Любоў заўсёды вяртаецца да тых, хто яе не шкадуе

Мы сядзiм ва ўтульнай кухнi аднаго з невялiкiх дамоў гэтага вялiкага гораду i п’ем гарбату. Ёсць i нагода: мая сяброўка Яна сёння святкуе дзень нараджэння. А таму нас тут шмат сабралася: апроч мяне i яе яшчэ Фара, Маша, Ляля, Муза, Федзя, Дзiна i Алiса.

zahadnaja_7_logo.jpg


Вось толькi ўласна людзi з гэтага спiсу — апошнiя тры, гэта муж i дочкi-блiзняткi Яны. Астатнiя — хатнiя гадаванцы, але яны тут цалкам паўнавартасныя чальцы сям’i. Гэтыя коткi i сабака некалi жылi на вулiцы, усiм Яна дала дах над галавой, клопат i любоў. Але гэта далёка не ўсе жывёлы, якiх мая сяброўка выратавала ад галоднай бяздомнай смерцi: такiх будуць, напэўна, сотнi.

Цiкава, што Яна не належыць нi да якой валанцёрскай цi дзяржаўнай арганiзацыi, усiх сваiх «хвосцiкаў» яна гадамi ратавала сама. Хтосьцi знаходзiў яе намаганнямi добрых гаспадароў, хтосьцi заставаўся ў сям’i, бо вельмi палюбiўся. Некаторыя ўжо «за вясёлкай», але дзякуючы вялiкаму Янiнаму сэрцу яны пражылi добрае шчаслiвае жыццё. Здаецца, колькi яе ведаю, Яна ўвесь час гэтым займалася, паступова «заразiла» такой дабрачыннасцю некаторых сяброў, сваю маму (якая цяпер актыўна ратуе жывёлак у Гродне), але пры гэтым паспявае абсалютна ўсё iншае: працаваць, адпачываць, падарожнiчаць, стварыла сям'ю i выхоўвае цудоўных дзетак. I выдатна разумеючы — усё ж я i сама пару разоў падбiрала бадзяжных жывёлаў — як шмат часу i клопату на гэта патрабуецца, як неверагодна шмат патрабуецца эмацыйнай устойлiвасцi, усе гэтыя гады я не магу адказаць на пытанне: як, ну як яна гэта робiць?— Як ты гэта робiш?


2_205_logo.jpg

Але Яна i сама не можа адказаць. Хiба што словамi «а як iнакш?» Як можна прайсцi мiма, калi вось яно, жывое стварэнне, якое зусiм не вiнаватае ў тым, што нарадзiлася на вулiцы цi аказалася нiкому непатрэбнае, якому балюча, крыўдна i страшна. Яна ўзгадвае i дзяцiнства, калi ёй яшчэ не дазвалялi забiраць жывёл з вулiцы дахаты, але вельмi балела за iх сэрца, а потым моцна шакавалi паводзiны iншых дзяцей, якiя смяялiся са збiтай аўтамабiлем коткi. Узгадвае, як ужо ў студэнцкiя гады, здымаючы з сяброўкай кватэру, узяла да сябе першае кацянё.

— У нашым пад’ездзе нейкi хлопчык хадзiў па ўсiх паверхах, спрабаваў аддаць каму-небудзь гэтае кацянё. Яно было зусiм маленькае i зусiм хворае. А мне было шкада нават гэтага хлопчыка, што вось ёсць хоць нехта спагадлiвы, што ён быццам i хоча дапамагчы, а не ведае, што рабiць. Спачатку не вырашалася. Але потым, калi сядзела на лекцыях, не магла не думаць пра яго. I прагуляла пару, паехала забраць кацянё ды адвезцi да доктара…

Кацянё вылечылi ды ўладкавалi ў добрыя рукi. А ў Яны былi новыя i новыя выратаваныя пухнацiкi, доўгiя гадзiны ў ветэрынарных клiнiках, безлiч аб’яваў у сацыяльных сетках ды на адмысловых сайтах, каб знаходзiць дом тым, каму ён так патрэбны. Па магчымасцi Яна займаецца ператрымкай жывёл, але галоўная актыўнасць — рэклама, дапамога куратарам. Бываюць нечакана прыемныя сiтуацыi, калi людзi пачынаюць цiкавiцца пародзiстым гадаванцам, але ў вынiку расчульваюцца i бяруць да сябе шэраговага «двор-тэр’ера». Бываюць, на жаль, i зваротныя. Самае крыўднае, па словах Яны, калi тэлефануюць людзi, што ўжо маюць любiмага прыгожага сабаку, якога песцяць i даглядаюць, але ў валанцёраў шукаюць iншага для ўтылiтарных мэтаў: пасадзiць на ланцуг, трымаць галодным i злым для абароны дома. «Як жа так можна?» — горка кажа Яна, бо для яе не iснуе больш вартых i менш вартых, яна ва ўсiх бачыць тых, хто заслугоўвае дапамогi i любовi.


