Львоў пачынаецца з Херсону

Падчас паездкі па вайсковых базах я пазнаёміўся з мужчынам з пасёлку Чырвоны Чабан. Ён — камандзір узвода МНС ў Армянску. Цяпер Армянск, да якога ад Чырвонага Чабана якіх-небудзь 10 кіламетраў, ужо замежжа, там Расія.



Зачараваны Крым

Пакуль мы з ім проста гутарылі, мужчына быў разняволены, выказваўся вельмі свабодна. Усё змянілася, калі ён даведаўся, што я журналіст. Адмовіўся фатаграфавацца і нават імя ягонае прасіў нідзе і не згадваць. Калі не лічыць адмову размаўляць са мной аднаго з арганізатараў адэскага Антымайдану, гэта першы падобны выпадак за ўсю маю доўгую паездку па Украіне. Відавочна, Расія ўжо паспела ўсталяваць у Крыму свае грамадска-палітычныя практыкі.

— Зжывуць са свету! Мяне ўжо там бандэраўцам называюць, і не жартам. Проста таму, што я пад Расію не захацеў перайсці, пашпарт іхны браць не стаў, нашу форму МНС Украіны. Дарэчы, памежнік там быў запытаўся ў мяне пра форму: «Гэта што яшчэ такое?»

Яны там усе павар’яцелі ў Армянску, проста як зачараваныя. Думаюць, што бандэраўцы з рагамі і капытамі. Хаця, можа, у жыцці не бачылі ніводнага. Я ў Вінніцы на камандзіра ўзвода вучыўся, з хлопцамі з Заходняй Украіны сябраваў. Ніколі яны не папікалі мяне тым, што я ўсходнік, па-руску размаўляю. Хіба што жартам. Ну дык і я паджартоўваў з іх, справа такая.

Дасюль з імі сувязь падтрымліваем, яны мне пішуць — пераязжай да нас, мы тут табе і працу, і кватэру знойдзем. Выдатныя хлопцы.

А ведаеце, хто ў самаабароне ў Армянску? Мне капітан міліцыі знаёмы казаў: паглядзі, вось гэты за рабаўніцтва сядзеў, той за згвалтаванне... Ды яшчэ і ходзяць п’яныя ў зюзю, са зброяй! Днямі чачэнцы ладзілі гулянку каля фантану, з калашнікавых у паветра стралялі. Бандэраўцамі яны пужаюць, дурдом...

Навошта мне такія абаронцы?! Сястра з Курску тэлефануе, пытаецца: бедненькія, як жа вы там, цэлымі сем’ямі вас там бандэраўцы выразаюць. Ну адкуль яны інфармацыю атрымліваюць, з паралельнага свету?

Распускаюць чуткі ў Армянску, быццам украінскія вайскоўцы таемна да іх бегаюць пад’ядацца. Лухта якая, яны тут ядуць ад пуза, ім носяць мясцовыя, хто курыцу зарэжа, хто барана, закаткі розныя, варэнне і саленне, дыні нават.

Дзядзькі мае — адзін на матэрыку жыве, другі ў Крыму — пасварыліся праз усё гэта, не размаўляюць цяпер. Я дык сваёй сястры з Алушты, калі яна ў мяне спыталася, за Расію я ці за Украіну, адразу сказаў: давай лепей захаваем нармальныя адносіны, — гаворыць мой суразмоўца.

Зараз ён узяў сабе адпачынак, а пасля яго заканчэння звольніцца і хоча пайсці служыць ва ўкраінскі памежны атрад, які дыслакуецца ў ягоным пасёлку.

«Тая Расія мне без патрэбы. Я ўкраінцам нарадзіўся, украінцам і застануся».

Хрыстос быў правакатарам

Да нашай размовы далучаецца старшы сяржант інжынерных войскаў з Наваград-Валынскага, што на Жытоміршчыне. Вітаемся з ім, як землякі, бо ў мяне жонка з Жытоміру. Ён стаў першым сустрэтым мной чалавекам, які ўспрыняў акупацыю Крыму вельмі балюча. І моцна незадаволены «бяздзеяннем» уладаў у крымскай праблеме. На ягоную думку, усё можна было вырашыць у першыя дні «малой крывёю».

