Праваслаўныя святкуюць Вадохрышча
Свята Богаяўлення заканчвае калядны цыкл. Вадохрышча звязанае з евангельскім паданнем пра тое, як Ісус Хрыстос прыйшоў да Яна Хрысціцеля і прыняў хрышчэнне ў рацэ Іардан. Пасля гэтага Гасподзь паказаў сябе як Збавіцель і Месія.
Увечары напярэдадні свята нашы продкі гатавалі трэцюю за Каляды галодную куццю. Пасля есці можна было толькі раніцай, найперш прычасціўшыся асвячонай (свянцонай) вадой.
Чын Вялікага асвячэння вады адбываецца ў храмах напярэдадні, 18 студзеня, пасля літургіі. Называецца яна па-царкоўнаму Агіясмай, ці проста асвячонай, святой вадою. Разам з царкоўнымі свечкамі, купленымі ў гэты дзень, яе захоўваюць у доме, каб яна падтрымлівала ў ім святло і цеплыню ўвесь год.
Нашы продкі лічылі, што асвячоная ў царкве вада мае магічныя ўласцівасці. Яна не толькі лечыць цела, але і душу. Вадою прычашчаліся і мыліся, давалі піць хвораму і сурочанаму. Дадавалі некалькі кропель свянцонай вады і пры першым купанні немаўляці, для здароўя.