 Гадаванцы Яны

 Гадаванцы Яны



1_221_logo.jpg


Клопат Яны пра жывёлаў сiстэмны i паслядоўны: яна вегетарыянка, сочыць за этычнасцю касметыкi i побытавай хiмii (этычныя сродкi — гэта тыя, што не тэстуюцца на жывёлах) i не водзiць дзяцей у заапаркi, цыркi i дэльфінарыі. Але тое, што яна робiць для бяздомных котак i сабак, патрабуе яшчэ больш ахвярнасцi. Прыемна, што яе маленькiя дочкi ў свае тры гады таксама шкадуюць жывёлак i, пабачыўшы iх на вулiцы, першай справай пытаюць: «Мама, дом?» Дзецi разумеюць такiя рэчы, якiя незразумелыя, на жаль, вялiкай колькасцi дарослых.



Праблема беспрытульных жывёлаў у нашай краiне настолькi маштабная, што пра гэта кажуць нават замежныя зааабарончыя арганiзацыi. Яе вырашэнню пакуль не спрыяе нi заканадаўства, нi культурны ўзровень грамадства ў гэтай сферы. Прыняццё закона аб абыходжаннi з жывёламi зацягвалася доўгiя гады, на дадзены момант гэты закон функцыянуе зусiм не ў той ступенi, якая спрыяла б павышэнню адказнасцi — i таму мы дагэтуль чытаем жахлiвыя навiны пра выкiнутых з балконаў, атручаных, збiтых да смерцi гадаванцаў.

Грамадскiя арганiзацыi, якiя займаюцца жывёламi, традыцыйна не ў пашане ў дзяржаўных органаў — адсюль перашкоды i ў рэгiстрацыйных момантах, i ў пошуках фiнансавання. Што тычыцца дзяржаўных арганiзацый — гэта службы адлову i прытулкi, якiя па факце не прытулкi, а ўсыпляльнi. Жывёлы ўтрымлiваюцца там вельмi непрацяглы час, пасля чаго iх забiваюць зусiм негуманнымi спосабамi.

Чаму ж на нашых вулiцах так шмат бяздомных жывёлаў? Прычын некалькi.

Раптоўная ўрбанiзацыя. Людзi сталi масава перасяляцца ў гарады, а звычкi засталiся вясковыя. Шмат хто не бачыць праблемы ў тым, што котка цi сабака будуць бегаць па дварах, як было ў вёсцы. Але нестэрылiзаваная жывёла будзе спрыяць з’яўленню новых. Якiя альбо застануцца на вулiцы i будуць бескантрольна размнажацца далей ды пакутаваць ад хваробаў, холаду i недахопу ежы, альбо… Гэта жахлiва нават уявiць, але процьме людзей чамусьцi прасцей зноў i зноў тапiць, душыць маленькiх толькi народжаных кацянят цi шчанюкоў, чым аднойчы стэрылiзаваць свайго гадаванца. Забабоны, усё забабоны. Такiя валанцёры, як Яна, вельмi часта сутыкаюцца з непахiснай верай людзей у тое, што стэрылiзацыя шкодная. Альбо iм проста лянота. Альбо шкада грошай. А забiць маленькую iстоту не шкада.

Як насамрэч: стэрылiзацыя цi кастрацыя — гэта медыцынскiя працэдуры, якiя не шкодзяць здароўю жывёлы. Тое, што жывёла мусiць нарадзiць хаця б раз у жыццi — не больш, чым распаўсюджаны мiф. Каштуюць працэдуры ў сярэднiм па Мiнску для катоў ад 40 да 100 рублёў, для сабак — ад 80 рублёў, i робяцца ў любой ветэрынарнай клiнiцы. Час ад часу зааабарончыя арганiзацыi намагаюцца разам з ветэрынарамi ладзiць такiя працэдуры бясплатна, а таксама пастаянна звяртаюцца з такой прапановай да дзяржаўных службаў адлову. Справа зусiм не складаная, пагатоў, зробленая аднойчы, яна прадухiляе шмат негатыўных наступстваў.

