Беларусы: нацыя, ці як?

Развіццё сучаснай тэхнагеннай цывілізацыі, асабліва ў ХХІ стагоддзі, надало новага сэнсу існуючым у культуры чалавецтва паняццям. Але мысленне асобнага чалавека вельмі інертнае — яно моцна трымаецца за старое, у выніку чаго ўзнікаюць розныя, часам нават небяспечныя для развіцця самой цывілізацыі сітуацыі. У першую чаргу, гэта тычыцца паняццяў нацыі, народа, дзяржавы і іх узаемных дачыненняў.

Фота grodno.in

Фота grodno.in

У сувязі з новым этапам беларуска-расійскай інтэграцыі, абвешчаным кіраўніцтвам абедзвюх краін, з новай энергіяй пачынаюцца дыскусіі пра беларусаў, украінцаў і рускіх як адзіны народ, і нават нацыю. У палемічным запале ўзнікаюць — на самым высокім палітычным узроўні — выказванні пра «недадзяржаву» і «неданацыю» ўкраінцаў, пра штучнасць утварэння Беларусі, пра беларусаў — як савецкі палітычны прыём, які быў выкарыстаны, каб не аддаць частку тэрыторый Польшчы. Фарміруюцца новыя аспекты дзяржаўнай і нацыянальнай бяспекі Беларусі. Наяўнасць беларускай нацыі робіцца гарантам беларускай дзяржаўнасці, незалежнасці, «памераў» гэтай незалежнасці.


Крыху тэорыі

Дзеля таго, каб разабрацца з беларусамі — хто мы на самай справе, неабходна ўдакладніць, што маецца на ўвазе, калі гаворка ідзе пра вышэй згаданыя паняцці.

У пачатку ХХ стагоддзя, напярэдадні Першай сусветнай вайны, лідары розных палітычных элітаў і навуковых накірункаў рабілі спробы вызначыць, што ёсць народ і нацыя. Так, аўстрыйскі палітычны дзеяч Баўэр у 1907 годзе ў манаграфіі (больш за 650 старонак) вызначаў нацыю як «сукупнасць людзей, звязаных у агульнасць характару на глебе агульнасці лёсу». Ён таксама падкрэсліваў неабходнасць «сваіх» тэрыторый і мовы для ўтварэння нацыі. Аўстрыйскі палітык Рэнер (пад псеўданімам Р. Шпрынгер) у 1902 годзе ў манаграфіі «Нацыянальная праблема» казаў пра «саюз людзей, якія аднолькава думаюць ды аднолькава размаўляюць», якія ствараюць асаблівую культурную агульнасць, не звязаную з тэрыторыяй.

Французскі філосаф і пісьменнік Рэнан у дакладзе (які потым быў надрукаваны як артыкул) у 1882 годзе сцвярджаў: «Нацыя — гэта душа, духоўны прынцып. Толькі два складнікі ўласцівыя гэтай душы, гэтаму духоўнаму прынцыпу. Адзін з іх — у мінулым, другі — у сучаснасці. Адзін з іх — гэта сумеснае валоданне багатай спадчынай успамінаў; другі — фактычная згода, жаданне жыць разам, воля працягваць шанаваць агульную спадчыну». Гэты даклад сёння — класічная праца, на якую абавязкова спасылаюцца ўсе даследчыкі нацыяналізму; менавіта тут выказаны афарызм: «Нацыя — гэта штодзённы плебісцыт». («Нацыя — гэта вялікая салідарнасць, якая складаецца з ахвярапрынашэння чалавека, якое ён зможа зрабіць зноў. Яна ўзгадвае мінулае, яна абнаўляецца, асабліва ў сучаснасці праз адчувальныя дзеянні: згода, жаданне, ясны выраз, жыццё супольнасцю. Існаванне нацыі (прабачце за гэтую метафару!) — паўсядзённы плебісцыт. Гэта як само існаванне індывідуальнага, вечнага сцвярджэння жыцця»).

