Як збіраюць і марнуюць свае зберажэнні беларусы
Чаму мы баімся банкаў і ўсё часцей задумваемся пра здароўе.
Беларусы за рынкавую эканоміку, але без прыватнай уласнасці
Сацыёлагі вывелі эканамічны код беларусаў. Аказваецца, беларусы арыентаваны на рынкавыя каштоўнасці: 50-70% апытаных у ходзе даследавання «Каштоўнасныя прыярытэты розных сацыяльных груп беларускага грамадства» лічаць, што канкурэнцыя карысная, заахвочвае людзей ўдасканальвацца і працаваць лепш. Прыкладна столькі ж рэспандэнтаў перакананыя, што вялікія грошы забяспечваюць чалавеку незалежнасць і ўсебаковае развіццё, а таксама што становішча кожнага члена грамадства павінна вызначацца яго працоўнымі высілкамі.
Аднак толькі вельмі маленькая частка апытаных згодныя з тым, што розныя сферы рынку і грамадства павінны быць у руках прыватнікаў.
40% прызналіся, што не маюць дастаткова сродкаў і магчымасці адкладаць грошы.
— Прадуманай ашчаднасці паводзінаў у беларусаў няма. Яны ўкладваюцца ў нерухомасць або купляюць замежную валюту і захоўваюць яе дома. Беларусы ўсё яшчэ баяцца банкаў, — распавядае суаўтар даследавання, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Лашук.
Стаўленне да зберажэнняў паказала асаблівасці фінансавага кода беларусаў. Да іх адносіцца арыентацыя на спажыванне, а не на захаванне і неўсвядомленыя практыкі ашчаднага спажывання.
Праца ці грошы: што важней?
Спраўляцца з жыццёвымі праблемамі беларусам дапамагаюць сям'я, жыццёвы вопыт, грошы. Менш за ўсё рэспандэнты спадзяюцца на прафесійныя ўменні і рэпутацыю, закон і дзяржаву. Сацыёлагі зрабілі выснову, што суайчыннікі ў большай ступені выкарыстоўваюць сямейны і сацыяльны рэсурс, крыху менш прафесійна-статусны і іміджавы рэсурсы, і менш за ўсё — прававы.
Адказы рэспандэнтаў паказалі, што агульная сацыякультурная актыўнасць у беларусаў вельмі слабая. Амаль 60% беларусаў пасіўныя ці хутчэй пасіўныя ў выкарыстанні розных рэсурсаў. І менш за 40% беларусаў актыўныя або хутчэй актыўныя.
«Актыўныя» максімальна выкарыстоўваюць усе наяўныя рэсурсы для вырашэння розных пытанняў і жыццядзейнасці, а «пасіўныя» выкарыстоўваюць іх мінімальна.
— Напрыклад, у мяне ёсць дыплом аб адукацыі, але я — хатняя гаспадыня. І вось я бяру гэты дыплом, і ён дапамагае мне ўладкавацца на працу і зарабляць грошы. Значыць, гэты рэсурс становіцца актыўным, — тлумачыць Ірына Лашук.
Актыўным людзям ўласцівая стратэгія паводзінаў, арыентаваная на дасягненне больш высокай якасці жыцця і сацыяльнага статусу. А пасіўныя часцей прыстасоўваюцца да умоваў, якія змяняюцца, часта за кошт пагаршэння якасці жыцця і зніжэння сваіх патрэбаў.
— Цікава, што чым больш актыўны рэспандэнт, тым ён вышэй ацэньвае працу як каштоўнасць, а не як сродак, тым цікавая праца для яго важней, чым грошы, і тым ён больш задаволены працай у цэлым і яе рознымі аспектамі, — каментуе Ірына Лашук.
Больш за 80% «актыўных» апытаных адказалі: «Праца для мяне важная і цікавая сама па сабе, гэта адна з важных і неабходных складовых частак майго жыцця» супраць 36% у «пасіўных». 62% «актыўных» беларусаў прызнаюцца, што цікавая праца важней, чым грошы. Такой устаноўкі прытрымліваюцца і 27% «пасіўных».
— Чым больш актыўны чалавек, чым больш актыўна ён выкарыстоўвае наяўныя ў яго рэсурсы, тым ён аказваецца і больш задаволеным. Вектар камфорту і даходу ў актыўных ніжэй, чым у пасіўных. Для іх важней прафесійны вектар і вектар кар'ернага росту. Пры гэтым актыўныя больш карыстаюцца інавацыямі, — кажа прадстаўнік Інстытута сацыялогіі.
Здароўе за грошы не купіш
Сярод жыццёвых каштоўнасцяў традыцыйна на першыя месцы выходзяць здароўе, сям'я і дзеці. На апошніх жа — творчасць, грамадскае прызнанне і вядомасць, улада.
— Адрозненні паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам не істотныя. І гэта зразумела, паколькі гэта глыбінныя арыенціры, якія накіроўваюць наша жыццё, якія хутка не мяняюцца, — каментуе Ірына Лашук.
За апошняе дзесяцігоддзе для беларусаў моцна вырасла значнасць здароўя.
— Само разуменне каштоўнасці здароўя рознае. На адной з фокус-груп, якая складаецца з маладых людзей, высветлілася, што для іх здароўе роўна прыгажосці, догляду за валасамі, заняткам фітнэсам. Гэта значыць адбываецца трансфармацыя каштоўнасці здароўя, і гэта тыпова менавіта для беларусаў, напрыклад, у літоўскай моладзі гэтага няма, — распавядае эксперт.
Аўтары даследавання вывучылі, як змяніліся жыццёвыя каштоўнасці для розных пакаленняў за апошнія шаснаццаць гадоў. Для людзей да 29 гадоў у 2000 годзе самай важнай жыццёвай каштоўнасцю была матэрыяльная забяспечанасць, пасля яе - каханне, здароўе, цікавая праца і рэалізацыя сваіх здольнасцяў. У 2016 годзе здароўе для такой жа ўзроставай катэгорыі выйшла на першае месца, а потым ужо сям'я, каханне, сяброўства, матэрыяльна-забяспечанае жыццё. Праца і рэалізацыя магчымасцяў не ўвайшлі ў першую пяцёрку важных каштоўнасцяў.
Для катэгорыі людзей ад 30 да 49 гадоў у 2000 і 2016 годзе ў пяцёрцы важных жыццёвых каштоўнасцяў былі здароўе, бяспека, матэрыяльная забяспечанасць, каханне, сям'я і дзеці.
Людзі старэйшыя за 50 гадоў на першае месца ставяць здароўе. У 2000 годзе за ім ішлі бяспека, матэрыяльная забяспечанасць, сям'я і дзеці, а таксама жаданне жыць па законах маральнасці. У мінулым годзе ў пяцёрцы былі дзеці, сям'я, душэўны спакой і камфорт, матэрыяльна-забяспечанае жыццё.
Культурны код беларусаў, зыходзячы з вынікаў, уключае схільнасць да сямейных каштоўнасцяў, вузкае кола даверу, нізкую самаідэнтыфікацыю як суцэльнага грамадства і невысокую сацыякультурную актыўнасць.
Даведка
Вынікі даследавання былі прэзентаваныя на Кастрычніцкім эканамічным форуме.
Падрабязней пра коды беларусаў можна даведацца ў кнізе «Таму што так вырашылі мы: паводніцкая эканоміка Беларусі і яе раскадаванне», напісанай экс-памочнікам прэзідэнта, паслом Беларусі ў Кітаі Кірылам Рудым пры падтрымцы Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.
Паводле zautra.by