Пад’елі «зуброў»
У асобна ўзятай партыі адбылася своеасаблівая «экалагічная катастрофа». «Маладыя ваўкі» начыста пад’елі ўсіх «старых зуброў». Здарылася гэта на з’ездзе Партыі БНФ, што прайшоў у суботу, 5 верасня ў Мінску. (На здымку: ХІІ з’езд БНФ. Лявон Баршчэўскі і Аляксей Янукевіч)
У асобна ўзятай партыі адбылася своеасаблівая «экалагічная катастрофа». «Маладыя ваўкі» начыста пад’елі ўсіх «старых зуброў». Здарылася гэта на з’ездзе Партыі БНФ, што прайшоў у суботу, 5 верасня ў Мінску.
(На здымку: ХІІ з’езд БНФ. Лявон Баршчэўскі і Аляксей Янукевіч)
Ацэнкі гэтаму з’езду даюць цалкам супрацьлеглыя. Каманда Лявона Баршчэўскага, Вінцука Вячоркі і Віктара Івашкевіча прайграла Аляксею Янукевічу. Перавагу Янукевічу ў якасці старшыні партыі
аддалі 30 дэлегатаў з’езда.
Вінцук Вячорка адразу ж пасля перамогі Янукевіча заявіў, што адбыўся «рэйдэрскі захоп партыі». Паводле яго слоў, рэйдэрскі захоп — гэта непрыяцельскае паглынанне.
«Не было пераважнай большасці. Не было ні разгромнай перамогі, ні ганебнай паразы», — лічыць Вячорка.
Калі ў абсалютных лічбах, то 30 чалавек — гэта, канешне, не пераважная большасць. Але калі ў працэнтах — то гэта амаль 10 працэнтаў галасаваўшых дэлегатаў з’езда. Што да
«рэйдэрскага захопу», то рэйдэры, звычайна, захопліваюць паспяховыя прадпрыемствы. Па-першае, Партыя БНФ — палітычная структура, а не прадпрыемства. Па-другое, яе ўжо даўно
нельга прызнаць паспяховай, як і ўсю беларускую апазіцыю ў цэлым. Фронт відавочна страціў свой уплыў на беларускае грамадства.
Толькі адзін прыклад. 8 верасня ў мінскім скверы Янкі Купалы моладзь бойкай падушкамі адзначыла гадавіну бітвы пад Оршай. Паводле падлікаў Радыё «Свабода», у скверы Янкі Купалы
сабралася больш за 1000 чалавек. Амаль кожны прыйшоў са сваёй пухаўкай, і багата хто завітаў папросту паназіраць за відовішчам.
А зараз узгадаем традыцыйнае і знакавае шэсце як для ўсёй апазіцыі, так і для Партыі БНФ — «Чарнобыльскі шлях» гэтага года. Нягледзячы на ўсе высілкі аб’яднанай
апазіцыі, на розных этапах «Чарнобыльскага шляху» ў акцыі ўдзельнічала ад 400 да тысячы чалавек.
Калі на неарганізаваную «бойку пухаўкамі» прыходзіць столькі ж народу, як і на арганізаваны «Чарнобыльскі шлях», варта было б задумацца пра свае дзеянні,
прааналізаваць сітуацыю, памылкі. З гэтага пункту гледжання пазіцыя новага старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча выглядае цалкам слушнай: «Я перакананы, што партыя павінна стаць рэальнай
сілай, якая зможа ў будучыні змагацца за ўладу і прыйсці да ўлады. Мы не павінны плесціся ў хвасце розных ініцыятыў, дзе Партыя БНФ была б на другіх ролях».
Але гэта пакуль толькі словы, заявы. Варта адзначыць, што новае кіраўніцтва ПБНФ у выніку перамогі атрымала больш нявырашаных праблемаў, чым прэферэнцый. Па-першае, з-за сваіх амбіцыйных планаў па
стварэнні нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі, пра якую заяўляў Янукевіч. Гэта добры кавалак працы. Па-другое, надзённым пытаннем з’яўляецца і адзінства партыйных шэрагаў, што асабліва важна
напачатку прэзідэнцкіх выбараў. Па-трэцяе, зноў амбіцыйныя планы Янукевіча — пытанні са зменамі выбарчага заканадаўства, чаго не могуць дамагчыся ўсе аб’яднаныя дэмакратычныя сілы
ўжо на працягу доўгага часу.
