Не скарыць, не стрымаць, не спыніць!
На гэтым тыдні Беларусь чакае візіт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. З гэтай нагоды МУС старанна трэніруецца шукаць і абясшкоджваць тэрарыстаў. Свой галаўны боль — юных, смелых і незадаволеных — ужо ізалявалі з адвагай і доблесцю.
На гэтым тыдні Беларусь чакае візіт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. З гэтай нагоды МУС старанна трэніруецца шукаць і абясшкоджваць тэрарыстаў. Свой галаўны боль — юных, смелых
і незадаволеных — ужо ізалявалі з адвагай і доблесцю.
Афіцыйны візіт Уладзіміра Пуціна ў статусе прэзідэнта ў Беларусь абмяркоўваецца ўжо два тыдні. Палітыкі-аналітыкі агучваюць свае прагнозы, перасцярогі і спадзяванні. МУС Беларусі таксама не спіць у
шапку — ідуць вучэнні па пошуку ўяўных тэрарыстаў, што могуць замахнуцца на вяльможную асобу. Органы «бдят», і сваёй пільнай увагай, калі меркаваць па зробленых захадах,
«уганаравалі» асобаў не драбнейшага маштабу.
Актывістаў зарэгістраванай у Чэхіі моладзевай арганізацыі «Малады фронт» адправілі на «суткі» арышту, фактычна не выпускаючы з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў.
Уладзімір Яроменка, Зміцер Крэмянецкі, Раман Васільеў фактычна сталіся закладнікамі візіту высокага госця.
«Па заканчэнні тэрміну, маладафронтаўцы нават не выйшлі самастойна за сцены ізалятару — іх адразу прывезлі ў суд і далі новыя «суткі». Па пратаколах, з
бюракратычнага боку, усё выглядае законна, хоць і дзіўна: вызваліўся, выйшаў з ЦІП не заўважаны паплечнікамі, якія стаялі ля дзвярэй, паехаў у Малінаўку, мацюгнуўся — і зноў на Акрэсціна ў
ізалятары. Дужа прыкра, калі дзяжурныя з ЦІП і РАУС на пытанні родных і сяброў затрыманых халодным голасам адказваюць: «освободился по времени». На пытанне, ці бачылі яго на
выхадзе, кожны дзяжурны дае даслоўна такі ж самы адказ, некаторыя, праўда, апускаюць вочы долу», — распаўсюдзіла інфармацыю прэс-служба «Маладога фронту».
Маладых людзей вінавацяць у брыдкаслоўі, адпраўляюць на суткі арышту. Як распавялі затрыманыя праз адваката, супрацоўнікі КДБ падчас допытаў у цэнтры ізаляцыі адкрытым тэкстам паведамілі
маладафронтаўцам: «Будзеце сядзець, пакуль не з’едзе Пуцін!». Акурат як у 1980 годзе, калі ў Маскве праводзілі Алімпіяду. Тады за 101-ы кіламетр ад Масквы выселілі ўсіх,
хто мог папсаваць лоск СССР — дысідэнтаў, прастытутак, бамжоў. Цікава, чаму ў беларускім варыянце ўлады спыніліся на першым пункце? Відаць, для іміджу нашай краіны як найлепшага саюзніка
Расіі найбольш страшныя людзі, што гавораць па-беларуску ды ладзяць акцыі пад нацыянальнымі сцягамі.
Актывіст «Маладога фронту» Іван Шыла ў сваім блогу піша: «Мне ўжо цяжка падлічыць, колькі за апошнія паўгады адсядзелі мае паплечнікі з «Маладога фронту»
Паша Вінаградаў і Наста Шулейка. І справа не ў тым, што яны часта трапляюць у спецпрыёмнікі, а ў апошніх тэндэнцыях, калі пасля «сутак» людзі адтуль проста не выходзяць, а
застаюцца на новы тэрмін. Відаць, улады замест крымінальных справаў цяпер будуць выкарыстоўваць «бясконцыя суткі». Яно і зразумела: успрыняцце арыштаў нівеляванае, пра гэта не
пішуць, на гэта не рэагуюць, актывістаў сустракаюць толькі блізкія сябры. І такія вось адвольныя арышты — вельмі небяспечная тэндэнцыя».
Гаворачы пра нівеляванасць, Іван Шыла мае рацыю, у апазіцыйным асяродку ніхто не выступіў з заявамі ці нейкімі публічнымі акцыямі ў падтрымку маладафронтаўцаў, якія, па сутнасці, ёсць паплечнікамі
тых, хто пнецца прабіцца ў вялікую палітыку. Толькі ў такім разе, можа, варта было гаварыць больш канкрэтна — пра абыякавасць, напрыклад...
Такім чынам Уладзімір Пуцін, якога свет прызнае жорсткім, аўтарытарным кіраўніком, едзе да свайго калегі. І калега належным чынам яго сустракае. На гэтым тыдні Васіль Парфянкоў, актывіст штабу
экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, быў прызнаны вінаватым у парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду і асуджаны да шасці месяцаў арышту. Адбываць пакаранне актывіст мусіць у арыштным
доме, умовы ўтрымання ў якім больш мяккія ў параўнанні з калоніяй. 27-гадовы Парфянкоў — першы асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, піша БелаПАН.
Летась Парфянкова прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Асуджаны адбываў пакаранне ў
Аршанскай папраўчай калоніі. 11 жніўня 2011 Васіль Парфянкоў быў памілаваны ўказам Лукашэнкі. Такая схема чаўночнага бегу паміж статусамі «палітвязень» і
«экс-палітвязень». Праваабаронцы лічаць крымінальны пераслед Парфянкова «выключна палітычна матываваным, звязаным з імкненнем уладаў спыніць яго актыўнасць, а таксама з
жаданнем запалохаць іншых палітычных і грамадскіх актывістаў напярэдадні парламенцкіх выбараў».
Але гэтых мужных маладых змагароў не скарыць, не стрымаць і не спыніць. Выступаючы з апошнім словам, Васіль Парфянкоў заявіў: «Якім бы ні было рашэнне суда, я выйду з гэтай залі свабодным
чалавекам».
На сустрэчы з Пуціным Лукашэнка не будзе гаварыць пра свабоды і правы. Для Беларускага кіраўніка актуальныя не людзі, а грошы, крэдыты, нафта, газ ды іншыя даброты, што падаўжаюць жыццё
рэжымам.