Нацыя і беларуская дзяржава

Папярэдні артыкул «Беларусы — нацыя, ці як?» нечакана выклікаў даволі інтэнсіўны абмен думкамі і крытыку. Стала зразумела, што праблемы нацыянальна-дзяржаўнага развіцця Беларусі для людзей вельмі важныя. Таму працягнем тэму.

photo_2019_06_14_12_52_26_1024x517_1.jpg

Крыху тэорыі

Калі вызначэнне «нацыі» ў сучасных умовах не мае адназначнай формы, то з азначэннем «дзяржава» справы яшчэ горш. З аднаго боку, слова гэтае ўжываецца штодня, з іншага, значэнне яго — што ёсць сучасная дзяржава, якія яе функцыі, задачы і ў Беларусі, і ў свеце — трактуюць па-рознаму.

Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца ўяўленне пра дзяржаву, што носіць назву «ліберальна-дэмакратычная мадэль». Яе заснавальнікам лічыцца Джон Лок. Дзяржава ўяўляе сабой сукупнасць людзей, злучаных у адно цэлае пад эгідай імі ж устаноўленага агульнага закона. Гэта дзяржава ўвасабляе палітычную ўладу, то-бок, права ў імя грамадскага дабра ствараць законы, а таксама права ўжываць сілу супольнасці для выканання гэтых законаў і абароны дзяржавы ад нападу звонку.

Дзяржава ёсць сацыяльны інстытут, які ўвасабляе і адпраўляе функцыю публічнай (у Лока — палітычнай) улады. Лок у «натуральных» уласцівасцях індывіда бачыць першапачатковае права і крыніцу «заканадаўчай і выканаўчай улады, а роўна і саміх урадаў і таварыстваў». У Лока няма і гаворкі пра адмову індывідаў ад сваіх натуральных правоў і свабодаў на карысць дзяржавы. Права на жыццё і валоданне маёмасцю, свабоду і роўнасць чалавек не перадае нікому і ні пры якіх абставінах. Дзяржава атрымлівае ад людзей роўна столькі ўлады, колькі неабходна і дастаткова для дасягнення галоўнай мэты палітычнай супольнасці. Заключаецца ж яна ў тым, каб усе (і кожны) маглі забяспечваць, захоўваць і рэалізоўваць свае грамадзянскія інтарэсы: жыццё, здароўе, свабоду і ўласнасць.  

Кіраўніцтва сучаснай беларускай дзяржавы, аднак, крытычна ставіцца да гэтай мадэлі.

Нямецкі сацыёлаг Макс Вебер прадставіў іншую трактоўку паняцця «дзяржава» —«гэта адзіная арганізацыя, якая валодае правам на легітымны гвалт і мае патрэбу ў падтрымцы з боку кіраваных мас». У тэорыі дзяржавы сацыёлаг разглядае нацыянальную ідэнтычнасць у ролі апоры для кожнай дзяржавы ў сучаснасці. «Тое, чаго можа дасягнуць дзяржава толькі аднымі сродкамі сілы без добраахвотнай падтрымкі насельніцтва, вельмі абмежаванае, асабліва ў час вайны», — піша ён.

Неабходна заўважыць, што Вебер аб’ядноўвае дзяржаву і нацыю, мяркуючы, што гэтыя паняцці практычна раўназначныя. На думку сацыёлага, іх залежнасць прасочваецца ў тым, што жыццё дзяржавы магчымае выключна пры падтрымцы нацыянальнай супольнасці і ўладаў. Менавіта дзяржава спрабуе захаваць нацыянальную прыналежнасць пэўнага народа, то-бок, за кошт дзяржавы трымаецца і існуе нацыя. Вебер лічыць уладу і культуру прынцыпова рознымі сферамі.

Апошнім часам на палітычных мерапрыемствах былі заўважныя анархісты — з’ява для Беларусі не вельмі тыповая. Але калі ўлічыць, што доўгі час у Мінску і іншых гарадах Беларусі існавалі вуліцы і завулкі імя вядомых рускіх анархістаў Бакуніна і Крапоткіна, то і не такая ўжо і незразумелая.

