі, дык гэта іх станоўчае гандлёвае сальда, пры тым, што яны плацяць сусветныя цэны за нафту. Інакш кажучы, паспяховая імпартна-экспартная мадэль атрымлівае за экспарт больш, чым плаціць за імпарт.
Ва ўмовах глабальнай канкурэнцыі, пры сусветных коштах на сыравіну, беларуская мадэль не мела б аніякіх шансаў — гандлёвае сальда склала б як мінімум 15 мільярдаў долараў у год, фінансаваць гэта было б немагчыма. Але нават і пры энергетычнай датацыі амаль у палову кошту, беларуская мясарубка рэгулярна губляла ў сваёй вантробе эканамічнае «мяса», год за годам ствараючы адмоўнае гандлёвае сальда. Як адзначыў у «НЧ» Канстанцін Скуратовіч, так было ў 1998 годзе, гэтак сама і цяпер, з той, аднак, розніцай, што і экспарт, і імпарт, і сальда павялічыліся ў дзясяткі разоў. А з тым і чорная дзірка.
А тут і Расія прынцыпова змяніла тактыку — фактычна ўвяла эканамічныя санкцыі, амаль скасаваўшы да 2010 года субсідыі на нафту. У выніку мясарубка амаль спынілася. Потым, праўда, згодна снежаньскай беларуска-расійскай дамове, кошты на нафту былі зніжаныя, але ўводзіўся экспартны падатак, які Мінск павінен быў пералічваць у Маскве. Гэта крыху нармалізавала гандлёвы баланс, аднак сітуацыю з валютай не палепшыла. Атрымалася ілюзія дапамогі: мясарубка працягвала працаваць, але і чорная дзіра павялічвалася.
Замест рэканструкцыі дзіравай мясарубкі, кіраўніцтва краіны запіхвала ў яе ўсе больш мяса, нягледзячы на тое, што дзірка ўсё павялічвалася. Чаму ж не — ВУП краіны рос на 7% у год. Раслі заробкі, і паціху большасць беларусаў прызвычаілася думаць, што вынайшлі сапраўдны эканамічны цуд, свабодны ад законаў гравітацыі.
Але чым далей, тым усё больш мяса паглынала чорная дзіра. Без аддачы. Штогадовае адмоўнае сальда, асабліва тое, што ідзе не ад інвестыцый у вытворчасць, а проста ад браку эфектыўнасці, трэба неяк фінансаваць — пакрываць розніцу паміж грашыма за экспарт і коштамі імпарту і перапрацоўкі — уліваннямі замежнага капіталу або крэдыту. Капітал — гэта значыць, наўпроставыя інвестыцыі — у Беларусь ніколі не ішоў, бо капіталісты разумелі, што на самай справе ўяўляў беларускі эканамічны цуд. А вось крэдытаў да нядаўняга часу хапала.
Да 2008 года крэдыт меў тры формы — ад пастаўшчыкоў камплектуючых, ад замежных банкаў прадпрыемствам і ад замежных банкаў беларускім банкам. Пры гэтым, што вельмі небяспечна, крэдыт быў кароткатэрміновым, а значыць, кожныя шэсць-дванаццаць месяцаў яго трэба было аднаўляць.
Падчас буму, калі глабальныя банкі (такія, як, у прыватнасці, RBS) давалі крэдыты поўным банкрутам, іх спраўна і аднаўлялі, як прадпрыемствам, так і банкам Беларусі. Цікава, што сам RBS зрабіўся адным з буйнейшых прыкладаў стратных інвестыцый і быў уратаваны ад банкруцтва толькі ўрадам Брытаніі.
Падчас крызісу ўсе тры крыніцы моцна скараціліся. Іх давялося замяняць крэдытам дзяржаўным — ад МВФ, ад Расіі і праз выпуск еўрабондаў, што гарантаваў той жа RBS. Але беларускія кухары не толькі не спынілі мясарубку, а нават павялічылі яе абароты — на 2010 год аб’ём гандлю вырас на 20% у параўнанні з 2009 годам, а на чэрвень 2011-га — аж на 53%. Мясарубка стала губляць яшчэ больш «мяса» — кошт перапрацоўкі імпарту ў экспарт значна павялічыўся пасля перадвыбарнага падвышэння заробкаў, унутраных крэдытаў і раздачы грошай на папулісцкія праекты.
Крызіс плацежнага балансу
З гэтых прычын у 2011 годзе сальда рэзка павялічылася ў параўнанні з мінулым годам — як ад росту аб’ёму нерэнтабельнай вытворчасці, так і ад росту яе коштаў. Гэта выклікала інфляцыю і ціск на курс рубля, што паставіла ўрад перад выбарам — дэвальвацыя або адміністрацыйнае рэгуляванне курсаў.
