Прагрэс адсоўваецца

Цяпер многа размоў вядзецца вакол ініцыятывы ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю». Асноўныя мэты гэтай ініцыятывы — стварэнне сучаснай і дэмакратычнай мадэлі развіцця Беларусі і дапамога ў ажыццяўленні неабходных рэформаў, ацэнка патэнцыялу развіцця далейшых адносін паміж ЕС і Беларуссю ў рамках праграм «Еўрапейская палітыка суседства» і «Усходняе партнёрства».
 

Але еўрапейскія палітыкі і даследчыкі падкрэсліваюць, што бліжэйшым часам нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і ЕС чакаць не варта, а магчымыя перамены ў краіне трэба звязваць найперш з грамадзянамі, а не са знешнімі сіламі і інструментамі.
«На мой погляд, сярэднетэрміновыя і кароткатэрміновыя перспектывы ўзаемаадносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам не надта добрыя. Я не бачу падстаў для змены сітуацыі ўнутры Беларусі. І ў шэраг гэтых прычын я дадаю і Расію», — гаворыць Марка Міхкельсон, старшыня камітэта па замежных справах парламента Эстоніі. Міхкельсон заўважае, што знешняя палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі не сфарміраваная. «Цяпер, калі ў вас змяніўся міністр МЗС (Уладзімір Макей, які знаходзіцца ў спісах неўязных у ЕС — аўт.) у краінах ЕС абмяркоўваюць, ці дасылаць яму віншаванне. У Брусэлі жнівень — час адпачынкаў. І вось яны думаюць, што з Макеем трэба працаваць, але не змяняць яго статус», — распавядае пра казусы еўрапейскіх палітычных калідораў старшыня камітэта па замежных справах парламента Эстоніі.
Марка Міхкельсон нагадвае, што на Беларусь вялікі ўплыў мае Расія, і Еўропа не мае жадання цяпер з ёй у гэтым сур’ёзна спаборнічаць. «Мы бачым, што кіраўніцтва Расіі кіруецца тым, што распад СССР быў самай вялікай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя. І зразумела, што для Расіі не аддаваць сферы свайго ўплыву — ключавое пытанне. Таму нам застаецца спакойна працаваць на будучыню. Я думаю, што было б няправільна цалкам блакаваць адносіны з афіцыйным Мінскам ці прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці», — зазначае эстонскі палітык.
Нявызначанасць Брусэлю пацвярджае і навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных спраў Анаіс Марын. «Ад прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і разгону мітынгу прайшло 18 месяцаў. За гэты час з боку ЕС былі ідэі санкцый, Дыялогу аб мадэрнізацыі. Але перайсці да цэласнай стратэгіі, відаць, не атрымалася. Ці, можа, стратэгія схаваная, і я папросту не бачу яе. І ўвогуле, я не бачу з боку Брусэля жадання адыйсці ад легітымізацыі рэжыму і гуляць па яго правілах. Калі працягваць логіку ЕС, то трэба было не прымаць ніводныя выбары, як тое было з рэферэндумамі. А цяпер ЕС трапіў у сваю ж пастку. Рэпертуар пугі і перніка Лукашэнка добра вывучыў і сам ім карыстаецца», — рэзюмуе Анаіс Марын. Эксперт дадае, што цяпер не варта чакаць нейкага надзвычайнага прагрэсу ў стасунках з ЕС, бо такога пункту папросту няма ў першасных патрэбах ні Беларусі, ні Еўрасаюза.