Ідэолаг сіянізму Герцль у адной са сваіх работ закрануў нацыянальнае пытанне і даў наступнае вызначэнне нацыі: «Нацыя — гэта група людзей агульнага гістарычнага мінулага і агульнапрызнанай прыналежнасці ў сучаснасці, згуртаваная з-за існавання агульнага ворага».

Для Беларусі, як і для Расіі, найбольш папулярным сёння з’яўляецца паняцце нацыі, вызначанае Сталіным. Яно было прапісана ў працы, якая спачатку называлася «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» і ў 1913 годзе была надрукаваная ў часопісе «Асвета» (3, 4, 5 нумары), які легальна выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу фракцыяй бальшавікоў Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Сталіну на тыя часы было 35 гадоў. Пазней гэты артыкул атрымаў больш салідную назву «Марксізм і нацыянальнае пытанне». З усіх тэарэтычных працаў былога кіраўніка СССР гэтая ўжываецца і ў навуковым асяроддзі сучаснай Беларусі.

Фота pbs.twimg.com

Фота pbs.twimg.com


Артыкул складаецца з невялікага ўступнага раздзела і главаў: I. Нацыя; II. Нацыянальны рух; III. Нацыянальная аўтаномія; IV. Бунд, яго нацыяналізм, яго сепаратызм; V. Каўказцы, канферэнцыя ліквідатараў; VI. Нацыянальнае пытанне ў Расіі. У першым раздзеле Сталін прапанаваў наступнае вызначэнне: «Нацыя — гэта ўстойлівая супольнасць людзей, што склалася гістарычна, аб’яднаных агульнасцю мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, які выяўляецца ў супольнасці культуры». Заўважыўшы, што нацыя ёсць з’ява гістарычная, і таму яна «мае сваю гісторыю, пачатак і канец», Сталін зрабіў цікавую метадалагічную выснову: «Толькі наяўнасць усіх прыкмет, узятых разам, дае нам нацыю».

Неабходна адзначыць, што вызначэнне нацыі як сацыяльна і гістарычна абумоўленай з’явы, дадзенае Сталіным, адрознівае нацыю ад народа — як сацыяльнага арганізма, які праходзіць на працягу гісторыі скрозь розныя формы арганізацыі культурнага (нацыянальнага) жыцця грамадства ў той ці іншай рэгіянальнай цывілізацыі.

Сталінскае вызначэнне было афіцыйным навуковым вызначэннем нацыі ў СССР і ў паслясталінскія часы, хаця пасля ХХ з’езда КПСС у большасці выпадкаў на Сталіна не спасылаліся. Уласна тыя ж самыя прыкметы нацыі, якія дае Сталін у сваім вызначэнні, прыводзяцца крыху падфарбаванымі і ў сучасным школьным падручніку «Грамадазнаўства».

Сучасныя беларускія навукоўцы і палітыкі таксама з вельмі вялікай цікавасцю ўжываюць паняцце нацыі. Так, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч бачыць нацыю наступным чынам: «Дык вось, нацыя — мноства ўсіх людзей з аднолькавым дзяржаўным пашпартам. Беларуская нацыя — гэта мноства людзей, у пашпартах якіх напісана «грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Усё астатняе ад злога. Маніпуляцыя, дэмагогія, рэзанёрства і спекуляцыі».

Акадэмік адной з расійскіх акадэмій, дзеяч БНФ М. Бурак вызначае нацыю па-свойму: «Маё вызначэнне нацыі такое. Нацыя — гэта цывілізацыйны феномен суверэннага існавання народа ў часе. Народ — гэта этнічна-ментальна-культурна апазнанае мноства людзей, што жывуць у акрэсленай прасторы ў вызначаны час і складаюць грамадства. Грамадства — гэта арганізаванае для сумеснай жыццядзейнасці людзей насельніцтва краю. Гэта калі глядзець звонку, аб’ектыўна. А з пазіцыі ўключанай у грамадства асобы — гэта асяроддзе яе жыццядзейнасці, яе соцыум. Таму соцыум я вызначаю як палітычны, сацыяльны, эканамічны, тэхналагічны, інстытуцыянальны, культурны, духоўны і эмацыянальны стан грамадства, які з’яўляецца кантэкстам самарэалізацыі асобы ў гэтай краіне. Краіна — гэта геапалітычная арганізаванасць суверэннага існавання народа ў свеце. Калі ёсць краіна, дык яе грамадства здольнае да тварэння нацыі — суб’екта Промыслу Божага, суб’екта агульначалавечага цывілізацыйнага працэсу. Гэта для тых, хто здольны да глабальнага сацыяльна-гістарычнага мыслення. А для нас, свядомых беларускіх патрыётаў, нацыя — гэта духоўная цывілізацыйная каштоўнасць, бо праз яе народ ажыццяўляе рэфлексіўны працэс цывілізацыйнага развіцця».