Калі ў кагосьці ёсць жаданне запалохаць сусветныя рынкі капіталу, няма лепшай меры, чым множнасць курсу валют. На крэдыт з Лондану, якім некалі ганарылася кіраўніцтва Беларусі, цяпер можна забыцца, нават праз RBS. Беларусь страціла адразу два пункты свайго і так невялікага крэдытнага рэйтынгу. Горш — тыя кароткатэрміновыя крэдыты, што былі выдаткаваныя раней, зараз трэба вяртаць, а па тых крэдытах, што ўзяла дзяржава, трэба плаціць працэнты.
Такім чынам, фінансаванне сальда праз дзяржаўныя каналы зрабілася яўным закладнікам палітыкі Расіі. Той факт, што з міждзяржаўнага траншу было выдаткавана толькі 800 мільёнаў, паказвае, што Беларусь афіцыйна ўвайшла ў так званы крызіс плацежнага балансу. Адгэтуль пачынаецца зачараванае кола — паніка стварае новую паніку, унутры і за мяжой.
Вось сумнае меню захадаў, якія мусяць здзейсніць краіны ў стане плацежнага крызісу:
•    Поўная дэвальвацыя нацыянальнай валюты, да чорнага курса. Звычайна гэта дапамагае збалансаваць гандаль, бо робіць экспарт таннейшым, а імпарт даражэйшым, але Беларусі гэта не надта дапаможа, бо значная часта яе імпарту і экспарту (энергія простая і ўскосная) дэнамінавана ў доларах. У Беларусі, дэвальвацыя б’е найперш па спажывецкіх таварах і прадуктах харчавання, што вельмі непапулярна. Таксама за дэвальвацыяй хутка ідуць інфляцыя і рэальная страта ўзроўню жыцця.
•    Кантроль капіталу — забарона на вываз валюты, рэгуляванне яе набыцця. Гэта ўрад Беларусі, аматар адміністрацыйных мераў, робіць з найвялікім імпэтам, але тое мера часовая, і таксама вельмі непапулярная. Абмежаванне валютнага патоку за мяжу — таксама складаная задача, бо большасць валюты ідзе на закуп прамысловага імпарту, абмежаванне азначае зніжэнне вытворчасці.
•    Адміністрацыйнае абмежаванне імпарту дзеля таго, каб стабілізаваць гандлёвае сальда. Таксама інтуітыўная мера для беларускай вертыкалі. Але абмежаванне спажывецкага імпарту не толькі непапулярна, але і не вельмі эфектыўна. Большасць беларускага імпарту — гэта энергія і камплектуючыя, скарачэнне іх зноў азначае скарачэнне вытворчасці.
•    Простае скарачэнне неэфектыўнай вытворчасці. Такая палітыка змяншэння мясарубкі збалансуе і гандаль, і крэдыт, але таксама знізіць ВУП тэмпамі пачатку 90-х. На гэтую меру ўрад свядома не пойдзе.
•    Скарачэнне рэальнага кошту вытворчасці — праз скасаванне сацыяльных выдаткаў, пенсій, заробкаў, або падвышэнне заробкаў менш за тэмп інфляцыі. Пасля таго, як уся перадвыбарчая праграма была пабудавана на заробкавым хабары, гэта апошні крок беларускага рэжыму.
Усе гэтыя меры азначаюць толькі адно — зменшыць аб’ём працы ўсё той жа мадэлі мясарубкі. І вядуць яны да зніжэння занятасці, сацыяльных выдаткаў і ўзроўню жыцця ў Беларусі — да антытэзы гэтаму рэжыму. Вольна ці нявольна, урад Беларусі ўжо робіць гэтыя крокі, і яны маюць пэўны эфект. Напрыклад, экспарт Беларусі ў маі 2011 года дасягнуў рэкорднай у гісторыі Беларусі адзнакі, а імпарт узрос не нашмат, што дапамагло збалансаваць сальда. У чэрвені яно зноў было небяспечна адмоўным, але гэта быў месяц масавага набыцця аўтамашын. Магчыма, ліпеньскі баланс зноў будзе неблагім.
Але фанфары не гучаць, бо нават урад усведамляе, што, вырашаючы валютна-крэдытны крызіс, ён стварае крызіс эканамічны. Наступная стадыя — рэальнае скарачэнне ўзроўню жыцця — заробкаў, пенсій, лядовых палацаў, грамадскага транспарту, усіх тых атрыбутаў эканамічнага і палітычнага цуда, што дэманстравала амаль дваццаць гадоў Беларусь.
