Рэкордныя тэрміны

18 мая дзяржаўны абвінаваўца Кірыл Чубкавец агучыў пакаранні, якія ён патрабуе для экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама яшчэ для пяці ўдзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 года — ад чатырох да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

18 мая дзяржаўны абвінаваўца Кірыл Чубкавец агучыў пакаранні, якія ён патрабуе для экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама яшчэ для пяці ўдзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 года — ад чатырох да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чубкавец прапанаваў суддзі Людміле Грачовай даць Мікалаю Статкевічу восем год, Дзмітрыю Усу — сем год, Аляксандру Класкоўскаму — восем год і шэсць месяцаў, Андрэю Пазняку, Аляксандру Квяткевічу, Дзмітрыю Буланаву і Арцёму Грыбкову — па чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пракурор запатрабаваў для Грыбкова яшчэ і прымусовага лячэння ад алкагалізму.
Фігурантам крымінальнай справы, якая разглядалася ў судзе Ленінскага раёна Мінска, інкрымінавалася арганізацыя (Статкевічу і Усу) альбо ўдзел у масавых беспарадках (часткі 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула КК — да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Выступаючы ў судовых спрэчках, адвакат Мікалая Статкевіча Таццяна Станкевіч выказала ўпэўненасць, што прызнаць вінаватым яе манданта нельга, і па гэтаму артыкулу яго немагчыма прыцягваць да адказнасці. Па словах абаронцы, можна пагадзіцца, што Статкевіч меў адносіны да несанкцыянаванай акцыі 19 снежня.
“Але не магу пагадзіцца, што мой падабаронны мае адносіны да масавых беспарадкаў, якіх з большага не было. Падчас шэсця не было зафіксавана ніводнага факту парушэння парадку, — заявіла Таццяна Станкевіч. — Што да падпалаў, пагромаў і ўзброенага супраціву — то іх не было. Экспертыза дакладна высветліла, што гаручай вадкасці ў бутэльках не было, таму і казаць пра падпалы і нават спробу падпалу немагчыма. Але калі няма зброі, то няма і ўзброенага супраціву. Такім чынам, на плошчы Незалежнасці было толькі несанкцыянаванае мерапрыемства, якое, не буду спрачацца, парушала грамадскі парадак, а таксама лакальныя хуліганскія дзеянні… Мяркуецца, што ў масавых беспарадках мусіць быць намер. Статкевіч прадбачыў, што выбары будуць фальсіфікаваць, і думаў, як гэта прадухіліць. Ён меркаваў, што вялікія сходы людзей паўплываюць на тых, хто лічыць галасы. Пры гэтым ён заўсёды меркаваў, што акцыя будзе мірнай, і пра гэта казаў. Гэтак і на сустрэчы ў Магілёве, якую мы праглядзелі, ён кажа, што мы не плануем гвалту. 30 лістапада па БТ Статкевіч казаў, што акцыя будзе мірнай, як і 24 лістапада. Расцэньваць словы Статкевіча пра тое, што ён хоча “націснуць на ўладу, як заклік да беспарадкаў — няправільна.
Пра непацверджанасць і неабгрунтаванасць абвінавачанняў у дачыненні да свайго падабароннага заявіў і адвакат Дзмітрыя Уса Уладзімір Сазанчук. Іншыя адвакаты таксама папрасілі суд апраўдаць сваіх падабаронных.
Прысуд па справе будзе абвешчаны ў судзе Ленінскага раёна Мінска 20 мая ў 16.00.