Агульна прынятым сёння з’яўляецца наступнае вызначэнне нацыі: «Нацыя (ад лацінскага “natio” — “племя”, “народ”) — сацыяльна-эканамічная, культурна-палітычная і духоўная еднасць індустрыяльнай эпохі. Толькі адзінства ўсіх прыкмет складае паняцце нацыі».

Такім чынам, калі мы пачынаем дыскусію, ці ёсць беларусы нацыяй, пажадана адразу вызначыцца, што мы маем на ўвазе. Але амаль усе вышэй згаданыя вызначэнні нацыі можна выкарыстаць, каб сказаць: беларусы — сапраўдная сучасная нацыя. Ёсць праблемы толькі з вызначэннем Сталіна. Менавіта яго выкарыстоўваюць праціўнікі беларускай дзяржаўнасці для ўтварэння ідэалагічнага падмурку аб’яднання Беларусі і Расіі. Яны сцвярджаюць: беларусы ў большасці карыстаюцца рускай мовай, этнічна і псіхалагічна падобныя да рускіх, захапляюцца расійскай літаратурай, эстрадай і іншымі праявамі расійскай культуры. Таму (як яны пішуць у інтэрнэце) прыйшоў час ліквідаваць (выправіць) гэтую гістарычную недарэчнасць (памылку).

Але гэта тэорыя. Для вырашэння праблемы вельмі важна рэальная сітуацыя: менавіта яна — лепшая праверка дакладнасці тэорыі.

Фота клубпубличнойполитики.рф

Фота клубпубличнойполитики.рф


Рэальнасць

У другой палове ХХ стагоддзя паняцце нацыі стала шырока ўжывацца ў свеце, яе сінонімам стала слова «народ». Пашырылася праца міжнароднай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Але кіраўніцтва Беларусі да паняцця нацыі паставілася спачатку з асцярогай, а потым і з пэўнай варожасцю. У савецкія часы БССР найбольш пацярпела падчас стварэння новаўтварэння «савецкі народ». Для беларусаў «савецкі народ» вызначаўся наступным чынам: гэта рускамоўны, што валодае дасягненнямі рускай і савецкай культуры, адданы кіраўніцтву краіны народ. Стварэнне на прыкладзе Беларусі гэтага «савецкага народу» было важнай ідэалагічнай і практычнай задачай, бо Беларусь ахоўвала заходнія межы СССР. Уся адукацыя — дзіцячая, школьная, вышэйшая — была накіраваная на стварэнне менавіта такіх людзей.

З утварэннем незалежнай Беларусі савецкі народ перайменавалі ў беларускі народ, але па сутнасці ён застаўся савецкім.

Вельмі важным для рэальнага існавання нацыі з’яўляецца наяўнасць у людзей усведамлення прыналежнасці да яе. Узнікненне ўсведамлення прыналежнасці да нацыі ёсць вынік спецыфічнага працэсу — нацыянальнага выхавання. На розных этапах існавання Беларусі нацыянальнае выхаванне ажыццяўлялі розныя структуры беларускага грамадства.