«Гэтая боязь рашучых дзеянняў зараз можа прывесці да вялікай крыві. Тое ж самае на Майдане было. Асцярожнічалі, вагаліся, адступалі, і што ў выніку? Крывавая лазня, больш за сто загінулых у мірны час. Усё правакацый баяліся...» — кажа старшы сяржант.

На тэму правакацый разважае Сергій Чудзяновіч,  праваслаўны святар царквы Кіеўскага патрыярхату, настаяцель Свята-Пакроўскага храму ў Херсоне, кіраўнік Цэнтру сацыяльнага служэння «Міласэрнасць». Ён арганізаваў нашую паездку з дапамогай для ўкраінскіх вайскоўцаў. 

«Хрыстос быў правакатарам. Ён прыходзіў туды, дзе яго не вельмі хацелі бачыць, казаў тое, што ад яго не вельмі хацелі пачуць. Увогуле, ён кінуў выклік тагачаснаму светапарадку. Што значыць — справакаваць? Глядзіце этымалагічны слоўнік, гэта значыць кінуць выклік. Добрая справа, калі правільна яе разумець.  

Я ўжо не кажу пра гісторыю з гандлярамі ў Іерусалімскім храме. Яны яго адтуль гналі, а ён замест таго, каб праявіць пакору, да чаго нас усіх заклікала Маскоўская царква — каб мы тут не вельмі рыпаліся, бярэ ў рукі дубіну і здзяйсняе самую што ні на ёсць правакацыю.

Ці калі яго ўдарыў ахоўнік, памятаеце, як ён адрэагаваў? Падставіў другую шчаку? Не, ён запытаўся ў яго: «За што ты мяне б’еш?» Калі ёсць за што, ты скажы, а як няма, дык што гэта ты робіш такое, нягоднік».

Айцец Сергій вобразна тлумачыць, чаму ён займаецца такой «мірской» дзейнасцю, нібыта «няпрофільнай» для святара.

«Калі я скажу сваёй жонцы, што я яе люблю «ў душы», ведаеце, што яна мне адкажа?.. (смяецца) Усе ведаюць, што яна мне адкажа, калі я кажу пра любоў, а сам ніякім чынам тую любоў не падмацоўваю.

Любіць Бога і не любіць бліжняга? Любіць бліжняга і нічога для яго не рабіць? Ды гэта бязглудзіца нейкая. Адно сядзець ды маліцца за людзей? Як жартуе мой сябра, манах царквы Маскоўскага патрыярхату айцец Елісей: «Калі многа маліцца, галава можа адваліцца».

Акупацыя прымусіла ўкраінцаў пасур’ёзнець

«Хрыстовы запаведзі, яны не для таго, каб нейкі, прабачце, набожны прыдурак сядзеў і атрымліваў асалоду, паўтараючы, што благаславёныя такія і благаславёныя сякія. А сам нічога не рабіў, спадзеючыся, што Гасподзь вывязе. Ды не вывязе! Мы мусім самі быць радыкальнымі ў барацьбе з грахом і беззаконнем», — паліць дзеясловам айцец Сергій.

Ён упэўнены — акупацыя Крыму і пагроза ўварвання расійскіх войскаў на мацерыковую частку Украіны стала для ўкраінцаў станоўчым выклікам. Гэта не толькі абудзіла народ, але і прымусіла яго пасур’ёзнець.

У першую чаргу самі вайскоўцы, якія, па словах айца Сергія, напачатку «дурня строілі, чмурэлі тут, па бляшанках стралялі».

«А тут падбягае да мяне афіцэр, кажа, што носіць на душы цяжар ужо пятнаццаць гадоў, нарэшце вырашыў вызнаць зроблены аднойчы дурны ўчынак, раскаяцца... Ды можа дзеля аднаго гэтага Пуцін вайну і пачаў!» — гаворыць Сергій Чудзяновіч.

