Nоthing personal, only business
Афіцыйны Мінск і Брусэль адмаўляюцца публічна прызнаваць, што пачаўся новы этап гандлю — фінансавая падтрымка ў абмен на свабоду палітвязняў. А само слова «гандаль» не-не, ды і праслізгвае ў мове высокіх чыноў.
Афіцыйны Мінск і Брусэль адмаўляюцца публічна прызнаваць, што пачаўся новы этап гандлю — фінансавая падтрымка ў абмен на свабоду палітвязняў. А само слова
«гандаль» не-не, ды і праслізгвае ў мове высокіх чыноў.
У Беларусі распачала сваю місію пасол, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Майра Мора. Ужо першая сустрэча дыпламата з Аляксандрам Лукашэнкам паказала, у якім рэчышчы ёй давядзецца
працаваць бліжэйшым часам. Прымаючы даверчыя граматы пасла, Лукашэнка выказаў надзею, што «яе багаты досвед работы на дыпламатычнай службе ў суседняй, не чужой для нас Латвіі дазволіць
заняць актыўную пазіцыю ў справе развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін, забяспечыць іх перазагрузку на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі». Пасля цырымоніі ўручэння даверчых грамат,
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Спадзяюся, вы разумееце нас, і гэта вельмі добра. Вы не верце таму, што кажуць і пішуць, што мы з кімсьці будзем гандлявацца так званымі палітвязнямі. Мы ні
з кім не гандлюемся. Калі мы можам нешта зрабіць для палягчэння іх долі, у тым ліку ў інтарэсах Еўрасаюза, то не ўтойваем — гэта зробім, і зробім гэта шчыра».
Спадарыня Мора як сапраўдны дыпламат цвёрда паўтарае, што ніякай размовы пра гандаль людзьмі не вядзецца, а «вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў — перадумова для аднаўлення
дыялогу». «Мая акрэдытацыя прыйшлася на час вельмі крытычнага моманту ў нашых адносінах», — заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора. Аднак
«ЕС гатовы адкрыць новую старонку ў адносінах з Беларуссю, калі абставіны гэта дазволяць». Спадарыня Мора запэўнівае: «Пытанні эканамічнай дапамогі Беларусі і вызвалення
палітвязняў ніякім чынам не звязаныя. Але вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў — гэта папярэдняя ўмова ўсіх перамоваў». Пасол адзначыла, што ЕС мае важныя эканамічныя інтарэсы
ў Беларусі: «ЕС — гэта самы вялікі сусветны рынак. Ёсць цікавасць у тым, каб транзіт энергіі і транспарту праходзіў праз Беларусь без перашкод». Але Еўрасаюз чакае ад
Беларусі «рашучых крокаў па шляху прыватызацыі і адкрыццю сваёй эканомікі, што «дапаможа прыцягнуць тэхналогіі і прамыя замежныя інвестыцыі».
Таксама кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі адзначыла, што, нягледзячы на праблемы ў адносінах, Еўрасаюз цалкам не згортваў супрацоўніцтва з Беларуссю. «Беларусь застаецца
ўдзельніцай Усходняга партнёрства. Мы запланавалі шэраг тэхнічных дыялогаў, усё яшчэ чакаем адказу на нашу прапанову аб заключэнні пагаднення аб рэадмісіі. Еўрасаюз працягне падтрымку грамадзянскай
супольнасці і рэалізацыю праектаў у сферы энергетыкі, харчовай і экалагічнай бяспекі, атамнай бяспекі, а таксама падтрымку СМІ», — патлумачыла дэталі Майра Мора.
На пытанне журналістаў, ці азначаюць апошнія падзеі, што ЕС гатовы ў чарговы раз падмануць сам сябе ў сваёй веры Лукашэнку, Мора сказала: «Мы спадзяемся, што гандлю не адбываецца. А падзеі ў
верасні (вызваленне асуджаных па справе «19 снежня») даюць аптымізм Еўрасаюзу. Ёсць падставы думаць, што астатнія палітвязні змогуць выйсці на свабоду».
Гандаль ці «гуманныя прынцыпы»? З пачатку жніўня на свабоду тройчы выпускалі палітвязняў. Гэтымі днямі ў ЗША праходзіць штогадовы сход кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка. Група
беларускіх чыноўнікаў якраз на гэтыя дні накіравалася ў Вашынгтон. Планавалася, што дэлегацыю ўзначаліць Надзея Ермакова, але яна засталася ў Мінску. Па словах прэс-сакратара МЗС, з-за таго, што віза
старшыні праўлення Нацбанка была выдадзена са спазненнем.
У Вашынгтоне зараз міністр фінансаў і міністр эканомікі нашай краіны. МВФ нядаўна адмовіў Беларусі ў выдачы крэдыту, але ўрад і Нацбанк Беларусі ўсё ж разлічваюць на новую крэдытную
праграму.
Аляксандр Лукашэнка тым часам запэўнівае, што страхі з нагоды эканамічных цяжкасцяў ужо не мусяць мець месца. «Паверце, мы не знаходзімся ў такой сітуацыі, калі нам трэба кудысьці бегчы, на
калені падаць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І першыя дні, калі мы пайшлі на рэзкую нармалізацыю валютнай сітуацыі, паказалі, што крызісу ў нас таго не было. Нам цяпер трэба
клапаціцца, каб курс нашай валюты рэзка не зваліўся, блізка да таго, як ён быў, а ён да таму імкнецца». Пры гэтым Лукашэнка адзначыў: «Мы без чыёй бы тое ні было дапамогі
выкараскаліся з гэтай сітуацыі». Аднак гэта не азначае, што Беларусь супраць таго, каб узяць мільярдзік-другі ў сваіх новых ці старых сяброў. Напрыклад, урад Кітая прыняў рашэнне аб
выдзяленні Беларусі льготнага крэдыту ў 1 мільярд долараў ЗША для рэалізацыі сумесных узгодненых праектаў. А 70 мільёнаў юаняў будзе выдзелена ў якасці бязвыплатнага гранта — кітайскі
атракцыён шчодрасці. Ды і міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў мяркуе, што варта працягваць перамовы з МВФ аб выдзяленні новага крэдыту для Беларусі, «хоць крэдыт і не
крытычны».