У гады майго дзяцінства, я пыталася ў бацькоў: хто мы? Яны заўсёды адказвалі: «Мы і ты — беларусы. Гэта такая нацыя, не рускія. Беларусы — гэта людзі, якія жывуць у Беларусі і ёсць самыя лепшыя людзі, бо працалюбівыя, добразычлівыя, не подлыя». Падобныя выказванні былі папулярнымі сярод розных плыняў беларускага грамадства, асабліва пасля Другой сусветнай вайны. Гэта быў стыхійны народны адказ на спробу стварыць «новую гістарычную еднасць — савецкі народ». Гэтую тэзу маіх бацькоў падмацоўвалі і перадачы радыё — адзінага на тыя часы сродку масавай інфармацыі і масавага ўздзеяння. Перадачы былі пераважнай большасцю на беларускай мове, давалі добрае ўяўленне не толькі пра дасягненні беларускага палітычнага жыцця, але і культурнага. І хаця перадачы былі дастаткова савецкімі па сутнасці, беларускасць у іх рабіла сваю справу — людзі ведалі беларускую мову з дзяцінства, яна была для іх знаёмай і роднай.

Сям’я і радыё ў тыя часы былі галоўнымі фактарамі ўмацавання і развіцця беларускай нацыі. Жанчыны (маці, бабулі) мелі магчымасць выхоўваць дзяцей, расказваць ім беларускія казкі і паданні, спяваць песні. Жанчыны не былі масава занятыя на працы, дзеці знаходзіліся дома — дзіцячых садкоў не было шмат нават у Мінску. У школах не існавала так званых «прадлёнак», на лета гарадскія дзеці большасцю ехалі да родных у вёску, піянерскія лагеры не лічыліся добрым уладкаваннем дзяцей на лета.

Вынікі тагачаснага нацыянальнага выхавання можна лічыць дастаткова паспяховымі — у розных плынях беларускага грамадства ўзніклі сілы, якія супольнымі намаганнямі стварылі незалежную беларускую дзяржаву — мару любой нацыі, важны этап яе палітычнага развіцця.

Ужо ў 1970–1980-я гады жанчына стала сапраўднай «вытворчай сілай» сацыялістычнага гаспадарання. Дзяцей пачалі аддаваць у садкі, пасля школы — у «прадлёнкі». З побыту беларускіх людзей зніклі спачатку беларускія казкі і паданні, потым песні і кнігі. У пачатку ХХІ стагоддзя на любых беларускіх сямейных фэстах спявалі ўжо песні, якія ў большасці належалі да расійскай папсы. Сям’я перастала з’яўляцца асноўнай выхавальніцай беларускай нацыі, страціла сваю ролю нацыяўтваральнага фактару.

Напрыканцы ХХ стагоддзя па сіле ўздзеяння на свядомасць людзей радыё саступіла электронным СМІ. Радыёкропкі, якія ў пасляваенныя гады абавязкова прысутнічалі ў кожнай кватэры, зніклі. Іх замяніла тэлебачанне, якое і па сутнасці, і па форме, і па мове было і застаецца расійскім. У незалежнай беларускай дзяржаве не стала ніякіх сродкаў масавага нацыянальнага выхавання.

Вынікі яго адсутнасці спачатку не былі заўважныя. Але праз дваццаць пяць гадоў існавання Рэспублікі Беларусь на пытанне «Беларусы — гэта нацыя?», я пачула ў адказ — а што, гэта так важна? Што зменіцца ад наяўнасці ці адсутнасці беларускай нацыі? Беларуская дзяржаўнасць, якая ўзнікла перш за ўсё як праява сілы і духа нацыі, пачала страчваць свой падмурак.

Наяўнасць нацыі нельга заўважыць без праяваў нацыянальнай свядомасці, нацыянальнай тоеснасці і нацыянальнай годнасці. Нацыянальная свядомасць ад нацыянальнай тоеснасці адрозніваецца тым, што першая з іх адказвае на пытанне: «Што я думаю пра нацыю як маю групу?» Тоеснасць будзе характарызаваць пытанне: «Што я думаю пра сябе як прадстаўніка нацыі?»

