Рэквіем па сацыяльнай дзяржаве
Два дзесяцігоддзі АП выдаткаваў на будаўніцтва сацыяльнай дзяржавы. Але для таго, каб вылузвацца, крылы трэба мець. Ва ўмовах падзення коштаў на сыравіну сацыяльныя абавязкі ўлады апынуліся невыканальнымі.
Ад ліхаманкі Эбола 2013–2015 гадоў у Заходняй Афрыцы, паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), памерлі больш за 11 тысяч чалавек. Да асноўных фактараў, якія садзейнічалі развіццю эпідэміі — крайняй галечы і неразвітасці аховы здароўя, — дадаліся традыцыйныя звычаі (напрыклад, рытуальнае абмыванне целаў памерлых) і недавер насельніцтва да заходняй медыцыны.
Хворыя звярталіся да знахароў або ведзьмакоў. Медыцынскіх жа работнікаў часам абвяшчалі вінаватымі ў распаўсюджванні хваробы, і натоўпы мясцовых жыхароў грамілі бальніцы.
Мы жывем не ў Афрыцы, а ў геаграфічным цэнтры Еўропы. У тыповага прадстаўніка чорнага кантынента свае прусакі ў галаве, а ў тыповага беларуса — свае. Колькасць і якасць прусакоў вызначаюцца культурай.
Пад загалоўкам «Культура мае значэнне» ў 2000 годзе ў Нью-Ёрку выйшла кніга пад рэдакцыяй эканаміста Лоўрэнса Харысана і палітолага Самюэля Хантынгтана. Яе рускі пераклад даступны ў інтэрнэце. Кніга прысвечана ўплыву каштоўнасцяў на грамадскі прагрэс. З пераканаўчага прыкладу такога ўплыву я і пачаў чарговую «Азбуку паліталогіі».
Любая лакальная культура не з’яўляецца канстантай. Пад уплывам знешніх і ўнутраных выклікаў культуры пастаянна змяняюцца. Але змяненне не абавязкова азначае развіццё. Змяняючыся, можна і дэградаваць.
За прыкладамі дэградацыі далёка хадзіць не трэба. 23 верасня СААЗ апублікавала чарговы даклад аб стане здароўя еўрапейцаў. Беларусы лідзіруюць у Еўропе па спажыванні чыстага спірту ў год на чалавека — 14,4 літра, а разам з літоўцамі — па колькасці самагубстваў.
Здагадайцеся з трох разоў
30 верасня «самая аўтарытэтная газета» нашай краіны апублікавала артыкул акадэміка Анатоля Рубінава «Грамадзяне, паслухайце мяне!». Артыкул утрымлівае шэраг цікавых адкрыццяў. Абмяжуюся адным: «Маладая суверэнная Беларусь знаходзіцца на пачатковым гістарычным этапе свайго развіцця, і, як ужо адзначалася, пакуль мы не можам цалкам капіяваць палітычны лад заходніх краін. Там даўно ўжо склалася такая сістэма самарэгулявання і мясцовага самакіравання, пры якой сацыяльна-эканамічны механізм працуе ў дастатковай ступені аўтаномна і не так моцна залежыць ад цэнтральнай улады».
Цалкам згодны. Няздольнасць грамадства да самарэгулявання — адна з ключавых нашых праблем. Гэта тое, што робіць сучасную Беларусь несучаснай, такім чынам, неканкурэнтаздольнай у глабалізаваным свеце.
Усведамленне праблемы — залог яе паспяховага рашэння. Артыкул акадэміка змяшчае 22961 знак (без прабелаў). Я яго ўважліва прачытаў у надзеі знайсці прапановы, накіраваныя на павышэнне аўтаноміі айчыннага сацыяльна-эканамічнага механізму. Аднак усе мае спадзяванні не спраўдзіліся.
Што ж прапануецца ва ўмовах, калі «на кон пастаўлена пытанне аб захаванні Беларусі як суверэннай дзяржавы нашага народа, як самастойнай нацыі»? Прапануецца «не шарахацца, не мяняць свайго курсу», а «даверыць і далей весці нашу краіну»... Здагадайцеся з трох разоў, каму? Ну, зразумела, «сапраўднаму патрыёту і таленавітаму палітыку, лідару, які на справе даказаў здольнасць абараняць свой народ у самых складаных сітуацыях».