Мода i безадказнасць. На жаль, часта стаўленне людзей да жывых iстот — як да цацак. Набыў сабе цi ў падарунак — не спадабалася, не разлiчыў адказнасцi, надакучыла — выкiнуў на вулiцу. Не дапамагае нават вялiкi кошт пародзiстых жывёлаў: сярод бяздомных ужо не рэдкасць i каты, i сабакi вельмi дарагiх парод. Гэты лёс можа напаткаць i маладых жывёлак, але часцей людзi пазбаўляюцца ад тых, хто ўжо стары i патрабуе лепшага дагляду, што, на мой погляд, асаблiва цынiчна: менавiта той, каму найбольш патрэбная дапамога праз узрост i хваробы, робiцца ахвярай чалавечай жорсткасцi i дажывае жыццё ў пакутах i холадзе на вулiцы. На шчасце, iснуюць i валанцёры, i невялiчкiя арганiзацыi, якiя ратуюць прыярытэтна жывёлаў-iнвалiдаў i старычкоў. Але iх, канешне, мала.

Разводчыкi — яшчэ адзiн вялiкi боль для валанцёраў. У гэтым бiзнесе часта ў пагонi за хуткiмi грошамi людзi не клапоцяцца пра ўмовы ўтрымання жывёлаў i эксплуатуюць iх для нараджэння пародзiстага дарагога патомства вельмi жорстка: гэта i праблема сама па сабе, i прычына з’яўлення вялiкай колькасцi жывёл, якiх набываюць толькi дзеля моды. I нягледзячы на прывабнасць пэўнай пароды, на думку зааабаронцаў, больш слушным учынкам з’яўляецца не набываць жывёлаў i не падтрымлiваць такiм чынам бiзнес па iх развядзеннi, а браць дахаты тых, хто на вулiцы цi ў прытулках. Гадаванцы Яны ўсе былi менавiта такiя: нiводнага набытага.

Страх. Напэўна, гэтым ёмiстым словам можна апiсаць розныя прычыны, па якiх нават добрыя людзi праходзяць мiма бадзяжных жывёлаў i не дапамагаюць iм. Я кажу менавiта пра страх, бо так цi iнакш пры сутыкненнi з магчымасцю забраць жывёлу з вулiцы мы ўсе нечага баiмся. Лiшнiх выдаткаў, i не толькi грашовых. Страты кавалачку ўласнага камфорта i зручнасцi. Гэта страх невядомасцi: а што рабiць з гэтым няшчасным пухнатым камячком? Альбо гэта можа быць страх захварэць: напрыклад, мяне ўсё дзяцiнства бабуля палохала лiшаём, не дазваляючы кармiць i гладзiць бяздомных коцiкаў. На гэта Яна толькi смяецца: хваробы жывёлаў далёка не настолькi заразныя для чалавека, i нават у горшым выпадку вылечыцца зусiм не складана — у гэтым яна ўжо пераканалася на ўласным досведзе.



Можна бясконца здзiўляцца таму, як шмат яшчэ карысных ведаў пра абыходжанне з жывёламi недаступна людзям у нашай краiне. Але можна таксама займацца асветай сябе i сваiх сяброў, знаёмых, дапамагаць валанцёрам i ветэрынарам, ды проста заставацца людзьмi i не рабiць тых рэчаў, якiя народзяць жорсткасць i няшчасце: не дарыць жывёлаў тым, у чыёй адказнасцi ёсць сумневы; не пагарджаць стэрылiзацыяй сваiх гадаванцаў; зрэшты, не выкiдаць iх з хаты, калi ўжо яны ў вас з’явiлiся. А самы лепшы учынак — гэта, безумоўна, пераадолець свае страхi хоць крыху i падарыць шчасце хаця б адной бяздомнай жывёлцы. Такiх людзей, як Яна, нiколi не будзе шмат, гэта хутчэй яскравыя адзiнкi, якiх часта лiчуць дзiвакамi, i ўсё ж немагчыма не захапляцца iх цiхiм штодзённым гераiзмам — ну а як яшчэ гэта назваць? Але калi б кожны з нас змог выратаваць хоць адну котку цi сабаку, дабра i шчасця ў гэтым свеце стала б неверагодна болей.



 …Мы дапiваем гарбату. Дзецi весела балбочуць з гарэзай-сабакам, хiтрыя коткi iмкнуцца сцягнуць са стала апошнi кавалак торта. Я часта думаю, сустракаючы iх, гартаючы iх фота ў сацыяльных сетках, як шмат цеплынi i радасцi ў гэтай вялiкай сям’i, насуперак усiм жыццёвым турботам. I перакананая: не ў апошнюю чаргу гэтае шчасце — вынiк менавiта ўсёй той любовi, з якой Яна ставiцца да жыцця i да жывых iстотаў. А любоў заўсёды з лiшкам вяртаецца да тых, хто не шкадуе яе для iншых.

Яна

Яна

Фота з сямейнага архiва ласкава прадастаўленыя гераiняй матэрыялу.