Годнасць чалавека вызначаецца яго маральнымі (праўдзівасць, добрасумленнасць, сціпласць), інтэлектуальнымі і фізічнымі (здароўе, сіла, спрыт, прыгажосць) якасцямі. Яна выяўляецца ў адносінах чалавека да грамадства, у яго здольнасці рабіць дабро. Асноўнай умовай існавання чалавечай годнасці з’яўляецца свабода асобы.

Калі мы прааналізуем сучасны стан нацыянальнай свядомасці, нацыянальнай тоеснасці і нацыянальнай годнасці беларусаў, можна заўважыць таксама значныя саступкі. Беларусы часцей хварэюць, у асноўнай масе не маюць звычкі да заняткаў спортам, зайздросцяць. Бракуе і праўдзівасці — нават з’явілася і зрабілася найпапулярнай прымаўка: «Хто табе праўду скажа!»

З падмурка беларускай нацыянальнай годнасці амаль сышло паняцце «свабоды асобы». Яго выцясняе паняцце неабходнасці дзейнічаць згодна з указаннямі ўлады, нават насуперак свайму сумленню. Усё часцей талерантнасць беларусаў выглядае як пакорлівасць і абыякавасць.

Фота hrodna.life

Фота hrodna.life

Нацыянальная ідэя — гэта групавы кансэнсус у дачыненні да агульнай памяці і агульных мэтаў. Гэты кансэнсус можа пераглядацца з цягам часу, але ён павінен існаваць у кожны момант жыцця нацыі. На жаль, да сёння беларусы не маюць кансэнсусу ў адносінах не толькі да ацэнак свайго мінулага, але і будучыні. Найбольш востра гэта выяўляецца падчас абмеркавання ідэй інтэграцыі Беларусі ў розныя наднацыянальныя ўтварэнні.

Прыхільнікі інтэграцыі спасылаюцца на працэсы глабалізацыі як найбольш важныя і дамінуючыя працэсы развіцця сучаснай цывілізацыі. Эканамічныя змены, сцвярджаюць яны, паказваюць, што пад уздзеяннем глабалізацыі эканамічная самастойнасць большасці нацый (і, адпаведна, іх эканамічнае адасабленне адзін ад аднаго) сышла ў мінулае. Пад уздзеяннем інтэнсіўнага культурнага абмену з-за стварэння агульнай інфармацыйнай прасторы паступова сыходзіць у мінулае і нацыянальныя культурнае адасабленне і адметнасць. Сцвярджаецца, што глабалізацыя з часам сатрэ большасць этнічных каштоўнасцяў, а нацыяналізм і рэлігія ў будучай супольнасці будуць мала заўважныя. «Увесь прагрэсіўны свет трымаецца на двух галоўных кітах — узброеныя сілы і эканоміка (жорсткая сіла і мяккая сіла). Сучасная эканоміка не можа абысціся без інфраструктуры, медыцыны, навукі і адукацыі», — падобная формула будучыні дагэтуль была найбольш папулярнай у значнай часткі кіраўніцтва Беларусі.

Скіраванасць на знікненне нацый зрабіла развіццё «беларускасці» недзяржаўнай справай. Беларуская мова па сутнасці не з’яўляецца дзяржаўнай — дзяржаўныя справаводства, адукацыя (усіх ступеняў), дзяржаўныя СМІ — усё гэта ажыццяўляецца пераважна на рускай мове, для дзеячаў расійскай эстрады і культуры аддаваліся найлепшыя канцэртныя залы, эфірны час. Выкараненне нацыянальнай свядомасці суправаджалася русіфікацыяй — спачатку з двухсэнсоўнага («Беларусы — гэта рускія са знакам якасці»), затым «на беларускай мове нічога значнага стварыць немагчыма», адкрытага прыніжэння ведання нацыянальнай гісторыі і літаратуры з боку кіраўніка дзяржавы. Потым — Беларусь эканамічна не здольная для існавання, яна ў свеце нікому не патрэбная (гэта стала нават палітычным аргументам). Зараз ужо ідзе гаворка пра неабходнасць абароны Беларусі з боку Расіі (праўда, пакуль невядома ад каго — абараняцца ад NATO стала не зусім папулярным), стварэння з Расіяй адзінай валюты. Пагроза знікнення беларускай дзяржаўнасці і нацыі стала ўсё больш відавочнай.