Сваю прапанову акадэмік абгрунтоўвае, па-першае, нарастаючай канкурэнцыяй на сусветных рынках і барацьбой за рэсурсы; па-другое, прыкладамі з найноўшай гісторыі постсавецкіх краін. Прыклады ён падзяляе на пазітыўныя і негатыўныя. Пазітыўныя прыклады, на яго думку, прадэманстравалі краіны, дзе захоўваецца моцная і незмяняльная ўлада, негатыўныя — краіны, у якіх «пад модным сцягам дэмакратызацыі ідзе пастаянная палітычная барацьба, не сціхаюць парламенцкія бітвы, даецца ход «каляровым рэвалюцыям» і Майдану». І як вынік — банкруцтва і дэградацыя.
А куды ў гэтай схеме трапляюць былыя савецкія прыбалтыйскія рэспублікі? Між іншым, дзве з іх (Літва і Латвія) маюць з Беларуссю агульную мяжу. Адказу на гэта відавочнае пытанне я не знайшоў, як не знайшоў і тлумачэння прычын лідарства рэспублікі-партызанкі ў «рэйтынгах» СААЗ. Дэградаваць, як паказвае практыка, можна і ва ўмовах моцнай ды незмяняльнай улады.
Тым не менш праблема несціханых парламенцкіх бітваў на постсавецкай прасторы існуе, і свой уклад у дэградацыю яна ўносіць.
Эліта панавання і эліта развіцця
Паспрабую падвесці падмурак пад пазітыўныя і негатыўныя прыклады акадэміка. На акадэмічны ўзровень я не прэтэндую, бо не здольны выйсці за мяжу азбукавых ісцін.
Тэорыя, якая пацвярджаецца практыкай, абвяшчае: пры слабых інстытутах — чым больш дэмакратыі, тым горшы рост (Украіна), а пры моцных інстытутах — чым больш дэмакратыі, тым вышэйшы рост (ЗША). Інстытуты важней за дэмакратыю. Тут варта прыгадаць дыктатара Піначэта, пры якім чылійская эканоміка расла хутчэй, чым пры дэмакратыі Альендэ.
Пытанне, такім чынам, упіраецца ў якасць беларускіх інстытутаў. Наш галоўны інстытут — гэта ўладная «вертыкаль». Я не магу ацаніць яе кампетэнтна, таму звернемся па дапамогу да адзінага палітыка (АП): «Вы, як заўсёды, чакаеце ўказанняў і даручэнняў ад прэзідэнта, замест таго, каб самім своечасова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць. Мне даводзіцца ўвесь час «падштурхоўваць» выканаўчую вертыкаль. Толькі пасля жорсткіх патрабаванняў урад і Нацыянальны банк пачынаюць дзейнічаць, дый тое не заўсёды так, як трэба, і ў поўным аб’ёме».
Вось такая характарыстыка. Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што на працягу двух дзесяцігоддзяў АП рэгулярна звяртаецца да тэмы навядзення элементарнага парадку ў краіне. На парадак больш высокага ўзроўню ён і не замахваецца.
Што трэба для пераходу ад неэфектыўных інстытутаў да інстытутаў эфектыўных? Шмат чаго трэба, але ў першую чаргу — эліта, зацікаўленая ў падобным пераходзе.
Я як публіцыст, не здольны ўзняцца вышэй за ўзровень «Азбукі паліталогіі», тым не менш магу адрозніваць два віды элітаў: эліты панавання і эліты развіцця.
На працягу тысячагоддзяў у свеце пераважаў першы тып элітаў. Важнае выключэнне — цывілізацыя рысавай культуры. Справа ў тым, што вырошчванне рысу было немагчыма без арашальных сістэм. За іх будаўніцтва і эксплуатацыю адказвалі дзяржаўныя чыноўнікі, ад якіх патрэбна была не толькі дысцыплінаванасць і адданасць кіраўніку, але асабістая ініцыятыва, памножаная на творчасць.