30 секундаў, цягам якіх адчуваеш сябе зайцам з барабанам

Раней на паўднёвым усходзе ўяўленне пра Украіну было «няяснае, размытае», падкрэслівае святар.

«Раней на гэтым блокпасту мікалаеўскія вайскоўцы стаялі. Дык яны не маглі ўцяміць, што яны тут робяць. Не ўспрымалі зялёных пуцінскіх лічынак як акупантаў. Ну якія, маўляў, акупанты, калі мы з імі адно «Рускае радыё» слухаем», — расказвае айцец Сергій.

За апошнія дні шмат што змянілася. Вайскоўцы знаходзяцца ў пастаянным напружанні. Наступае ноч, з расійскага боку пачынаецца рух. Ладзяць манеўры: пашыхтуюцца і рушаць, нібы ў наступ ідуць, з усёй тэхнікай, падыйдуць да крытычнай кропкі і назад. Даводзіцца падымацца па трывозе, праводзіць манёўры ў адказ.

Абстрэльваюць украінскія пазіцыі асвятляльнымі і шумавымі мінамі на парашуціках.

«Я запытваўся ў вайскоўцаў, колькі праходзіць часу, калі ты разумееш, баявая міна ляціць або лухцень гэтая. 30–40 секундаў. Можаце сабе ўявіць адчуванні чалавека, у якога ляціць міна, а ён цягам паловы хвіліны не ведае, разарве яго зараз на кавалкі ці ён яшчэ пажыве», — распавядае святар.

Такія адчуванні я змог перажыць сам. Калі мы знаходзіліся на адной з базаў пасярод стэпу, раптам паляцелі гэтыя міны, прагучала каманда «да бою!», усе забегалі, тэхніка прыйшла ў рух, крыкі, пыл слупом, а мы стаім на адкрытай прасторы, нічым не абароненыя, з фоцікамі, планшэцікамі. Я нават спужацца не паспеў, проста аслупянеў на 30–40 секундаў, адуў сябе дурацкім бляшаным зайцам з барабанам у ціры.    

Натуральна, у такіх абставінах вобраз «брацкіх» войскаў пачынае цьмянець, пераходзячы ў вобраз звычайнага ворага. Тады як вобраз радзімы, наадварот, набывае выразныя контуры — праз пастаянную падтрымку, маральную і матэрыяльную, з боку мясцовага і не толькі мясцовага насельніцтва. Вайскоўцы пачынаюць адчуваць сябе «народнай арміяй», аб чым я пісаў у мінулым рэпартажы.

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату — са сваім народам

У нашым "Аўтамайдане" бралі ўдзел і марак, і праграміст, і сям’я такіх кругленькіх «хобітаў», абывацеляў, у нейтральным сэнсе гэтага слова. Уключыліся ў дапамогу вайскоўцам самыя розныя людзі. Але ў авангардзе гэтага грамадскага руху знаходзяцца святары, яны — галоўны яго рухавік. Уніяты, каталікі, праваслаўныя. І не толькі праваслаўныя Кіеўскага патрыярхату, што самае цікавае, Маскоўскага таксама.

Паміж прадстаўнікамі двух патрыярхатаў існуюць трэнні, факт вядомы... Я чуў ад некаторых «кіеўскіх» вельмі негатыўную ацэнку дзейнасці «маскоўскіх» у арміі: яны, маўляў, дэмаралізуюць вайскоўцаў, настройваючы іх на тое, каб яны, крый Божа, не стралялі па «братах» (нібыта ў Хрысце, хаця мы ведаем, што на самой справе па «Рускаму радыё»), чаго б тыя «браты» не рабілі.

