Ні заробку, ні прэстыжу

У пачатку кастрычніка адзначаецца Дзень настаўніка. Афіцыйная статыстыка сведчыць, што цягам апошніх гадоў заробак (а гэта адзін са складнікаў прэстыжу прафесіі) педагогаў істотна скараціўся.
 

«Трэба адзначыць, у гэтым годзе была шмат разоў павышаная заработная плата для бюджэтнікаў, — распавёў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню настаўніка, кіраўнік беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. — На жаль, мы яшчэ не выйшлі на канец 2010 года. Тады было 427 долараў, цяпер — 332 долары. 95 долараў мы, на жаль, не дабіраем. Паспрабуем выкарыстоўваць унутраныя магчымасці галіны».
Бойка нагадаў, што ў краіне будзе праведзены эксперымент па персанальнаму фінансаванню школ. Для вывучэння вопыту Расіі была створана рабочая група, якая выязджала ў камандзіроўкі ў Маскву, Маскоўскую вобласць, на Смаленшчыну і Браншчыну. Таксама распрацаваны праект атэстацыі настаўнікаў, плануецца павялічыць разбежку аплаты па катэгорыях. «Сёння трэба плаціць вялікую зарплату за вышэйшы пілатаж у педагогіцы», — цытуе Бойку інфармагенцтва БелТА. Плануецца дадаткова заахвочваць педагогаў, якія маюць свае аўтарскія метадычныя распрацоўкі і «эфектыўна працуюць на ўзроўні краіны».
Яшчэ адна праблема школьнай адукацыі — дэфіцыт кадраў. «Пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі ў 30 працэнтах выпадкаў малады спецыяліст пераходзіць на іншую працу», — патлумачыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Чыноўнік сцвярджае, што звычайна настаўнікі не проста сыходзяць з прафесіі, а мяняюць, напрыклад, вёску на горад.
Маскевіч сцвярджае, што ўсе ўстановы адукацыі забяспечаны кадрамі ў поўным аб’ёме. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць больш за 107 тысяч педагагічных работнікаў, з іх настаўнікаў-прадметнікаў — 94 295. Вышэйшую адукацыю маюць 91,9% настаўнікаў-прадметнікаў, вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі — 75,3%. З 1 верасня прыступілі да працы 6 300 маладых спецыялістаў, выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Хацелася б адзначыць, што ў гэтым годзе па нашых накіраваннях уладкаваліся на працу і 247 выпускнікоў, якія навучаліся за кошт уласных сродкаў», — сказаў міністр. Ён таксама падкрэсліў, што ў 2011 годзе былі накіраваны на працу 118 студэнтаў-платнікаў. Дарэчы, на студэнтаў, якія аплачвалі сваё навучанне і ўзялі накіраванне на працу, таксама распаўсюджваюцца гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам. Усяго прыступілі да працы больш за 95% маладых спецыялістаў ад накіраваных.
Закранаючы пытанне дэфіцыту кадраў у адукацыйнай сферы, міністр падкрэсліў, што «ў краіне ў асноўным не адчуваецца дэфіцыту педагагічных кадраў. Пры гэтым у некаторых школах прыцягнутыя да працы па асобных прадметах школьнага цыклу (англійская мова, матэматыка, фізіка, пачатковыя класы) педагогі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, а таксама лепшыя студэнты 5 курса МДЛУ, БДПУ імя М.Танка».
Разам з тым Белстат апублікаваў звесткі, паводле якіх за першую палову 2012 года колькасць занятых у сферы адукацыі ў Беларусі скарацілася на 15 тысяч чалавек. Паўсюдна назіраецца дэфіцыт работнікаў дашкольных устаноў. Школьных настаўнікаў не хапае ў сельскай мясцовасці і раённых гарадах. У Мінску шмат вакантных месцаў настаўнікаў пачатковых класаў.
Апроч кадравага пытання міністр Мінадукацыі закрануў тэму магчымага ўвядзення на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі (у 10–11 класе) профільнага навучання. Па словах міністра, аналіз адукацыйных праграм паказвае, што цяпер у старшай школе з 34 абавязковых вучэбных гадзін базавы кампанент складае 29, а 5 — факультатыўныя заняткі па прадметах. Вядома, усё залежыць ад школы, канкрэтнага настаўніка і ад таго, як гэтыя факультатывы наведваюць школьнікі, але аналіз рэальнай эфектыўнасці факультатыўных заняткаў у большасці школ невысокі, лічыць міністр.
«Узнікае пытанне — як павысіць эфектыўнасць? Магчыма, трэба вярнуць профільнае навучанне і развесці факультатывы па прадметах больш сур’ёзна. Пры гэтым трэба павысіць якасць прафадбору пасля базавай школы, — адзначыў Сяргей Маскевіч. — Ні для каго не сакрэт, што цяпер на старшую ступень школы можа патрапіць любы жадаючы (харашыст і той, хто вучыўся пасрэдна), бо старшая ступень фактычна з’яўляецца падрыхтоўкай да паступлення ў ВНУ. І проста сядзець за партай тут ужо нельга — будучы студэнт павінен быць скіраваны на навучанне, а таксама на тое, што ў ВНУ яму давядзецца па-сапраўднаму «пахаць» для атрымання ведаў, уменняў і навыкаў».