Акрамя таго, перад новай камандай узнікнуць чыста практычныя пытанні. Прыкладам, аплата арэнды офіса ПБНФ, які ў месяц цягне на немаленькую суму. Прыгадаем, што гэта праблема ўжо востра паўставала
перад партыяй падчас старшынства Лявона Баршчэўскага.
Карацей, у выніку перамогі маладая каманда хутчэй знайшла сабе прыгодаў на адно месца, чым выгодаў.
На гэтым тыдні апазіцыя з’ела яшчэ аднаго «зубра». 10 верасня Беларусь пакінуў кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску Ханс-Йохан Шмідт. Фармальна ён павінен быў заставацца кіраўніком
офіса да 30 верасня, але ад’язджае раней — у адпачынак, а потым на новае месца дыпламатычнай працы.
Ханс-Йохан Шмідт заняў пасаду кіраўніка мінскага офіса АБСЕ ў лютым 2008 года. У апошні час прадстаўнікі беларускай апазіцыі неаднаразова выказвалі нездавальненне дзейнасцю і словамі дыпламата.
Вядома як мінімум пра чатыры скаргі на Шмідта, якія былі нібыта пададзены ў цэнтральны офіс АБСЕ ў Вене: ад прадстаўнікоў міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія), ад
Аб’яднаных дэмакратычных сіл, а таксама ад былой супрацоўніцы і былога вадзіцеля офіса.
Каментуючы крытыку на свой адрас з боку прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці, Шмідт адзначыў: тыя, хто робяць такія захады, могуць мець на мэце «прасоўванне сваіх інтарэсаў,
выкарыстанне офіса як каталізатара радыкальных палітычных перамен у краіне». «Але гэта не ўваходзіць у наш мандат, мы тут не для таго, каб рэалізоўваць нейкую палітку»,
— падкрэсліў дыпламат.
З іншага боку, 2 верасня падчас сустрэчы са Шмідтам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей заявіў, што «беларускі бок ясна разумее сутнасць і прычыны вылучаных супраць кіраўніка
офіса папрокаў з боку асобных краін — сябраў АБСЕ і прадстаўнікоў радыкальнай апазіцыі, разглядае іх як непрымальныя і беспадстаўныя, якія маюць на мэце аказаць ціск на характар дзейнасці
офіса ў цэлым, падарваць давер да яго з боку ўладаў Беларусі». Паводле слоў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, «няма аб’ектыўных падстаў для існавання палявой прысутнасці
АБСЕ ў Беларусі». Мы вымушаны сур’ёзна задумацца над перспектывамі далейшай дзейнасці офіса, у тым ліку ў дачыненні да прызначэння яго новага кіраўніка».
Ну дык і чаго ў такім выпадку дасягнула апазіцыя? Можа, усё ж трэба быць больш абачлівымі і дыпламатычнымі ў сваіх ацэнках і выказваннях, выбудоўваць адносіны, а не абрываць іх?
Што тычыцца іншых падзеяў у Беларусі, то да нас з чарговым візітам завітаў
сябар Уга. Чавес перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад лідэраў шэрагу дзяржаў. «Я прывёз табе прывітанні ад «восі зла». Фідэль, Рауль (браты Кастра), Ахмадзінежад,
Бутэфліка, Кадафі, Бердымухамедаў (прэзідэнты Ірана, Алжыра, лідэр лівійскай рэвалюцыі, прэзідэнт Туркменістана) перадавалі табе прывітанні», — сказаў Чавес. А перад сустрэчай з
Лукашэнкам лідэр Венесуэлы наведаў МАЗ і Мінскі завод колавых цягачоў.
Але і тут сябра Уга паказаў свае прыярытэты. Уга Чавес прыляцеў у Мінск з Венецыянскага кінафестывалю. Ён так захапіўся фільмам пра сябе, які зняў рэжысёр Олівер Стоўн, што спазніўся ў Беларусь і
адмяніў лекцыю ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Вось сапраўды ленінскі падыход: «З усіх мастацтваў для нас найважнейшым з’яўляецца кіно».