Айцец Сергій Дзмітрыеў, які нарадзіўся ў Мурманску, настаяцель храма св. Варвары, святар царквы Маскоўскага патрыярхату, кіраўнік аддзелу сацыяльнага служэння і дабрачыннасці Херсонскай епархіі, пярэчыць: так, падобныя выпадкі былі, але гэта адзінкавыя выпадкі, і разглядаць іх трэба менавіта такім чынам, не пераносячы на ўсю царкоўную супольнасць. Ствараючы з яе «пятую калону».

«Тады давядзецца запісаць у здраднікі Віталя Клічко і Пятра Парашэнку, бо яны прыхаджане царквы Маскоўскага патрыярхату. Тады як Ганна Герман, напрыклад, колішняя блізкая паплечніца Януковіча, уніятка. Некаторыя храмы Кіеўскага патрыярхату ў Херсоне будаваліся за грошы рэгіяналаў. Святар Андрэй Каліта, з «кіеўскіх», быў у Херсоне духоўнікам СБУ, «Беркута» і г.д. Таму недарэчна казаць пра канфесійны падзел паміж старой і новай уладай. Ён штучны», — гаворыць Сергій Дзмітрыеў. 

Мой суразмоўца распавёў, што ў Свята-Кацярынінскім саборы — гэта найстарэйшы праваслаўны храм у Херсоне — пахавальня князя Пацёмкіна, адзін святар, які раней быў вельмі прарасійскі настроены, былы афіцэр памежных войскаў, пайшоў цяпер па прызыву ў армію, ахоўвае ўкраінскую мяжу.

Мітрапаліт Аўгусцін, старшыня Сінадальнага аддзела УПЦ (МП) па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі, беларус па паходжанні, вялікі масквафіл, у першыя ж дні акупацыі Крыму даслаў у Маскву ліст, у якім пісаў, што ўкраінская царква будзе са сваёй арміяй, сваім народам да канца. І любая магчымая пазіцыя патрыярха Кірыла зрушыць яе не зможа.

«Там, у войску, нашыя дзеці, нашыя прыхаджане. Не быць разам з імі — гэта проста было б здрадай... Што да патрыярха Кірыла, пакуль ён маўчыць, яго пазіцыя незразумелая. Але калі мы сапраўды брацкія цэрквы, як святар, які нарадзіўся ў Расіі, я хацеў бы, каб мае субраты выйшлі з абразамі да Крамля — выказаліся супраць вайны і за спыненне анексіі. Іначай якое тут брацтва?» — кажа  Сергій Дзмітрыеў.

 

«Ты мне брат, але, прабач, гэтая мая зямля»

Мой суразмоўца сам прымае вельмі актыўны ўдзел у дапамозе вайскоўцам. Ён дамогся ад Кіева, каб там арганізавалі збор сродкаў і неабходных рэчаў, асабіста пастаянна наведвае вайсковыя часткі на Херсоншчыне. Праўда, кажа, што калі прыехаў першы раз, у яго спыталіся, хто ён, грэка-каталік ці святар Кіеўскага патрыярхту, а калі вайсковец пачуў, што ён з Маскоўскага патрыярхату, рэфлекторна ўскінуў аўтамат. Зрэшты, айцец Сергій даволі хутка стаў там жаданым госцем.  

«Прыязджаючы, я не пачынаю з салдатамі адразу ж багаслоўскія пропаведзі. Хто сам захоча пра Бога пагаварыць — падыйдзе і пагаворыць. У іх пытанні ёсць надзённыя, на якія няма каму даць адказ — камусці бародаўкі трэба вывесці, у іншага грыбок на назе. Шчыра кажучы, я не ведаю пакуль, як выводзіць бародаўкі, буду вучыць матчастку. (Смяецца.)

У нарды былі гулялі, прывезлі кеды, паганялі з імі ў футбол. Сёння трапезнічалі з імі, гутарылі ў курылцы, я ім анекдоты царкоўныя расказваў. Напрыклад, пра атэіста, які трапіў у рай, просіцца ў апостала Пятра, каб той правёў яго да Бога. А Бог гаворыць Пятру: скажы яму, што мяне няма.