Дзяржава, паводле Бакуніна, у сілу сваёй гвалтоўнай сутнасці павінна разглядацца як чужы прыродзе чалавека, але непазбежны на нейкім гістарычным этапе інстытут. «Дзяржава ёсць гістарычна неабходнае зло», «пераходная форма грамадства». Сучасная дзяржава разглядалася Бакуніным як пачатак, што дэфармуе сацыяльнае асяроддзе, адчужае яго ад чалавека, і гэта парушае правы чалавека. Замест натуральных правоў і неабходнага агульначалавечага права з’яўляецца дзяржаўнае заканадаўства, якое ім супярэчыць і мае свае, адрозныя мэты. Ніякае заканадаўства, меркаваў ён, ніколі не мела «іншай мэты, акрамя мэты ўмацаваць эксплуатацыю працоўнага народа пануючымі класамі і ўбудаваць яго ў сістэму». Замест улады грамадскай думкі і аўтарытэту навуковых ведаў фармуецца прымусовы аўтарытэт дзяржаўных служачых, органаў дзяржаўнай улады.

Крапоткін меркаваў, што «дзяржава ўмешваецца ва ўсе нашы справы і трымае нас у сваіх абдымках ад калыскі да труны. Яна вызначае ўсе нашы ўчынкі, нарыхтоўвае горы законаў і распараджэнняў, у якіх не ў сілах разабрацца самы спрытны адвакат. Яна стварае цэлую армію чыноўнікаў... Вялізныя сумы, якія пастаянна павялічваюцца, спаганяюцца дзяржавай з народа, але ніколі не бываюць дастатковыя; дзяржава жыве за кошт будучых пакаленняў і ўсё больш і больш набліжаецца да банкруцтва». Пры гэтым форма праўлення ў дзяржаве, паводле Крапоткіна, не мае ніякага значэння.

Ленін, працу якога «Дзяржава і рэвалюцыя» вывучалі і канспектавалі людзі старэйшага пакалення ў ВНУ, таксама прытрымліваўся поглядаў анархістаў: «Усялякая дзяржава ёсць “асаблівая сіла для падаўлення” прыгнечанага класа. Таму ўсялякая дзяржава несвабодная і ненародная». «У грамадстве без класавых супярэчнасцяў дзяржава непатрэбная і немагчымая».

Элементы анархісцкіх вучэнняў мелі заўважнае месца ў палітычнай практыцы беларускай апазіцыі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Публічнае адмаўленне прынятага ў дзяржаве варыянта Канстытуцыі, розныя формы байкотаў — з анархісцкага рэпертуару.

Але найбольш вядомым і ўжываемым сёння з’яўляецца сталінскае ўяўленне пра дзяржаву — як сукупнасці дзяржаўнага апарату і грамадскіх «прывадных рамянёў». Першым па значэнні сярод гэтых рамянёў была партыя. За ёй былі замацаваныя непасрэдныя палітычныя і эканамічныя абавязкі, у тым ліку па арганізацыі вытворчасці — партыйныя арганізацыі былі надзеленыя правам кантраляваць адміністрацыю прадпрыемстваў, правяраць выкананне прадпрыемствамі рашэнняў наркаматаў. У раённых і абласных камітэтах партыі была ўведзеная пасада сакратара па прамысловасці. Пад канец існавання БССР партыйныя структуры ў сваёй сутнасці ўжо не адрозніваліся ад дзяржапарату.

Пад кіраўніцтвам партыі дзейнічалі ў якасці «прывадных рамянёў» іншыя масавыя арганізацыі. Па сваім значэнні вылучаліся тры: прафсаюзы, камсамол і Саветы. Сёння замест партыі і яе структур існуе Адміністрацыя прэзідэнта, астатнія «рамяні» нават не змянілі назву.

У Канстытуцыі наша краіна пазначаная як «Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава». Яна не ўтрымлівае ніякіх прывілеяў для развіцця беларускай нацыі. У ёй, як і ў Канстытуцыі Расіі, адсутнічае паняцце тытульнай нацыі, якое напрыканцы ХІХ стагоддзя было сфармуляванае французскім пісьменнікам і нацыяналістам Морысам Барэсам. Барэс меркаваў, што нацыянальная дзяржава можа быць моцнай толькі пры наяўнасці дзвюх умоваў: нацыянальныя меншасці і этнічныя дыяспары павінны захоўваць лаяльнасць дзяржаве тытульнай нацыі, а тытульная нацыя павінна падтрымліваць «свае» нацыянальныя меншасці за мяжой. Паводле Барэса, тытульная нацыя — гэта дамінуючая этнічная група, на аснове мовы і культуры якой будуецца дзяржаўная сістэма адукацыі. Калі прытрымлівацца гэтага вызначэння, тытульнай нацыяй у Беларусі з’яўляюцца рускія.

