“Разруліць” Расію

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі наша кіраўніцтва, здаецца, вырашыла ўпарадкаваць адносіны з Расіяй. У гэтых адносінах мы ўжо дастаткова “завязлі. Гэта тычыцца і мытных пошлін на нафту і аўтамабілі, і нявызначанасць з Мытным саюзам, і ўвогуле шмат пытанняў. І бачна — цягнік беларуска-расійскіх адносінаў, што затармазіў апошнім часам, зварухнецца з “мёртвай кропкі.



b096577e264d1ebd6b41041f392eec23.jpg

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі наша кіраўніцтва, здаецца, вырашыла ўпарадкаваць адносіны з Расіяй. У гэтых адносінах мы ўжо дастаткова “завязлі. Гэта тычыцца і мытных пошлін на нафту і аўтамабілі, і нявызначанасць з Мытным саюзам, і ўвогуле шмат пытанняў. І бачна — цягнік беларуска-расійскіх адносінаў, што затармазіў апошнім часам, зварухнецца з “мёртвай кропкі.
У рамках падрыхтоўкі сустрэчы на найвышэйшым узроўні 7 чэрвеня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева. Паводле звестак прэс-службы беларускага прэзідэнта, бакі вызначылі “прыкладны пералік пытанняў, які плануецца абмеркаваць на сустрэчы. Чакаецца, што гаворка пойдзе пра функцыянаванне Мытнага саюза і перспектывы стварэння Адзінай эканамічнай прасторы трох краін.
Плануецца абмеркаваць таксама “шэраг іншых актуальных пытанняў парадку дня двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва.
Бакі дамовіліся “даручыць віцэ-прэм’ерам урадаў, якія курыруюць пытанні Мытнага саюза, падрыхтаваць да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў розныя кампрамісныя варыянты вырашэння праблем, што стрымліваюць эфектыўнае функцыянаванне гэтага саюза і стварэнне АЭП.
“Лідэры Беларусі і Расіі адзіныя ў меркаванні, што сустрэча, якая мае адбыцца, павінна быць максімальна канкрэтнай і выніковай. Яна заклікана стаць важным імпульсам у развіцці інтэграцыйных працэсаў з удзелам нашых краін, — гаворыцца ў паведамленні.
Як інфармуе прэс-служба Крамля, размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку. Падчас размовы “была пацверджана дамоўленасць прадоўжыць абмеркаванне пытанняў фармавання Мытнага саюза ў святле рашэнняў, прынятых Расіяй і Казахстанам падчас пасяджэння Вышэйшага органа МС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў у Санкт-Пецярбургу 21 мая гэтага года.
Нагадаем, што 21 мая ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікі ўрадаў Расіі, Беларусі і Казахстана па выніках шматгадзінных перамоў не змаглі ўрэгуляваць спрэчкі аб набыцці моцы Мытнага кодэкса з 1 ліпеня гэтага года. Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў тады, што рознагалоссі тычыліся аўтамабільнай і авіяцыйнай прамысловасці, мытных пошлін, увозу тавараў фізічнымі асобамі для ўласных патрэб.
Між тым, Беларусь гатова падпісаць адзіны Мытны кодэкс Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі без выключэнняў. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка на 14-м беларуска-польскім эканамічным форуме “Добрасуседства–2010, што праходзіць у Мінску.
Паводле слоў намесніка міністра, Мытны кодэкс, падпісаны 28 мая ў Санкт-Пецярбургу прэм’ер-міністрамі Расіі і Казахстана, — гэта дакумент з выключэннямі. “Беларусь гатова яго таксама падпісаць, але без выключэнняў, — падкрэсліў Еўдачэнка. Намеснік міністра прызнаў, што ў апошні час у Беларусі і Расіі ўзніклі сур’ёзныя рознагалоссі па пытаннях фарміравання Мытнага саюза. “У нас няма адзінай палітыкі па вывазных мытных пошлінах, няма адзінага вывазнога мытнага тарыфу. Больш за тое, нават у Мытным саюзе ўжо пасля 1 ліпеня Расія дапускае далейшыя пошліны ва ўзаемным гандлі трох краін. Мы катэгарычна не згодныя з гэтым пасылам, — заявіў Еўдачэнка.
“Самае галоўнае ў гэтым праекце — што нават у эканамічным саюзе расійскі бок не бачыць магчымасці вырашэння пытанняў па нафце, нафтапрадуктах, газе і іншых сыравінных рэсурсах. Гэта значыць, фактычна і ў Мытным саюзе, і ў Адзінай эканамічнай прасторы расійскі бок выключае энергасектар з інтэграцыі, — падкрэсліў Еўдачэнка.
Магчыма, гэтыя праблемы і “разруляць прэзідэнты на сустрэчы, якая плануецца неўзабаве? Хутка мы пабачым, чаго дамаглася Расія, а чаго — Беларусь.
Тым часам маскоўскі “Газпрам працягвае ў дачыненні да Беларусі “гнуць сваю лінію. Сярэднегадавая цана расійскага газу для Беларусі ў 2010 годзе складзе 187 долараў за тысячу кубаметраў, у другім квартале — 184,8 долара. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік “Газпраму Сяргей Купрыянаў у эфіры “Эхо Москвы 8 чэрвеня.
У першым квартале 2010 года, зазначыў прадстаўнік “Газпраму, цана складала 169 долараў.
Паводле звестак Белстата, у першым квартале 2010 года сярэдняя цана на імпартаваны газ складала 171 долар за тысячу кубаметраў. Аднак, як сцвярджаюць у “Газпраме, Мінск працягвае плаціць за газ на ўзроўні сярэдняй леташняй цаны — 150 долараў за тысячу кубаметраў. У сувязі з гэтым, паводле звестак “Газпраму, доўг “Белтрансгаза за атрыманы газ на 1 мая склаў 192 мільёна долараў.
Пры гэтым спадзявацца на тое, што “Захад нам дапаможа не выпадае. Прэзідэнт ЗША Барак Абама працягнуў на год санкцыі ў дачыненні да шэрагу службовых асоб Беларусі. “Дзеянні і палітыка шэрагу членаў урада Беларусі і іншых дзяржаўных чыноўнікаў працягваюць уяўляць экстраардынарную пагрозу нацыянальнай бяспецы і замежнай палітыцы ЗША. З чаго вынікае, што санкцыі ў дачыненні да беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, якія былі прынятыя 16 чэрвеня 2006 года, павінны працягваць дзеянне і пасля 16 чэрвеня 2010 года, — цытуе дакумент прэс-служба Белага дома.
У чэрвені 2006 года прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў указ аб фінансавых санкцыях у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ да дзевяці беларускіх службовых асобаў, “адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэнне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю. Указ блакіруе ўласнасць і права беларускіх чыноўнікаў на ўласнасць у ЗША, рахункі і магчымасць фінансавых аперацый. Амерыканскім кампаніям і прыватным асобам забаронена заключаць здзелкі з указанымі службовымі асобамі.
У спіс, які прыкладаецца да ўказа, акрамя Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі яго сын Віктар Лукашэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, экс-старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, экс-камандзір САХР Дзмітрый Паўлічэнка, былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Акрамя таго, у сакавіку 2006 года, пасля выбараў прэзідэнта Беларусі, ЗША далучыліся да спісу неўязных Еўрасаюза і ўвялі забарону на ўезд на сваю тэрыторыю 30 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку прэзідэнта Лукашэнкі.