Для нацый ва ўсе часы характэрныя не столькі агульнасць эканамічнага жыцця, колькі агульнасць сэнсу жыцця, які выходзіць за межы задавальнення фізіялагічных і бытавых патрэбаў людзей, якія складаюць нацыю. Часта гэта называюць духоўным жыццём нацыі. Калі гэты агульны для людзей сэнс жыцця ёсць, то ёсць і нацыя; калі яго няма, то пры ўсіх іншых прыкметах нацыі маецца не народ, а насельніцтва. Насельніцтва не ў стане доўгі час мець сваю дзяржаву — тым ці іншым спосабам дзяржава, у якой людзі не маюць агульнага сэнсу жыцця, знікае.

Фота minsktourism.by

Фота minsktourism.by

Надзея

Працэс пераўтварэння беларускай нацыі ў насельніцтва найбольш інтэнсіўна адбываўся ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён выклікаў даволі радыкальны пратэст з боку творчай і часткова тэхнічнай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі. Вядомы паэт Уладзімір Някляеў нават пераўтварыўся ў апазіцыйнага палітыка. Разам з тым, ні ўлады Беларусі, ні апазіцыйныя лідары не змаглі прапанаваць людзям нацыянальную ідэю, якая б стала сэнсам іх жыцця. Прапанаваныя спачатку дабрабыт, высокія заробкі не сталі прыцягальнымі. Частка моладзі вырашыла, што дабрабыт і найбольшыя заробкі лепш і лягчэй шукаць у іншых краінах. У еўрапейскіх краінах — Польшчы, Чэхіі, Бельгіі, Францыі — і ў ЗША ўжо стварыліся даволі заўважныя беларускія дыяспары. Выезду моладзі спрыяў і распаўсюд думкі пра немагчымасць працы ў дзяржаве, дзе нацыянальнае, беларускае вынішчаецца і прыніжаецца. Палітычная апазіцыя таксама садзейнічала выезду — палітычныя ўцекачы найбольш хутка ўладкоўваліся ў іншых краінах.

Не стала асабліва паспяховай і спроба пашырэння сфераў ужытку беларускай мовы. Але яна дала нечаканы вынік — людзі, якія размаўляюць у жыцці на беларускай мове, усё часцей успрымаюцца грамадствам як нацыянальная эліта. Неабходнасць наяўнасці, актывізацыі і папулярызацыі нацыянальнай эліты як найлепшай часткі беларускіх людзей стала адчувальнай.

Працэсы разбурэння нацыі апошнія два гады сталі заўважнымі і для кіруючых элітаў Беларусі. Тыя з іх, хто зацікаўлены ў існаванні і развіцці беларускай дзяржаўнасці, прапанавалі і зрабілі спробу ажыццявіць палітыку «мяккай беларусізацыі». З’явіліся вышыванкі, на тэлебачанні сталі расказваць пра беларускіх мастакоў і культурных дзеячаў, больш ужываць беларускай мовы падчас інфармацыйных і спартовых перадач. Але ў цэлым адбывалася «беларусізацыя» вельмі сціпла, супярэчліва, па формуле — «крок наперад — два назад». Таму выклікала справядлівую крытыку ў актыўнай часткі беларускага грамадства. Магчыма, гэтая крытыка была пачутая. Магчыма, кіруючыя эліты Беларусі ў сувязі з падзеямі ва Украіне нарэшце самі зразумелі неабходнасць умацавання нацыянальнага падмурка дзяржаўнасці — арганізацыя і правядзенне Еўрапейскіх гульняў у Беларусі публічна і голасна засведчыла, што беларусы з’яўляюцца нацыяй. Са сваёй адметнай гісторыяй, з надзеямі на будучыню.

Важна, каб гэтае сведчанне не згубілася, было падтрыманае шырокімі коламі людзей і арганізацый.

Нацыянальная ідэя — як сэнс будучыні Беларусі і беларусаў — чакае сваіх стваральнікаў.