Беларускія людзі маюць свой погляд на дзяржаву. Ён складаецца з дзвюх знешне супярэчлівых рэчаў — так званай «патэрналісцкай дзяржавы» і дзяржавы ворага, зла, якое трэба цярпець. Патэрналісцкай дзяржавай называюць сітуацыю, калі насельніцтва мяркуе (і адпаведна паводзіць сябе), што дзяржава — нешта, што ўзвышаецца над ім, незалежнае ад яго, пасланае звыш, і таму яна мае права дыктаваць людзям іх думкі, дзеянні і ўчынкі, караць і заахвочваць. Дзяржава — усё, а чалавек, асоба — нішто. Або, паводле Сталіна, — «вінцік». У сваю чаргу, дзяржава, лічаць людзі, павінна пра іх па-бацькоўску клапаціцца.

Уяўленне пра дзяржаву як пра ворага характэрнае для пэўнай часткі апазіцыйнай і дысідэнцкай інтэлігенцыі і моладзі. Яно выяўляецца ў ахайванні дасягненняў дзяржавы, публічных асуджэннях людзей, што пайшлі на «супрацоўніцтва з уладамі» і занялі дзяржаўныя пасады. Моладзь, якая бачыць у дзяржаве ворага, імкнецца знайсці магчымасці, каб з’ехаць у іншыя краіны. Уяўленне пра дзяржаву як ворага нацыі — важны матыватар беларускай эміграцыі.

Вобраз «дзяржавы-ворага» цяпер распаўсюдзіўся і на больш шырокія колы насельніцтва. Асабліва адчувальны ён у тых дзяржаўных службах, што маюць дачыненне да задавальнення непасрэдных патрэбаў насельніцтва і экалогіі. Людзі пачынаюць актыўна абараняць свае правы: барацьба жыхароў Брэста супраць будаўніцтва акумулятарнага завода — не першы, але і не апошні прыклад гэтай актыўнасці.

Кіраўніцтва Беларусі апошнім часам стала схіляцца да публічнай канстатацыі існавання прыкметаў беларускай нацыі (у савецкія часы і пачатку ХХІ стагоддзя на падставе барацьбы з нацыяналізмам прыкметы беларускай нацыі ў дзяржаўных установах і СМІ не акцэнтаваліся). Гэты працэс нават назвалі «мяккай беларусізацыяй». Ён заўважны ў праграмах БТ, радыё, і асабліва ў раённых цэнтрах. Але сучасная беларусізацыя мала адрозніваецца ад той, што адбывалася ў 1920-я гады. Як і тады, яна ў большасці беларуская па форме і савецкая па змесце.

krysha.jpg


Дзяржава як нацыянальная ідэя

У розных колах грамадства часам можна пачуць, што галоўнай нацыянальнай ідэяй для беларусаў павінна стаць стварэнне і захаванне суверэннай беларускай дзяржавы. Гэта стала асабліва актуальна ў сувязі з інтэнсіфікацыяй інтэграцыйных працэсаў Расіі і Беларусі і падзей ва Украіне. Але, калі ў грамадстве існуе поўная згода наконт суверэнітэту Беларусі, то формы суверэннасці выклікаюць бурлівыя спрэчкі. Можна вылучыць тры галоўныя мадэлі «суверэннасці» — нацыянальную, савецкую і ліберальна-дэмакратычную.

Паслядоўным прыхільнікам нацыянальнай мадэлі з’яўляецца Зянон Пазьняк — колішні лідар самага моцнага грамадскага руху пачатку 1990-х гадоў у Беларусі, Беларускага Народнага Фронту. Ён зазначае: «Праз пяцьдзясят гадоў пасля Каліноўскага народ ужо стварыў беларускую нацыянальную літаратуру, беларускі нацыянальны тэатр, беларускія палітычныя партыі, беларускі перыядычны друк і — што важна — моцную і прыцягальную нацыянальную ідэалогію «Адраджэнне». Сутнасць яе заключаецца ў адраджэнні велічы і культуры Вялікага Княства Літоўскага ў нацыянальнай дзяржаве — Беларусі». «Беларуская нацыянальная ідэя “Беларусь” — гэта ідэя, што паўстала супраць маскоўскага забору, і адначасна вызваліла народ ВКЛ з пасткі Рэчы Паспалітай, у якую ён трапіў у 1569 годзе».