Карта выйсця
Вядома, урад Беларусі марыць пра тое, каб проста адкруціць гадзіннік да сітуацыі 2006 года: вярнуць узровень нафтагазавых датацый, скасаваць неабходнасць пералічваць Расіі падаткі за экспарт бензіну, усталяваць неабмежаваны доступ да расійскага крэдыту.
Палітычна такая магчымасць у выбарны год у Расіі існуе. У расійскай сістэме каштоўнасцей, Беларусь, за якую маскоўская карона вяла барацьбу больш за 300 гадоў, важыць значна болей, чым колькі мільярдаў тон таннай нафты. Рацыянальнае пераасэнсаванне гэтай матэматыкі, што адбывалася цягам апошніх гадоў, можа адступіць, калі сапсуецца кан’юнктура расійскіх выбараў, ізноў адчыніўшы гандаль пацалункамі.
Праблема, аднак, у тым, што эканамічна-палітычны фундамент гэтага гандлю цалкам перабалансаваўся. На гэты момант для Расіі будзе прасцей увогуле зачыніць беларускую праблему і ўшанаваць памяць Івана ІІІ поўным вяртаннем Беларусі ў межы імперыі. Эканамічна гэта проста больш танна, чым безумоўнае фінансаванне Лукашэнкі. Бо нават у 2007 годзе, на піку прэферэнцый, гандлёвае сальда Беларусі было адмоўным.
З тых часоў беларуская вытворчасць стала яшчэ больш неэфектыўнай. Ёй патрэбныя інвестыцыі ў абсталяванне, тэхналогіі, новы сучасны менеджмент і масіўнае скарачэнне кошту вытворчасці. Беларускія канцэрны маюць добрыя выходныя рынкі, але, акрамя бензіну, над якім вісіць меч заходніх санкцый, яны знаходзяцца ў Расіі, а іх уваходная інфраструктура амаль цалкам залежыць ад яе. З капіталістычнага пункту погляду, інтэграцыя беларускіх прадпрыемстваў у расійскія холдынгі — найбольш просты і эфектыўны шлях.
Палітычны курс іміджу Расіі і Беларусі таксама цалкам змяніўся. Калі шмат гадоў беларусам Расія здавалася гэткай дзікай і непажаданай альтэрнатывай беларускаму цуду, зараз яна пачынае выглядаць як багатая з сучасным профілем краіна і, галоўнае, як гарант фінансавага паратунку.
Прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў у расійскія холдынгі прынесла б ад 10 да 20 мільярдаў долараў — у залежнасці ад памеру «палітычнай зніжкі» і ацэнкі «Беларуськалія». Гэта б гарантавала пяцігодку фінансавання гандлёвага балансу, стабілізавала валюту, бюджэт, спажывецкія рынкі і прывяло б да мадэрнізацыі вытворчасці — вядома, на тых прадпрыемствах, што захаваюцца.
Але адначасова мела б сваім вынікам поўную страту рэшткаў эканамічнага суверэнітэту Беларусі, а неўзабаве і палітычнага, бо ў расійскай сістэме паміж бізнесам і палітыкай няма «правіла працягнутай рукі».
На заходнім напрамку дапамога ад МВФ будзе патрабаваць рэформ накшталт шокавай тэрапіі, алергія да якой у свой час і прывяла да беларускай мадэлі. На гэта ўрад не пойдзе, але, вядома, будзе дынаміць МВФ і далей. Можа, і атрымае пэўны транш, але гэтым часам фонд будзе дамагацца рэформ або чакаць змены ўраду. Нават калі б МВФ і выдаў Беларусі 8 мільярдаў і не запатрабаваў аніякіх рэформаў, гэта ўсё роўна не выратуе беларускую мадэль, а толькі адцягне яе час. Без структурнага рэфармавання крызіс непазбежна наступіць зноў, і кожны новы яго раўнд будзе горшым за папярэдні.
Дваццаць страчаных гадоў — страчаныя ўдвая, бо марнаваўся не толькі час. Залаты дождж, што сыпаўся з Расіі ў кашэль беларускага рэжыму, быў выкарыстаны не для паступовага рэфармавання дзяржаўнай эканомікі і адкрыцця магчымасцяў і прыватнай ініцыятывы, а на рэанімацыю аджыўшай эканамічнай і палітычнай сістэмы. І вось нават той напаўнамінальны суверэнітэт Беларусі, здабыты дваццаць гадоў таму, зараз пастаўлены пад вялікую пагрозу.
Дваццаць гадоў — і перад намі выбар, які прыкладна тады ж трапна апісаў беларускі бард Віктар Шалкевіч: «І марнела надзея — ці пачаць усё спачатку, ці зрабіць наадварот».