Пакуль няма рашэнняў, словы застаюцца словамі
«Інавацыйнае развіццё не зводзіцца толькі да Парка высокіх тэхналогій. Гэта кожнае прадпрыемства, кожнае працоўнае месца», — заявіў кіраўнік Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. прафесара Куняўскага (БСПН) Георгій Бадзей падчас працы кірмашу інавацыйных ідэй у Мінску.
«Інавацыйнае развіццё не зводзіцца толькі да Парка высокіх тэхналогій. Гэта кожнае прадпрыемства, кожнае працоўнае месца», — заявіў кіраўнік Бізнес-саюза
прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. прафесара Куняўскага (БСПН) Георгій Бадзей падчас працы кірмашу інавацыйных ідэй у Мінску.
Па задуме арганізатараў, кірмаш мусіў стаць пляцоўкай для прамых кантактаў паміж уладальнікамі інавацыйных ідэй, вынаходнікамі, навукова-даследчымі інстытутамі і прадстаўнікамі дзелавых колаў.
«Выставы, якія праводзяцца з удзелам дзяржаўных органаў, дарагія, — патлумачыў кіраўнік БСПН. — Гэты кірмаш для яе ўдзельнікаў бясплатны. Усе выдаткі ўзялі на сябе
арганізатары».
Пра сутнасць інавацый і стаўленне дзяржавы да прыватных ініцыятыў чытачам «НЧ» і распавёў Георгій Бадзей.
— У нас ёсць так званы Парк высокіх тэхналогій, якім многія ганарацца, але інавацыйнае развіццё — гэта іншы падыход. У нас пра гэта звужанае ўяўленне, лічыцца, што калі мы
стварылі згаданы Парк, то ўжо рухаемся па інавацыйнаму шляху, але гэта не так. Інавацыі мусяць быць на кожным прадпрыемстве, на кожным працоўным месцы, пачынаючы ад арганізацыі працы і да тэхналогій.
Інавацыі — усё, што садзейнічае падвышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі, прасоўванню іх на рынку.
— Але прадпрыемства мусіць быць зацікаўлена ў гэтым. Большасць дзяржаўных прадпрыемстваў працуюць у парніковых умовах, маюць датацыі, падтрымку...
— Вось у гэтым і праблема. Любым інавацыям патрэбна матывацыя, чалавек, уласнік мусіць быць зацікаўлены ў продажы сваёй прадукцыі, атрыманні прыбытку. Што ў нас для гэтага робіцца? Калі
гавораць «жывіце па сродках», гэта ўжо нешта. Але кепска, што з усіх збіраюцца плацяжы ў інавацыйныя фонды, і пасля гэтыя грошы накіроўваюцца на падтрымку стратных прадпрыемстваў.
Таму ёсць пытанні да цяперашняй эканамічнай палітыкі. Сусветная практыка паказвае, што найбольш эфектыўны прыватны сектар, калі кожны шукае, як зарабіць, выжыць, і гэта ёсць рухавіком. Дзяржаве
неабходна скарачаць свой уплыў на эканоміку, сыходзіць ад палітыкі пратэкцыянізму.
Яшчэ ў 1994 годзе Вярхоўны савет прыняў праграму і закон аб прыватызацыі. Яны мусілі выконвацца, чаму гэтага не адбылося, так ніхто і не патлумачыў. Цяпер пачынае нараджаць нешта новае, ствараем
спісы на прыватызацыю, вось працягнулі дзеянне прыватызацыйных чэкаў на тры гады. Я думаю, што прыпыненне прыватызацыі было памылковым. І пазіцыя прадаць як мага даражэй прадпрыемствы не зусім
правільная. У неэфектыўныя прадпрыемствы, якія выстаўляюцца на продаж, трэба ўкласці нямала сродкаў, каб яны пачалі прыносіць прыбытак. А хто будзе інвеставаць у цяжкія, неэфектыўныя праекты? Трэба
найперш шукаць эфектыўных уласнікаў з добрымі бізнес-ідэямі.
— А што цяпер ёсць найбольшай праблемай прыватнага бізнесу?
