Лукашэнка на МЗКЦ, забастоўкі, медыкі і паход на Акрэсціна. Найважнейшае за 17 жніўня

Сітуацыя ў Беларусі змяняецца не раз на дзень, а два разы на дзень. Падаецца, у найноўшай гісторыі Беларусі жыццё было такім бурлівым хіба што напрыканцы Перабудовы.

mzkt_20200817_shuk_007_unnamed_6__1.jpg


Лукашэнка ўсё ж здзейсніў запланаваны візіт на МЗКЦ. Гэты завод адметны тым, што яго дырэктар прызнаў: прэзідэнцкія выбары сённяшні кіраўнік Беларусі прайграў. І Лукашэнка паспрабаваў пераканаць людзей у адваротным. Тое, што ён сустрэўся з працоўнымі (сапраўды с працоўнымі, а не з сагнанымі на прадпрыемства ідэолагамі), паказвае: ён не можа паверыць. Што перастаў быць «народным прэзідэнтам».

Спроба атрымалася так сабе, і сапсаваў яе ён сам. Ён звыкла размаўляў з рабочымі з пазіцыі «я начальнік — ты дурань». У выніку і атрымаў заканамернае «Сыходзь!». Расчараваны, з МЗКЦ Лукашэнка паехаў на МАЗ, але не даехаў, бо сустракацца там не было з кім: працоўныя МАЗу застрайкавалі і выйші на вуліцы Мінска.

maz_podderzhka_1.jpg


Страйкі па ўсёй краіне ператвараюцца ў рэальнасць. «Беларуськалій» спыніў усе шахты, нягледзячы на загад дырэктара вярнуцца да працы. На Беларускім металургічным заводзе спыненая праца ўсіх трох печаў. Работнікі «Кераміну» сказалі дырэктару, што выйдуць на вуліцу. Той адказаў, што цалкам падтрымлівае сваіх работнікаў і, як мінулы раз, выйдзе з імі. Работнікам БТ, якія падтрымалі страйк, пагражалі звальненнем. У адказ яны заявілі, што самі будуць вырашаць, звальняцца ім, ці не.

У Інтэрнэце створаная мапа страйкаў Беларусі.

Медыкі паспрабавалі сустрэцца з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам. Варта адзначыць, што першы пункт патрабавання медычных работнікаў — допуск іх у ізалятары і турмы для аказання медычнай дапамогі затрыманым. Аднак Каранік, не сказаўшы нічога ўцямнага, ад сваіх калег збег.

117994167_1948011222000182_8007265616541389243_n_logo_1.jpg


18 жніўня — дзень народзінаў блогера Сяргея Ціханоўскага, мужа Святланы Ціханоўскай. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску пад следствам за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Некалькі тысячаў чалавек прыйшлі да СІЗА, каб павіншаваць вязня. А потым калона рушыла да цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Валанцёры прасілі гэтага не рабіць, бо пры любых выгукваннях ля ізалятара перастаюць выпускаць раней затрыманых. Людзей ўдалося стрымаць у скверы ля ізалятара.

117836441_333260441143495_1310782874885401655_n_logo_1.jpg


Святлана Ціханоўская апрылюдніла відэазварот, на якім пагадзілася стаць «нацыянальным лідарам», а ў Беларусі быў амаль цалкам сфармаваны камітэт па перадачы ўлады. Еўрапейскі парламент заявіў, што вынікі нават несвабодных выбараў «паказваюць на перамогу Святланы Ціханоўскай» і абвясціў Лукашэнку персонай нон-грата ў ЕС.