Летась у Беларусі на сухоты захварэлі 1759 чалавек

Гэта на 155 менш, чым у папярэднія гады.

pixabay.com

pixabay.com

Колькасць рэцыдываў паменшылася на 7,5 працэнта ў параўнанні з мінулым годам. Аб гэтым на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі распавёў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч.
«Сёння у нас у рэспубліцы дастаткова добрая, я бы сказаў, эпідсітуацыя. Захворванне — 18,3 на сто тысяч, з улікам рэцыдываў — 23,3, смяротнасць усяго 2,2 на сто тысяч. Разам з тым асноўная праблема для нашай рэспублікі — гэта высокі ўзровень сухотаў з множнай лекавай устойлівасцю ўзбуджальніка: 38 працэнтаў упершыню выяўленых пацыентаў і амаль 60 працэнтаў паўторна лечаных», — паведаміў Генадзь Гурэвіч.
Такія паказчыкі тлумачацца адсутнасцю кантролю за лячэннем у ранейшыя гады. Частка хворых на сухоты — пацыенты з асацыяльным ладам жыцця, а значыць, і нізкай прыхільнасцю да выканання прызначэнняў урача.
Для паляпшэння становішча ў апошнія гады стала выкарыстоўвацца малекулярна-генетычная дыягностыка і новыя схемы хіміятэрапіі.
Па словах дырэктара РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, Беларусь знаходзіцца ў ліку дзевяці краін з высокім цяжарам сухотаў, у тым ліку мультырэзістэнтных. У Еўропе хварэюць на сухоты 275 тысяч чалавек.
«Праблема прафілактыкі і лячэння сухотаў па-ранейшаму застаецца актуальнай. Мэтамі ўстойлівага развіцця пастаўлена задача да 2035 года перамагчы сухоты. Сярод хворых на сухоты ёсць і тыя, каго мы можам назваць „асацыяльнымі“, не матываванымі прымаць лячэнне. А для нас гэта вельмі вялікая пагроза распаўсюджвання менавіта адкрытых форм сухотаў», — сказала журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Людміла Макарына-Кібак.
У Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона аб ахове здароўя, цэлая глава якога прысвечана лячэнню, якое кантралюецца. Яно дазволіць пазбегнуць доўгага знаходжання ў стацыянары, а лячыцца амбулаторна.
Законапраект рыхтуецца да першага чытання. Некалькі раней прыняты закон аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія прадстаўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, і віруса імунадэфіцыту чалавека. У дакуменце таксама ішла гаворка аб пацыентах з сухотамі.
zviazda.by