Але пакуль гэтая ідэя не рэалізуецца, ці рэалізуецца вельмі слаба. Павел Церашковіч заўважае: «У апошнія два дзясяцігоддзі ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці адбывалася галоўным чынам як формы звязанасці з пэўнай дзяржаўнай прасторай. Разам з тым, уласна этналінгвістычны кампанент, характэрны для іншых нацыянальных супольнасцяў рэгіёну, у Беларусі па-ранейшаму існуе ў маргінальных для масавай свядомасці формах. Яна шмат у чым захоўвае традыцыі гібрыднасці і гнуткасці, характэрныя для культурнага памежжа, а не для нацыі-дзяржавы. На сёння Беларусь — адзіная краіна Усходняй Еўропы, дзе мова і культура, якія легітымізуюць яе стварэнне, знаходзяцца ў падначаленым, дыскрымінаваным стане. Гэтае парушэнне няпісаных правілаў рэгіёну з’яўляецца выклікам самога яе існавання як суверэннай дзяржавы».

Дамінуючай і сярод кіраўнікоў дзяржавы, і значнай часткі беларускага насельніцтва з’яўляецца савецкая мадэль суверэннасці. Яна грунтуецца на ідэі ўзнаўлення СССР (спачатку ў выглядзе СНД, зараз у выглядзе беларуска-расійскай «Саюзнай дзяржавы», АДКБ), савецкай версіі гісторыі, як беларускай, так і сусветнай, савецкай адукацыі і культуры. У савецкай мадэлі нацыянальнае разглядалася як варожае, на аснове рускай мовы і культуры стваралася новая еднасць — «савецкі народ» («чырвоны чалавек» паводле Святланы Алексіевіч). Сучасная беларуская дзяржаўнасць арыентуецца на гэтую еднасць як свой падмурак. Галоўным правадніком гэтай мадэлі ў жыццё з’яўляецца Лукашэнка.

Трэці погляд на дзяржаву як нацыянальную ідэю, які часта называюць ліберальна-дэмакратычным, не зусім адпавядае класічнай мадэлі Лока. Найбольшую грамадскую цікавасць выклікалі выказванні на гэты конт бізнесоўца Юрыя Зісера і філосафаў Ула­дзіміра Мацкевіча ды Валянціна Акудовіча.

Зісер у адным з інтэрв’ю сцвярджае: «Будучыня краіны не можа палягаць у яе мінулым. Тое, што было сто гадоў таму, ці нават 50 гадоў таму, — змяняецца на вачах. Ідэя нацыянальнай дзяржавы памерла 50 гадоў таму, пачала паміраць яшчэ раней. Тым больш у нашых умовах. У нас поліэтнічная дзяржава, у нас шмат народаў і моваў. Таму нацыянальная ідэя можа ўспрымацца толькі ў грамадзянскім сэнсе, а не ў этнічным або моўным. Не можа нацыянальная ідэя заключацца ў вяртанні да нейкіх “вытокаў”. Бо за сто гадоў усё змянілася».

Уладзімір Мацкевіч, у сваю чаргу, піша: «Нас аб’ядноўвае не кроў, не паходжанне, а грамадзянства і сяброўства ў нацыі. І лёс нацыі залежыць ад нашай разумнасці».

Валянцін Акудовіч лічыць: «Гартуе беларускую нацыю дзяржава. І толькі дзяржава». «Давайце ўявім: ну, не ўстане з каленяў беларуская мова. Дык што, не будзе беларускай нацыі? Канешне, будзе! Яе сфарміруе дзяржава. А вось калі дзяржавы не будзе, тады пытанне з нацыяй станецца вельмі сур’ёзным. Без дзяржавы беларуская нацыя будзе пастаўленая пад пытанне зноў, як яна была пастаўленая ў ранейшыя часы». «Пакуль наш лёс, лёс нашай незалежнасці, вельмі моцна, хай не абсалютна, але вельмі моцна звязаны з Лукашэнкам. На жаль ці на шчасце — гэта ўжо іншае. Але па факце — гэта так».

