Дзяржава прымусіла мінчукоў спяшацца прыватызаваць жыллё

Нядаўна стала вядома, што непрыватызаваныя кватэры неўзабаве могуць перавесці ў разрад арэндных. Гэтая навіна павялічыла чэргі ў раённых адміністрацыях з жадаючых прыватызаваць жыллё.



privatizaciya.jpg

Як паведамляе СТВ, перавод непрыватызаваных кватэр у разрад арэндных — пакуль толькі праект, які знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. Тым не менш, напалоханыя чуткамі ўладальнікі непрыватызаваных кватэр выстраіліся ў чэргі, каб аформіць жыллё ў прыватную ўласнасць.

Раней кватэру можна было прыватызаваць бясплатна, але прыватызацыя не давала ніякіх пераваг, таму людзі не спяшаліся, не жадаючы ўцягвацца ў дадатковую бюракратычную валакіту.  У выніку непрыватызаваных кватэр у краіне налічваецца ажно 14% ад агульнай колькасці жыллёвага фонду, у абсалютных лічбах гэта 392 тысячы кватэр.

Цяпер жа, каб стаць законным уладальнікам жылля, грошы давядзецца выкласці немалыя. Выніковы цэннік будзе залежаць ад балансавага кошту кватэры, адсотка яе зносу, плошчы кватэры, матэрыялу сцен, наяўнасці гаўбца, месцазнаходжання і нават ад таго, сумешчаны санвузел ці не. 10 адсоткаў сумы трэба выплаціць адразу, астатняе ў растэрміноўку на 40 гадоў.

У адваротным выпадку, за кватэру, якая па статусе з'яўляецца дзяржаўнай, давядзецца плаціць арэндны кошт. Магчыма меншы, чым за жыллё камерцыйнага дзяржаўнага фонду — дакладны кошт яшчэ не вызначылі, але ўсё роўна адчувальны. Апроч гэтага, па чутках, тых, хто жыве ў непрыватызаванай кватэры, прымусяць плаціць 100% камунальных паслуг.

З гэтай прычыны ў службе «Адно акно» Маскоўскага раёна Мінска толькі за 4 дні мінулага тыдня аформілі столькі ж заяў, колькі было аформлена за ўвесь красавік.

«Калі ў красавіку было па 15 чалавек, па 10 у дзень, то ўчора прынялі 50, пазаўчора 43, два дні па 34. Няма калі галаву падняць», — кажа Валянціна Самусік, начальнік службы «Адно акно» адміністрацыі Маскоўскага раёна.

Нават калі закон і не будзе прыняты, з дапамогай чутак пра яго дзяржава ўжо змагла дадаткова аблегчыць кашалькі грамадзян на сваю карысць.

«Дзіўная ў нас атрымліваецца логіка — уводзяць падаткі на багатых, а багатымі заўсёды аказваюцца бедныя. На ўсіх каналах кажуць пра дапамогу маламаёмным, а на практыцы спачатку скасавалі ўсе ільготы, а зараз збіраюцца "забраць" і кватэру.
І пакуль яшчэ не позна, трэба грамадзянам, якія атрымалі жыллё ў часы СССР, перадаць яго бясплатна. Датуль, пакуль начальнікі не зразумеюць, што чалавек даражэй лямпачкі, вады і каналізацыі, не будзе ніякага парадку»
, — казаў з гэтай нагоды сайту UDF Уладзімір Навасяд.