Папяровае войска для Расіі

Мінск і Масква разышліся ў поглядах на ваеннае супрацоўніцтва. Цягам апошняга тыдня з вуснаў афіцыйных прадстаўнікоў абодвух бакоў прагучалі супярэчлівыя выказванні адносна таго, ці будуць беларускія вайскоўцы ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях па-за тэрыторыяй Беларусі.   Падставай для дыскусій стала падпісанне міжурадавых пагадненняў у межах стварэння адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Дакументы былі падпісаныя ў Крамлі падчас пазачарговай сесіі Рады калектыўнай бяспекі АДКБ, у якой прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кіргізіі, Таджыкістана, Узбекістана, а таксама генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа.



3636638817772e42b59d74cff571fbb3.JPG

Мінск і Масква разышліся ў поглядах на ваеннае супрацоўніцтва. Цягам апошняга тыдня з вуснаў афіцыйных прадстаўнікоў абодвух бакоў прагучалі супярэчлівыя выказванні адносна таго, ці будуць беларускія вайскоўцы ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях па-за тэрыторыяй Беларусі.

Падставай для дыскусій стала падпісанне міжурадавых пагадненняў у межах стварэння адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Дакументы былі падпісаныя ў Крамлі падчас пазачарговай сесіі Рады калектыўнай бяспекі АДКБ, у якой прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кіргізіі, Таджыкістана, Узбекістана, а таксама генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Мінску, пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што не выключае мажлівасці таго, што беларускія вайскоўцы будуць служыць па-за межамі краіны. «Частка сілаў аператыўнага рэагавання на выклікі тэрарызму, наркатрафіку будзе сфарміравана і ў Беларусі. Міжурадавыя пагадненні стаяць вышэй за заканадаўства асобных краін», — аргументаваў пазіцыю расійскага боку спадар пасол. Таксама Сурыкаў паведаміў, што практычнае выкананне дамовы аб стварэнні сістэмы сумеснай супрацьпаветранай абароны пачнецца прыкладна праз паўгода. “Пакуль пагадненне СПА рамачнае, на базе яго будзе падрыхтаваны цэлы шэраг дакументаў, якія будуць рэгуляваць пытанні камандавання, узбраення, напаўнення ваеннаслужачымі, уваходу канкрэтных частак у гэтую сістэму. Я думаю, што ўсё зойме прыкладна паўгода, — заявіў дыпламат.

У контр пазіцыю Сурыкаву ў эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала прагучала заява міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, які запэўніў, што нашы вайскоўцы не будуць удзельнічаць у баявых дзеяннях за межамі Беларусі, паколькі заканадаўства гэтага не прадугледжвае. “Хачу падкрэсліць, што як нашы хлопцы не ваявалі ў “гарачых кропках, так і не будуць ваяваць. Усе нашы законы будуць няўхільна выконвацца, тут ні ў каго сумненняў не павінна быць, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. Міністр МЗС адзначыў, што кожны ўдзельнік АДКБ будзе рабіць свой унёсак у фармаванне Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР), але беларускія ўзброеныя сілы могуць выкарыстоўвацца ў складзе КСАР толькі ў зоне сваёй адказнасці, то бок на тэрыторыі Беларусі.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў у афіцыйнай заяве параіў расійскаму паслу “не забегаць наперад, і нагадаў, што дакумент АДКБ па Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання пакуль не мае статусу міжнароднай дамовы. “Варта мець на ўвазе, што рашэнні аб задзейнічанні КСАР будуць прымацца толькі кіраўнікамі дзяржаў АДКБ і толькі на аснове кансенсусу. Так што не трэба паслу забегаць наперад, — адзначыў Андрэй Папоў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь забараняе яе вайскоўцам удзельнічаць у аперацыях за межамі тэрыторыі краіны. Разам з тым, у артыкуле 12 Закона “Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што “накіраванне вайскоўцаў за межы Рэспублікі Беларусь для выканання міжнародных абавязальніцтваў дзяржавы, удзелу ў баявых дзеяннях і міратворчых аперацыях здзяйсняецца ў парадку, які ўстанаўліваецца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь.

Юрыст Юрый Чавусаў адзначае, што міжнародныя дамовы маюць большую юрыдычную сілу, чым унутранае заканадаўства. Таму фармальна Беларусь мае юрыдычныя падставы адпраўляць вайскоўцаў служыць за мяжу. Тым больш, што ў заканадаўстве, акрамя Канстытуцыі, няма на гэта забароны, і больш таго — такая магчымасць нават прадугледжана Законам “Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

“Міжнародныя дамовы павінныя выконвацца, бо пасля ратыфікацыі маюць сілу закона. Калі Беларусь прыме гэтую дамову, то ўжо не зможа адмовіцца ад узятых на сябе абавязальніцтваў: Венская канвенцыя прадугледжвае, што дзяржава не можа спасылацца на ўнутранае права для таго, каб адмовіцца ад выканання падпісанай дамовы, — падкрэсліў юрыст. Але працэдура ратыфікацыі парламентам міжнароднага пагаднення не абмежаваная ў часе, што дазваляе зацягнуць гэты працэс. Калі ж меркаваць па заявах афіцыйных асобаў, то Беларусь ці першапачаткова не мела намеру выконваць свае ваенныя абавязацельствы ў межах падпісаных пагадненняў, ці разлічвае на тое, што зможа ўхіліцца ад удзелу ў сумесных ваенных аперацыях.