Партрэт грамадзяніна ВКЛ

Пра што расказваюць завяшчанні продкаў. Піша Вольга Бабкова, супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага архіва.



vkl1.jpg

Леапольд Лёфлер. Смерць Стэфана Чарнецкага. 1860.

Тастаменты (акты апошняй волі, завяшчанні, духоўніцы) займаюць асаблівае месца сярод юрыдычных дакументаў, складзеных нашымі продкамі. Яны адносяцца да катэгорыі гістарычных крыніц, з якіх выразна гучыць голас тагачаснага чалавека.

Нягледзячы на стандартную форму дакумента, памер тэксту ў якім залежаў ад ганарара пісару, у тастаменце магчыма разгледзець асобу складальніка — тастатара. Непасрэдная і ўскосная інфармацыя пра яго самога і яго сям’ю вылучае тастаменты ў шэраг крыніц, каштоўных і для генеалагічных даследаванняў. Развагі пра хуткаплыннасць часу, мізэрнасць жыцця ў параўнанні з вечнасцю, спадзяванні на справядлівы Божы Суд і ўваскрашэнне, а таксама пералік рэчаў, якімі атачаў сябе чалавек, дае ўяўленне пра ягоны ўласны свет.

Нядаўна ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшаў зборнік дакументаў пад назвай «Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст.». На 700 аркушах выдання размешчаны 116 дакументаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва.

Чытаючы сведчанні апошняй волі людзей з розных мясцовасцяў, рознага маёмаснага стану, заўважаеш, што на нашых землях існавала пэўная культура напісання тастаментаў, страчаная пазней у выніку палітычных трансфармацыяў найноўшага часу.

Традыцыя складання тастаментаў пачынаецца з часоў Антычнасці. Еўрапейскія гісторыкі, грунтуючыся на тастаментах, вывучаюць не толькі прававыя і эканамічныя пытанні, але і даследуюць у сферы ментальнасці, духоўнасці, рэканструкцыі штодзённага жыцця.

Тастамент беларуса другой паловы XVI ст. сведчыў пра розныя моманты індывідуальнай гісторыі чалавека. Напрыклад, пра склад сям’і, маёмасць, адукаванасць. Таксама даваў ускоснае апісанне эпохі праз згадку ваенных падзеяў, неўраджайных гадоў, паморкаў, паездак у іншыя краіны на лячэнне ці па адукацыю, стаўленне да сваёй Айчыны... Часам у актавых кнігах знаходзіцца працяг гісторыі тастатараў і іх сямейнікаў — выконвалі ці не выконвалі нашчадкі апошнюю волю нябожчыка, які быў далейшы лёс дакумента. Уся гэтая інфармацыя дазваляе часам скласці партрэт асобы, грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага.

Звяно ў сямейным ланцугу

Тастаменты пісаў кожны, ці то у радасцях і раскошах, ці то згалочаны і нічога не маючы, пакідаючы, адпаведна, кожнаму з сямейнікаў або маёнткі і каштоўнасці, або адно пчолы, ды сена мурожнага і балотнага. Пры гэтым кожны з тастатараў мусіў адчуваць сябе пэўным звяном у сямейным ланцугу, бо ў свой час таксама быў спадкаемцам.

Тастамент даваў магчымасць нагадаць пра сябе, дзякуючы запісаным у ім маёмасным пажалаванням сваякам, як бы захоўваючы сувязь з былымі ўладаннямі праз пэўную адзнаку на зямлі. Такім чынам, адной з утоеных мэтаў складання тастаментаў была ідэя працягнення жыцця пасля смерці не толькі праз малітвы і памінальную імшу, але і праз маёмасныя наданні сваякам. Тастаменты з пакалення ў пакаленне захоўваліся ў фамільных шкатулах разам з іншымі важнымі сямейнымі дакументамі.

Дзеці, чэлядзь, людзі шалёныя

Статут ВКЛ — закон, па якім нашыя продкі жылі больш за трыста гадоў — агаворваў умовы складання тастаментаў. Вось, напрыклад, як гучаў пералік асобаў, якім было забаронена складаць акт апошняй волі, размяркоўваць сваю маёмасць: «Найперш дзеці, што гадоў адпаведных не маюць, манахі..., сыны, ад бацькі не аддзеленыя…, палоннікі і чэлядзь дворная; а таксама людзі шалёныя, каторыя ад розуму адыходзілі… таксама выгнанцы... не могуць тастаментаў складаць».

Пры справаванні тастамента мусілі прысутнічаць сведкі. Гэта павінны былі быць людзі «веры годныя, а не падазроныя». Жанчыны, паводле Статута, не маглі быць сведкамі. Амаль не сустракаліся кабеты і ў якасці апякунак пазасталым сваякам, хаця ў Статуце гэтая мажлівасць агаворвалася. Перавага аддавалася найстарэйшай у родзе.

Складаліся тастаменты не толькі з набліжэннем старасці або якойсьці хваробы. Тагачаснага чалавека маглі напаткаць безліч бедаў, якія прыводзілі да смерці: нішчэнне ад жаўнера, праз агонь, паветрые моравае, голад, спусташэнне, ушкаджэнне... У пераважнай большасці тастаменты пісаліся загадзя і розніца ў даце напісання тастамента і даты яго актыкацыі (дата ўпісання дакумента ў актавыя кнігі пасля смерці) складала найчасцей некалькі месяцаў.