Такім чынам бачна, што нацыянальная ідэя ў выглядзе «дзяржава Беларусь» утрымлівае неўладкаваныя і процілеглыя погляды. Яна пакуль не аб’ядноўвае беларускую нацыю. Як сказаў Зісер: «Сур’ёзнага збліжэння я не бачу. Улада як палівала брудам усіх, хто з ёй не згодны, так і палівае. Мне спадабалася нататка ў “Нашай Ніве”, якая дала загаловак: “Што напісалі дзяржаўныя СМІ пра Дзень Волі?” Адкрываю артыкул і бачу адно слова — “Нічога”. Гэта бліскучая заўвага. Але гэта ўжо прагрэс — хаця б не лаялі. З іншага боку, зацятыя прыхільнікі поглядаў стогадовай даўніны ненавідзяць усіх, хто размаўляе на рускай мове, ненавідзяць Расію, ненавідзяць усіх, хто думае не так, як яны».

2331.jpg


«Глыбінная дзяржава»

Для постсавецкіх беларусаў вельмі важным з’яўляецца тое, што ў сучаснай паліталогіі называецца «глыбіннай дзяржавай».

Азначэнне «глыбінная дзяржава» было выказана ў 2014 годзе Майкам Лафгрэнам, як «гібрыднае зліццё дзяржаўных чыноўнікаў і прадстаўнікоў верхняга ўзроўню фінансістаў і прамыслоўцаў, што эфектыўна кіруюць ЗША, не пытаючыся пра гэта выбаршчыкаў, парушаючы сутнасць палітычнага працэсу». Другі амерыканец — Джэйсан Ройс Ліндсі — сцвярджае, што нават калі адкінуць тэорыі змоваў, то тэрмін «глыбінная дзяржава» — карысны тэрмін, які дапамагае зразумець шэраг аспектаў інстытута нацыянальнай бяспекі ў развітых краінах. Ліндсі піша, што «глыбінная дзяржава» атрымлівае моц з нацыянальнай бяспекі і разведкі і ператваецца ў царства, дзе сакрэтнасць з’яўляецца крыніцай улады. Азначэнне «глыбіннай дзяржавы» выкарыстоўваецца сучаснымі ўкраінскімі палітолагамі для тлумачэння працэсаў, што адбываюцца ў іх краіне.

Заўважу, што з уяўленнямі пра «глыбінную дзяржаву» савецкія людзі жылі ўвесь час. У тыя часы людзі звыкліся, што публічна кіраўнікамі краіны выказваліся думкі, якія былі прапагандай і не адпавядалі рэчаіснасці. Лічылася, што сапраўднай інфармацыяй валодаюць толькі спецслужбы, якія тую інфармацыю дазавана выдаюць. Да сёння большасць беларускіх людзей лічыць спецслужбы галоўнымі дзеючымі асобамі, што прадстаўляюць «глыбінную беларускую дзяржаву».

У савецкія часы спецслужбы змагаліся з праявамі «нацыяналізму», лічылі яго варожым, антысавецкім. З усіх краін былога СССР Беларусь найбольш пацярпела ад выкрыцця так званых «нацдэмаў». Да сёння захавалася тагачасная думка, што спецслужбы кампраметуюць і нават забіваюць нацыянальных дзеячаў, ініцыююць сваркі сярод іх, правакуюць.

Як беларускія спецслужбы сёння ставяцца да нацыянальнага развіцця? У афіцыйных СМІ такія звесткі практычна адсутнічаюць. Але беларусы ўмеюць чытаць паміж радкоў. Да 100-годдзя КДБ яго старшыня Валерый Вакульчык наступным чынам ахарактарызаваў дзейнасць свайго ведамства: «Галоўная задача — абарона незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі Беларусі. Па сутнасці, гэта абарона асобы, грамадства і дзяржавы. Гэта значыць, мы, калі разабрацца, працуем на грамадзян краіны. У тым ліку абараняем іх не толькі ад прамых злачынных замахаў, але і ад спробаў маніпуляцыі імі, увядзення ў зман, выкарыстання “наўгад” для рэалізацыі чужых інтарэсаў. Выкрываць сапраўдныя намеры такіх маніпулятараў, “лялькаводаў” — таксама адна з задач Камітэта».

Разам з тым, мне падаецца, у Беларусі пачынае фарміравацца новая «глыбінная дзяржава» — арыентаваная на беларускае нацыянальнае развіццё. Гэтаму спрыяе развіццё нацыянальнай прамысловасці, бізнесу, пашырэнне дзеяння інстытута прыватнай уласнасці. І хаця першыя крокі гэтай «дзяржавы» яшчэ вельмі няўпэўненыя, яны ўжо ёсць.

