Мошчы італьянскага святога знайшлі ў касцёле пад Баранавічамі: доўгі час рэліквія проста стаяла ў шафе

Магчыма, мошчы італьянскага святога Сімпліцыя захоўваюцца ў храме ў Сталовічах з 17 стагоддзя.

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя. Імша 15 траўня. Фота парафіі Сэрца Ісуса

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя. Імша 15 траўня. Фота парафіі Сэрца Ісуса

Мошчы італьянскага святога Сімпліцыя з Ольбіі былі выяўлены ў парафіі Сэрца Ісуса вёскі Сталовічы ў 2022 годзе настаяцелем храма Янушам Фештэрам, піша bar24.by.

Раней у Сталовічах знаходзіліся рыцары Мальтыйскага ордэна. Хутчэй за ўсё, хтосьці з прадстаўнікоў ордэна пасля 1614 года прывёз з сабой у ВКЛ частку мошчаў святога. Пры падзеле Рэчы Паспалітай Сталовічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Камандорыя была закрыта, а касцёл перадалі праваслаўнай царкве.

Магчыма, некаторы час мошчы захоўваліся ў мясцовых жыхароў у Сталовічах. У 1911 годзе ў мястэчку быў пабудаваны новы каталіцкі храм, куды людзі перадалі пакінутую маёмасць са старога храма, у тым ліку і мошчы святога Сімпліцыя.

Па словах святара, да 2022 года рэлікварый з мошчамі стаяў у металічнай шафе, дзе хаваюць розныя рэліквіі, якія выкарыстоўваюцца падчас набажэнстваў. Рэлікварыем ніхто не цікавіўся.

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя са Сталовічаў. Фота парафіі Сэрца Ісуса

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя са Сталовічаў. Фота парафіі Сэрца Ісуса

— Ён быў непрыкметны, прыкрыты іншымі рэліквіямі, — распавёў айцец Януш. — Я стаў правяраць усю маёмасць, выцягнуў рэлікварый і прачытаў, што напісана. А потым пачаў пошукі ў інтэрнэце.

Святар вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што захоўвае ў сабе рэлікварый. Вядома, што мошчы гэтага святога захоўваюцца толькі ў горадзе Ольбія ў Сардзініі.

— Я думаю, гэтыя мошчы, магчыма, больш каштоўныя, чым страчаны абраз Ларэтанскай Божай Маці, які захоўваўся ў камандорыі Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах, — адзначыў айцец Януш.

У гонар святога Сімпліцыя ў касцёле Свята Сэрца Ісуса 15 траўня прайшла ўрачыстая імша. Перад гэтым айцец Януш напісаў святарам у Ольбію, каб даведацца, як яны адзначаюць гэта свята, каб прытрымлівацца традыцый.

Імша ў гонар святога Сімпліцыя. 15 траўня, Сталовічы. Фота парафіі Сэрца Ісуса

Імша ў гонар святога Сімпліцыя. 15 траўня, Сталовічы. Фота парафіі Сэрца Ісуса

Падчас імшы парафіянам святар раздаў капулетас (copulettas) — італьянскія маленькія салодкія пірожныя, якія робяцца звычайна з цеста, цукру, грэцкіх арэхаў і апельсінавай цэдры.

Пірожныя капулетас. Фота парафіі Сэрца Ісуса


Хто такі святы Сімпліцый

Святы Сімпліцый — італьянскі біскуп, першы меркаваны біскуп Ольбіі. Каталіцкім Касцёлам ён шануецца як святы, пакутнік.

Сімпліцыя замучылі 15 мая 304 года ў часы праўлення рымскага імператара Дыяклетыяна. Паводле мясцовай легенды, частка яго цела была выкінута ў мора каля вострава Тавалара. Рыбакі сцвярджалі, што ў тым месцы бачылі бесперапыннае бурленне вады.

Мошчы святога захоўваюцца ў горадзе Ольбія ў базіліцы. Пад алтаром у рэлікварыі знаходзіцца ступня пакутніка, якую храму перадалі ў 1630 годзе.

Святы Сімпліцый лічыцца заступнікам горада Ольбіі. Дзень шанавання яго — 15 траўня. Аднак святкаванне пачынаецца ўжо з 10 траўня. Штодня праводзяцца забаўляльныя праграмы, падчас якіх усіх бясплатна кормяць мідыямі.

Да 15 траўня да базылікі Святога Сімпліцыя з усёй Сардзініі прыходзяць працэсіі паломнікаў, якія нясуць фігуркі пакутніка.

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя. Імша 15 траўня. Фота парафіі Сэрца Ісуса

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя. Імша 15 траўня. Фота парафіі Сэрца Ісуса


Што рабіў Мальтыйскі ордэн у Сталовічах

Мальтыйскіх рыцараў у Сталовічы запрасіў адзін з Радзівілаў. Для рыцараў ордэна ў 1637–1639 гадах была ўзведзена невялікая капліца з фігурай Божай Маці Ларэтанскай і драўляны шпіталь. На месцы капліцы ў 1740-х гадах быў узведзены велічны касцёл Яна Хрысціцеля. Цяпер у ім дзейнічае праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы.

Мальтыйскі ордэн — найстарэйшы рыцарскі ордэн у свеце. Ён быў створаны для абароны Святой Зямлі. Размяшчаецца на Мальце. Па міжнародным праве Мальтыйскі ордэн з'яўляецца дзяржавападобным утварэннем, пры гэтым сам ордэн пазіцыянуе сябе як дзяржава.

Фота парафіі Сэрца Ісуса, пераклад «НЧ»