— Праблема найперш у тым, што рабілася стаўка на дзяржаўны сектар, падтрымлівалі яго ў тым ліку і за кошт прыватных прадпрыемстваў. У выніку апошнія нармальна не могуць развівацца, а
неэфектыўныя прадпрыемствы ліпяць на датацыях. Так, можна працягваць ураду, кіраўніку Беларусі ездзіць і прадаваць трактары, а можна было даўно прыватызаваць той жа трактарны завод, у тым ліку і з
замежным капіталам. Тады не трэба было б хадзіць і ўпрошваць набываць прадукцыю.
— Шэраг экспертаў сярод рызыкаў новай хвалі прыватызацыі называюць яе магчымы наменклатурны характар. Ці бачыце вы ў гэтым небяспеку для айчыннай эканомікі?
— Усё залежыць ад таго, як дзяржава будзе праводзіць гэту прыватызацыю. Яна і ў 1990-я гады магла быць наменклатурнай. Тады планавалася масавая, чэкавая прыватызацыя, хаця, магчыма, яна і не
лепшы інструмент. Той спосаб быў накіраваны на «справядлівую» прыватызацыю. Хаця кажуць, што ў свеце справядліва дзеліцца толькі розум — ніхто не крыўдзіцца, што яго
абдзялілі. У працэсе прыватызацыі заўсёды нехта будзе больш паспяховым. Тая ідэя прыватызацыі не прыносіла імгненных прыбыткаў бюджэту, але яна мела на мэце знайсці эфектыўных уласнікаў, каб яны і
зарабілі, і паднялі прадпрыемства. Не было задачы прадаць як мага даражэй. Немцы пасля аб’яднання Германіі прадавалі свае прадпрыемствы за адну марку. Была праграма прыватызацыі праз
эфектыўны ўнутраны менеджмент — хто прапануе лепшы праект, таму і перадавалася прадпрыемства.
— Але гэта выклікала масавыя скарачэнні колькасці людзей на прадпрыемствах. Цяперашнія ўлады баяцца падобнага сцэнару, захаванне працоўных месцаў нават ва ўмовах крызісу
— вось задача кіраўніцтва прадпрыемстваў.
— Я калісьці таксама крытычна ставіўся да «шокавай» прыватызацыі. Было меркаванне, што нам такі варыянт не патрэбны. Але нельга нічога не рабіць, нельга жыць у вечным шоку.
Магчыма, трэба было ўсё ж крыху мацней зацягнуць рамень, каб пасля можна было спакойна працаваць. А да чаго мы прыйшлі з часам? Усё адно прыватызацыю трэба праводзіць. Дык куды былі патрачаныя
пятнаццаць гадоў?
Напружанасць на рынку працы — гэта другаснае. Важна, каб чалавек, які страціў працоўнае месца, меў падтрымку і меў магчымасць хутка знайсці новае месца працы, атрымаць іншую кваліфікацыю. У
развітых краінах звяртаецца большая ўвага на працягласць беспрацоўя, а не яе ўзровень. У нас дапамога па беспрацоўю проста смешная. Калі чалавек за два-тры месяцы знаходзіць новае месца працы, а гэты
час жыве на прыстойную дапамогу, перавучваецца, гэта нармальна. Значна горш, калі гадамі немагчыма знайсці працу.
— І ўсё ж столькі гаворыцца пра тое, што Беларусь чакае замежных інвестараў, імідж краіны ўлады спрабуюць падвысіць, на міжнародных дзелавых рэйтынгах засяродзіліся. Па вашых
адчуваннях, поле для дзейнасці падрыхтаванае?
— Беларусь на словах гатовая прыняць замежны капітал. Але мне падаецца, што мы б хацелі, каб замежныя інвестары прынеслі і аддалі нам свае грошы, а мы імі кіравалі. Але так не бывае. Таму як
бы мы ні гаварылі, што будзем паляпшаць наш імідж, людзі будуць ацэньваць дзеянні. Колькі гаворыцца пра лібералізацыю цэн? Пакуль няма рашэнняў, словы застаюцца словамі, а ім ніхто цяпер не
верыць.
--------------------------------------------------------------------
Даведка
Георгій Бадзей скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынер-механік, Інстытут падвышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання народнай гаспадаркі пры Савеце міністраў СССР. Працаваў на
Мінскім трактарным заводзе, у Дзяржплане БССР. З 1990 па 1994 гады — міністр працы і сацыяльнай абароны, у 1994–1995 гадах — міністр прыватызацыі, 1995–1996
— міністр эканомікі. З 1996 года — дарадца, віцэ-старшыня Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН), з 2001 года ўзначальвае БСПН.