67374726_10219497249532379_3811015389018587136_n.jpg


Утварэнне «саюзнай дзяржавы» і беларуская нацыя

Напрыканцы 1990-х гадоў частка расійскіх палітычных элітаў вырашыла ўзяць курс на аднаўленне СССР. Новым лідарам гэтага працэсу быў вызначаны малады, амбітны кіраўнік Беларусі Лукашэнка. «Шэрым кардыналам» з расійскага боку выступаў Яўген Прымакоў, былы кіраўнік службы выведкі СССР. Тады ўзнікла першая мадэль аднаўлення: «Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі». У Беларусі дастаткова сур’ёзна паставіліся да ажыццяўлення гэтага праекту. У выніку пачатае напрыканцы ХХ стагоддзя адраджэнне беларускай нацыі было спыненае. Яго замяніў лозунг дасягнення народнага дабрабыту, сфармуляваны даволі проста: «чарка і шкварка». Народу штодня тлумачылі, што Беларусь не здольная да самастойнага эканамічнага развіцця, мае патрэбу ў падтрымцы з боку Расіі, і гэтая падтрымка штогод ідзе. Руская мова і культура — найпрыгажэйшыя і найбагацейшыя ў свеце па спосабу найбольш дасканалага адлюстравання асаблівасцяў свету. Усё беларускае пачало лічыцца другасным, нецікавым, не адпавядаючым задачам тэхнагеннай цывілізацыі. Беларускую нацыю зрабілі насельніцтвам.

Мадэль аднаўлення СССР у выглядзе «Саюзнай дзяржавы» аказалася непаспяховай, не была падтрыманая іншымі былымі рэспублікамі. Тады пачалі выкарыстоўваць другую мадэль аб’яднання, што атрымала назву «русского мира». Яна знайшла сваіх прыхільнікаў і ў Беларусі. Якаў Трашчанок у падручніку па гісторыі зазначыў: «Праваслаўная царква — маці беларускай нацыі. Калі б яна была знішчаная, то на гэтай зямлі не было б беларусаў. Гэта павінен ведаць і памятаць кожны беларус, незалежна ад яго індывідуальных адносін да рэлігіі і сучаснай царквы. Гэта адна з абсалютных ісцін беларускай гісторыі».

Мадэль «русского мира» была выпрабаваная ва Украіне — і таксама без поспеху. Але падзеі ва Украіне станоўча адбіліся ў Беларусі, звярнулі ўвагу часткі кіруючых эліт на неабходнасць развіцця беларускай нацыі як падмурка дзяржаўнасці. Гэтаму спрыяла і тое, што адбылася ўзроставая змена часткі эліт. Новыя маладыя кіраўнікі ўжо ведаюць не толькі творы Маркса–Леніна, але і хто такі Вебер.

У 2015 годзе памёр галоўны ідэолаг аднаўлення СССР Прымакоў, змянілася эканамічнае становішча расіян і Расіі. Паступова змянілася і сутнасць «Саюзнай дзяржавы» — пра ўзнаўленне СССР ужо няма гаворкі. Новую сутнасць расійска-беларускіх адносін трапна сфармуляваў філосаф Валянцін Акудовіч: «Ці хоча Расія далучыць Беларусь? У гэтым не можа быць ані каліўца сумневу. Але гэтаксама Расія хоча зноў далучыць да сябе Украіну, Грузію, былыя савецкія краіны Азіі, Малдову, Прыбалтыку і нават усе еўрапейскія краіны былога сацыялістычнага лагеру. Рэч у тым, што ментальнасць расійскага чалавека стагоддзямі фармавалася праз захоп чужых земляў. І хаця пасля распаду СССР гэтых чужых земляў у Расіі добра паменела, але тая ментальнасць захопніка засталася. І яна шкодзіць, моцна шкодзіць рускаму чалавеку. І не дае яму супакоіцца».

Сёння беларуская нацыя як ніколі патрэбная беларускай дзяржаве. Але каб саюз нацыі і дзяржавы быў прадукцыйны, павінны прайсці кардынальныя змены як у самой нацыі, так і ў дзяржаве. Першае, што неабходна: павінна знікнуць савецкае — у назвах, помніках, звычках, святах, адукацыі, мастацтве, песнях, праграмах тэлебачання, кіно. І тут беларускай нацыі вельмі патрэбная дзяржава. Беларускія нацыя і дзяржава павінны навучыцца бараніць адно аднаго.