 

Каб злосць між людзей не множылася

Увогуле ж тастаменты пісаліся паводле павіннасці хрысціянскай і права паспалітага з пэўнай мэтай: каб не пакінуць пасля сябе розруху, вархолу,зайсця, крыўдаў, ростыркаў, уціскаў, розніцы, шарпаніны, завіснення, затруднення, пасварак і бурдаў між сямейнікамі. Каб злосць між людзьмі не множылася.

Клопат пра жонку і дзяцей вымагаў звяртацца да апекуноў. Зямянін са Слуцкага княства Петр Быкоўскі слёзна прасіў князя Януша Радзівіла, дабрадзея свайго, быць апекуном і абаронцам жонкі і дзяцей, называючы яго панам хрысціянскім. Пан Фёдар Пашчынскі пакінуў наказ пра выхаванне сына адпаведна яго шляхецкага стану з вялікай пільнасцю, абы быў цвічоны перад боязню Божай і пабожнасцю хрысціянскай… абы ва ўсялякіх цнотах памнажаў…

Марнота свету

Перад абліччам смерці мала хто мог дазволіць сабе быць няшчырым. І хаця хрысціяне мелі надзею на вясёлае з мёртвых устанне і атрыманне жывата вечнага, але страх перад Страшным Трыбуналам Бога Збавіцеля часам прымушаў увасабляць тэму смерці праз метафару, як зрабіў гэта ў сваім тастаменце пан Фёдар Пашчынскі. Смерць, на ягоную думку — злодзей, які падкрадаецца цішком, рабуючы наш дом — мізэрнае цела, вымаючы з дому маёмасць, то бок душу. Смерць увасаблялася таксама ў вобразе крыжа (на крыжы смерці сваёй). Хвароба — як ганец смерці.

А часам у тастаменце гучала горкая іронія над сабой і над лёсам. Пан Ян Цадроўскі, быўшы ўжо чалавека старым і хворым, штогадзінна выглядаючы паслоў нябесных па сваю душу, пакінуў у сваім тастаменце наступныя радкі: ужо так мяне фартуна мая з маладых гадоў пеставала, не даўшы мне кута ўласнага, дзе бы мог жыццё сваё скончыць…

Тастаменты пісалі людзі бачныя, г.зн. мудрыя, якія добра разумелі: на свеце нічога пэўнейшага няма, адно смерць, а час і гадзіна яе схаваная ад вачэй. Амаль у кожным з тастаментаў — прыклад развагаў пра свет, які прыйшоў час пакідаць і пра сваё стаўленне да смерці. Трагічна і смутна гучыць усведамленне нетрываласці гэтага свету, але ж менавіта падобнае ўспрыняццё і пакідае радкі, блізкія ўзору літаратуры, як, прыкладам, у тастаменце зямяніна Наваградскага ваяводства Пятра Быкоўскага: бо ўсе рэчы на свеце створаныя гібеюць і да сканчэння прыходзяць. Не толькі зямля, але і ўвесь круг нябесны, сонца і месяц з усімі аздобамі сваімі знішчаюцца і канец мець мусяць...

«Пахавайце пад грушай»

Выказваючы апошнюю волю, паміраючы звяртаўся да найбліжэйшых сваякоў, ці да іншых блізкіх людзей з просьбай аб месцы пахавання. Выбар месца пахавання — адзін з важных матываў у тастаментах. Калі бессмяротную душу-кляйнот заўжды даручалі ў рукі Пану Богу, Уседзяржацелю неба і зямлі, то цела — з зямлі ўзятае мусіла да зямлі і вярнуцца. Найчасцей месцам пахавання былі касцёлы і церквы, што адпавядае хрысціянскай традыцыі і культуры. Значная колькасць шляхты выбірала месцам пахавання фамільныя склепы ў маёнтках, ці проста месца побач з бацькамі, дзецьмі, ці мужам­жонкай. У шэрагу тастаментаў сустракаюцца пажаданні быць пахаванымі на гары, хрысціянскім звычаем, што, верагодна, адпавядала традыцыям пратэстантаў (а мажліва было выклікана жаданнем хутчэйшага­пярвейшага ўваскрашэння ў абяцаны Госпадам дзень.

Гэтак берасцейскі зямянін Аляксандр Тхарніцкі прасіў айчыма зладзіць апошні прытулак на горцы, недалёка Дземешаўшчыны. Слонімскі зямянін Мікалай Рэпніцкі прасіў быць пахаваным подле двух верб пры касцёле св. Андрэя ў Слоніме. Нязвыклым выглядае пажаданне берасцейскага зямяніна Яна Лазавіцкага быць пахаваным хрысціянскім звычаем на полі ўласным пад грушаю каля дарогі, што ідзе ад Кобрыні да Гарадца. Гаворка можа ісці пра водгулле паганства, спалучанага з хрысціянскімі ўяўленнямі. Традыцыя пахавання ўздоўж дарог бярэ пачатак з часоў Антычнасці.

Памяць, падтрыманая пісьмом

Такім чынам, істотным матывам напісання тастаментаў з’яўляецца памяць. Памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б пісьмом падпіраная не была, — пісалі нашыя продкі. — Усякія рэчы на свеце з памяці людской сыходзяць і сплываюць. Традыцыя пісаць пра неабходнасць памяці, каб захаваць для нашчадкаў на паперы сваю волю — таксама працяг антычнай традыцыі, запачаткаванай яшчэ Герадотам, які свае «Грэка-персідскія войны» суправадзіў эпіграфам: каб не было забыта зробленае людзьмі.

nn.by