Паўтысячы жыхароў Горак просяць пабудаваць веладарожкі

Мясцовыя актывісты Руху "За Свабоду" разгарнулі кампанію па стварэнню сеткі веладарожак у рамках падрыхтоўкі горада да "Дажынак–2012". Аднак мясцовыя ўлады прапанавалі пачакаць.



c9dd73f5cb96486f5e1e0680e841a550.jpg

Мясцовыя актывісты Руху "За Свабоду" разгарнулі кампанію па стварэнню сеткі веладарожак у рамках падрыхтоўкі горада да "Дажынак–2012". Аднак мясцовыя ўлады прапанавалі пачакаць.

У пачатку красавіка ў Горацкі райвыканкам быў пададзены калектыўны зварот грамадзян з просьбай пра будаўніцтва веладарожак у сувязі з рэканструкцыяй дарожна-вулічнай сеткі да правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу "Дажынкі–2012". Збор подпісаў пад зваротам арганізавалі сябры Руху "За Свабоду". Ініцыятыву падтрымалі больш за пяцьсот жыхароў горада.
Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Карнеева днямі даслала афіцыйны адказ. У ім тлумачыцца, што для рэалізацыі прапановы грамадзян патрабуецца карэнная рэканструкцыя дарожна-вулічнай сеткі і значныя дадатковыя капітальныя ўкладанні. Улады запэўніваюць, што на веладарожкі цяпер няма ні грошай, ні магчымасцяў. Маўляў, "параметры большасці вуліц не дазваляюць абсталяваць палосы веласіпеднага руху". Паказальна, што ў якасці аргументаў аб немагчымасці арганізацыі сеткі веласіпедных дарожак у горадзе чыноўніца спасылаецца на адсутнасць велопарковак і плаўных з'ездаў з тратуараў.
У адказе з райвыканкама таксама гаворыцца, што асноўную ўвагу добраўпарадкаванню веласіпедных дарожак вырашана надаць у зонах адпачынку. Гэта, паводле афіцыйнай інфармацыі, прадугледжана Генеральным планам горада Горкі, рэалізацыя якога разлічана на перыяд да 2020 года.
Такі адказ расчараваў заяўнікаў. Бо значная частка гараджан хоча выкарыстоўваць ровар не столькі для забавы і адпачынку, а ў якасці зручнага транспартнага сродку, у тым ліку пры дзелавых паездках па горадзе.
Гараджане задаюцца пытаннем, чаму падчас перыядычнай замены ходнікавай пліткі нельга прадугледзець і невялікі па шырыні праезны ўчастак для веласіпедыстаў? Бо не толькі ў Лядовым палацы можна весці здаровы лад жыцця, але і на веладарожцы. Ды і ровары — гэта самы экалагічна чысты від транспарту. Павялічыўшы магчымасці для велапаездак, можна было чарговы раз давесці, як дзяржава клапоціцца пра здароўе грамадзян. А яшчэ выкарыстанне ровара для паездак па крамах ці на лецішча значна эканоміць сямейны бюджэт, у адрозненне ад выкарыстання аўтамабіля.
Паводле pyx.by