Роздум: прычыны быць разам

Вера і будучыня Бацькаўшчыны — вось што нас знітуе, дапаможа вызначыцца з палітычным строем і агульнымі базавымі каштоўнасцямі. Такая карціна можа выглядаць ідэалістычна, але...  



skacannyje_fajly3.jpg

Днямі Валянцін Акудовіч распавёў гісторыю пра беларускіх уцекачоў у Нямеччыне ў 1945 годзе. Былы нямецкі канцлагер стаў для нашых паваенных землякоў больш прымальным, чым крывавая савецкая ўлада. Але, як і цяпер, так і ў тыя часы, беларусы падзяліліся на два лагеры.
Тое самае мы бачым і сёння: беларусы сварацца. Рускамоўныя беларусы абвінавачваюць беларускамоўных у абмежаванасці поглядаў, а другія першых — у імперскасці. Сцены супольнасці немалой беларускамоўнай грамады раз-пораз прабіваюць вострыя калы абвінавачванняў у здрадзе. З гэтых дзірак вырываецца пара злосці, пагрозы ў расфрэнджванні. Калі-нікалі дзіркі пераўтвараюцца ў адтуліны, падобныя на дзверы, і з іх выходзяць людзі, якія так і не паразумеліся. Канешне, гэта не азначае, што беларускамоўная супольнасць распадаецца на атамы і гіне. Якраз наадварот: у чалавечым жыцці кожная асоба-атам здольная ісці сваім шляхам, прывабліваць аднадумцаў і ствараць новую беларусацэнтрычную супольнасць. Пытанне ў тым, ці могуць ужо новыя супольнасці быць разам? Ці атрымаецца пераадолець крыўду? 

Дзве душы беларуса лаюцца і сябруюць між сабой. Гэта выдатна падкрэсліў у сваім знакамітым эсэ Ігнат Абдзіраловіч. Мы абвінавачваем у здрадзе на расійскі капыл: або чорнае, або белае, і нашу талерантнасць з’ядае ўсходняе светабачанне. А вось метад супрацоўніцтва мы, беларусы, выбіраем еўрапейскі, сядаем за круглыя сталы, выказваем свае думкі, вучымся бачыць пазітыў у адценні думкі суразмоўцы і пытальна глядзім на мадэратара, якому ўрэшце трэба будзе прывесці рознагалоссе думак да аднаго назоўніка.

Дык мы больш выігрываем ці прайграем ад такіх спрэчак? Думаю, калі адны беларусы выйграюць, а другія — прайграюць, усе разам мы таксама прайграем. Зразумела, пазбегнуць канфліктаў у жыцці немагчыма, але існуе спосаб перавесці іх разбуральную сілу ў творчую.

Так атрымалася, што гадоў з дзесяць таму я тры разы паўдзельнічаў у трэнінгу «выйгрыш-выйгрыш». Сутнасць трэнінгу — паказаць удзельнікам, што ў любой канфліктнай сітуацыі можа быць прынята рашэнне, пры якім кожны бок выйграе. Мала таго, калі адзін бок прайграе, другі таксама не можа дасягнуць сваёй мэты на 100%.

Трэнінг — а ён мадэлюе жыццёвую сітуацыю — у выніку паказваў, што варта клапаціцца не толькі пра сябе і сваю парадыгму светабачання, але і сканцэнтравацца на інтарэсах хаўрусніка. Дапамагчы яму распрацаваць узаемавыгадны варыянт. Нават прырода такой з’явай, як сімбіёз, падказвае нам, што стратэгія «выйгрыш-выйгрыш» працуе, і ёй варта кіравацца.

Адзіная прычына, якая не дазваляе чалавеку ў жыццёвых ці дзелавых абставінах ісці на кампраміс, — ганарлівасць. Так, адзін са смяротных грахоў. Ганарлівасць была і будзе ва ўсіх кропках Зямлі, але, зразумела, значна менш яе ў веруючых краінах. Ці, прынамсі, у краінах, дзе Слова Божае не трапіла пад гвалт ваяўнічага атэізму, а паступова пераасэнсоўвалася грамадствам. Вера ўкраінцаў дапамагае ім прыцішыць амбіцыі кожнай сілы ўнутры краіны і шалёна бараніць сваю Бацькаўшчыну. Такі ж самы патрыятычны ўздым мы бачылі ў веруючай Грузіі 1 верасня 2008-га, калі паўтара мільёна чалавек сталі жывым ланцугом, каб паказаць сваё адзінства. Але і ў СССР была вера — вера ў камунізм. Дзякуючы менавіта існаванню гэтага ідэала савецкі час выглядае больш прывабным для часткі народа, чым час сённяшні. Аднак вера ў камунізм — сурагат веры сапраўднай, якая не прайшла праверку нават стагоддзем. 

Практыка веры ў Бога дае веру і ў сябе, вучыць верыць у свае сілы. Прыклад такой веры ў сваю дзейнасць я ўбачыў у працы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Сябры арганізацыі, людзі розных узростаў, штолета ладзяць даследчыя экспедыцыі ў беларускую глыбінку. Дзясяткі людзей бяруць адпачынкі на працах, скідваюцца сваімі грашыма, самі праводзяць усю арганізацыйную работу і на некалькі тыдняў едуць у вёскі. «Я запісваю бабуліны песні, збіраю кашулі і андаракі, бо маю веру, што ратую наш культурны здабытак, які імгненна знікае. Я веру ў этнаграфію, як іншыя вераць у Бога», — так сказала мне актывістка СЭТа Маша Лук’янава з Магілёва. Калі мы верым у нешта супольна, мы ўсе разам выйграем з гэтага. Спартсмены і вайскоўцы не будуць спрачацца, што вера ў перамогу дадае шанцаў перамагчы.

Канешне, казаць пра веру пасля эпохі, калі разуменне сутнасці Вышэйшай справядлівасці выпальвалася ў цэлых пакаленнях агнём і мячом, трохі наіўна, але нічога не застаецца, каб, так і просіцца каламбур, верыць у веру.

Яшчэ адной падставай для пераадолення жыццёвага падыходу «я выйграў, а ты — прайграў» з’яўляецца бачанне адзінай будучыні суверэннай Беларусі. Выпрацоўка крытэрыяў агульнай будучыні Бацькаўшчыны, імкненне кіравацца гэтымі крытэрыямі, а не імгненнасцю сітуацыі ці чарговым трэндам, дае падмурак для жыцця ў супрацы і пераадолення канфліктаў у самым іх пачатку. Гэта той выпадак, калі мы будуем ідэальны фундамент у будучыні і зараз узаемадзейнічаем у соцыуме, абапіраючыся на яго. Мы бачым будучыню нашай краіны такой, дзе ў выйгрышы ўсе, і таму кожнае сваё сур’ёзнае рашэнне сёння звяраем з тым, якой Беларусь будзе заўтра.

Вера і будучыня Бацькаўшчыны — вось што нас знітуе, дапаможа вызначыцца з палітычным строем і агульнымі базавымі каштоўнасцямі. Такая карціна можа выглядаць ідэалістычна, але прысутнасць у нашай мове слоў «знітаваць», «талака», дзейнасць СЭТа і іншых ахвярнікаў дае веру.