Потым хлопцы з Львоўшчыны, якія тут служаць, тэлефануюць дадому: «Слухайце, нас падманваюць, на Херсоншчыне нармальныя людзі, нават святары Маскоўскага патрыярхату класныя ёсць».

Разумееце, сама нашая прысутнасць, без навязлівай царкоўнай агітацыі, станоўча ўплывае, здымае напружанасць. Хлопцы тады саромеюцца, напрыклад, матам лаяцца, канфліктаваць паміж сабой».

Я пытаюся ў айца Сергія пра псіхалагічны стан вайскоўцаў, як яны ўспрымаюць гэтую, безумоўна, траўматычную сітуацыю. Што ні кажы, прапаганда прапагандай, але народы блізкія. Былі, прынамсі.

«Агульны настрой такі: ты мне, вядома, брат, але, прабач, гэта мая зямля. Я не люблю пафасны выраз «высокі баявы дух». Аднак калі я ўбачыў у хлопцаў сцяг з надпісам «Звягіль стаіць за жыццё вольнай Украіны на смерць», я зразумеў, што вось ён, той самы высокі баявы дух. Пры гэтым няма нянавісці. Мне гэта вельмі падабаецца ва ўкраінцах — баявы дух без нянавісці».

 

Львоў пачынаецца з Херсону

Айцец Сергій яшчэ і яшчэ раз хацеў падкрэсліць, наколькі недарэчныя цяпер любыя «платы» паміж украінцамі, у тым ліку канфесійныя.

З ім здарылася тое ж, што і са мной, ён знаходзіўся ў вайсковай частцы, калі прагучала каманда «да бою!», але там быў налёт расійскіх верталётаў — сітуацыя сапраўды небяспечная, не вучэбная трывога. Святар расказвае пра дурацкія думкі, якія лезлі яму ў галаву — пра машыну, што яе пашкодзяць, а як ён будзе пешшу дабірацца і г.д.

«Потым да мяне дайшло, што гэта, магчыма, ужо вайна. Параненыя, забітыя. І што, я грэка-каталіку, хлопчыку, які там будзе паміраць, адмоўлю ў апошнім прычасці? Буду хадзіць па полі бою і крычаць: «Гэй, тут праваслаўныя Маскоўскага патрыярхату ёсць? Не, ну дык я пайшоў...» Які тут можа быць канфесійны падзел, смешна!» — кажа айцец Сергій.   

«Што да размоваў пра тое, быццам усё гэта не наша справа, наша справа маліцца, маліцца і маліцца, як завяшчаў вялікі Лен... Прабачце, агаварыўся. Добра, Аляксандр Перасвет у нас хто? Аляксандр Перасвет, я нагадаю, гэта манах, які біўся з Чалубеем на Куліковым полі, у нас святы. А вось любіць Украіну, бач ты, грэх. Вось як атрымліваецца».

Сяргей Дзмітрыеў распавёў пра троху камічны выпадак, калі ён, моцна накручаны пасля наведвання вайскоўцаў, пабачыў на дарозе крутую чорную машыну з расійскімі нумарамі, таніраваным шклом, «усю ў антэнах, як вожык». Якая неяк дзіўна паводзілася. І вырашыў, што гэта шпіёны. Пачаў на вялікай хуткасці пераследваць яе, спрабаваць прыціснуць да абочыны. Патэлефанаваў на блокпост, каб спынілі яе для праверкі. Урэшце рэшт высветлілася, што там ехала мірная сям’я. 

«Крыху няёмкі момант, але ж яны павінны разумець, што цяпер любыя расіяне будуць тут пад падазронам. Бо яны грамадзяне краіны-акупанта. І хай усе ведаюць, што Львоў пачынаецца з Херсону», — усміхаецца айцец Сергій, мурманчанін, сын радыста атамнага ледакола, былы, як ён сябе ахарактарызаваў, «белагвардзеец з імперскімі замашкамі».