Новыя санкцыі ЕС супраць Расіі могуць закрануць і беларускае ІТ

Санкцыі, якія Еўрасаюз збіраецца ўвесці супраць Расіі, могуць распаўсюдзіць і на Беларусь.

1fc0164facbaefee241fe28d9d226d16.jpg

Новы пакет санкцый Еўрасаюза можа закрануць IT-сферу. Пры гэтым Польшча і краіны Балтыі прапануюць пашырыць санкцыйныя меры і на Беларусь. Пра гэта піша R*FORM.by са спасылкай на матэрыялы «Financial Times».

Міністры замежных спраў краін ЕС на экстранай сустрэчы ў Нью-Ёрку, якая была склікана пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі ў Расіі і рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны, дамовіліся наконт падрыхтоўкі новага пакета санкцый. Еўракамісія можа прадставіць афіцыйныя прапановы на гэты конт на наступным тыдні, а фармальнае рашэнне пра ўвядзенне ў дзеянне пакета можа быць прынята ў сярэдзіне кастрычніка. Першапачаткова паведамлялася, што пакет санкцый будзе ўключаць меры па абмежаванні цэн на расійскую нафту, а таксама пашырэнне персанальных санкцый.


Паводле інфармацыі крыніц «Financial Times», акрамя механізму па абмежаванні цэн на расійскую нафту, у пакет могуць увайсці меры, накіраваныя на расійскую сферу інфармацыйных тэхналогій, кібербяспекі і праграмнага забеспячэння. Але што гэта за меры, пакуль не паведамляецца.

Акрамя таго, Польшча і краіны Балтыі прапануюць адключыць яшчэ некалькі банкаў ад SWIFT, забараніць імпарт дыяментаў. А таксама яны выступаюць за тое, каб санкцыі, у тым ліку  абмежаванні даступнасці інфармацыйных і іншых паслуг у IT-сферы, былі ўведзеныя і супраць Беларусі.

Як пісаў «НЧ», у Беларусі адток «айцішнікаў» з пачатку года дасягнуў ужо 10 тысяч чалавек. За студзень-ліпень было звольнена 18 873 чалавекі, а прынята на працу 8549 чалавек. Колькасць звальненняў вырасла на 95,1%, у той час як наём скараціўся на 20%.