Таму, каб заняць дзяржаўныя пасады ў Кітаі, патрэбныя былі не роднасныя сувязі і пратэкцыя, а здача экзаменаў. Пра існаванне найбольш ранніх экзаменаў, якія паклалі пачатак так званай сістэме кэцзюй, вядома мала, але ўскосныя звесткі паказваюць на 3 ст. да н. э. На думку шэрагу аўтарытэтных кітаістаў, сістэма кэцзюй уяўляла сабой цэнтральны элемент у культурнай гісторыі Кітая.
Якасці дзяржавы не ў апошнюю чаргу і абавязаны сучасны Кітай свайму паспяховаму пераходу ад сацыялістычнай (пераразмеркавальнай) мадэлі да рынкавай. Кітайская дзяржава пры гэтым не распалася і не страціла кантроль над працэсам трансфармацыі.
Без набажэнства не абысціся
Рэжым «мадэрнізацыі, што даганяе», у якім расійска-савецкая імперыя жыла на працягу 300 гадоў, патрабаваў ад традыцыйнай эліты панавання вырашаць задачы развіцця. У працэсе іх вырашэння грамадству была адведзена роля расходнага матэрыялу. Колькасць ахвяр толькі падкрэслівала грандыёзнасць задумаў.
Атамная бомба, першы спадарожнік і палёт Гагарына — гэта вяршыня, якую атрымалася ўзяць эліце панавання. З другой паловы 60-х гадоў пачаўся спуск. Атамная бомба зняла праблему знешняй пагрозы, абясцэніўшы тым самым задачу развіцця. А што ўзамен? Узамен — асабістае спажыванне на ўзроўні сусветных стандартаў.
Працытую палітолага Уладзіміра Пастухова: «Рух прагных спажыўцоў, што прысвоілі сабе рамантычныя ідэалы шасцідзясятнікаў, але на самай справе проста імкнуліся да жыцця паводле заходніх стандартаў, стаў галоўнай рухаючай сілай перабудовы. Гэта абумовіла яе супярэчлівы, палавіністы характар — для асноўнай масы «рэвалюцыянераў» з усіх відаў абвешчаных свабодаў найважнейшай апынулася свабода імпарту».
Задача развіцця ў Расіі больш не актуальная. «Мадэрнізацыя, што даганяе», сканала. Расійская эліта жыве з пераразмеркавання прыроднай рэнты і рэкорднымі тэмпамі нарошчвае колькасць доларавых мільярдэраў.
Беларускай эліце на супастаўны аб’ём прыроднай рэнты разлічваць не даводзіцца. Адсюль шматлікія спробы ўтрымацца ў рэжыме мадэрнізацыі, што даганяе. Але вышэй за галаву не скочыць. 2013 год паказаў, што чым больш дзяржава ўкладае ў мадэрнізацыю вытворчасці, тым большы аб’ём страт.
Амаль два дзесяцігоддзі АП выдаткаваў на будаўніцтва сацыяльнай дзяржавы. Ён памятаў пустыя прылаўкі ў канцы 80-х і разумеў, што яны згулялі далёка не апошнюю ролю ў «найвялікшай геапалітычнай катастрофе ХХ стагоддзя». Але для таго, каб вылузвацца, крылы трэба мець. Так абвяшчае народная мудрасць. Ва ўмовах падзення коштаў на сыравіну сацыяльныя абавязкі ўлады апынуліся невыканальнымі. Гэта пагражае дзяржаве чарговым крахам. Айчынная гісторыя цыклічная. У ХХ стагоддзі крах дзяржавы надыходзіў двойчы: у цыкле 1905–1921 і ў цыкле 1987–1993 гадоў.
Небяспека адчуваецца настолькі востра, што давялося «праваслаўнаму атэісту» арганізаваць малебен. «Хочацца верыць, — піша самая салідная газета, — што мы сталі сведкамі новай, вельмі значнай для краіны і людзей традыцыі. У мінскім храме-помніку Усіх Святых прайшла велічная цырымонія — Малітва за Беларусь».
Я ўважліва перачытаў прэс-рэліз на сайце president.gov.by: «Сёння зямны шар расколваецца ад крывавых канфліктаў». Вайна на парозе. У любую хвіліну полчышчы агрэсараў вераломна перасякуць мяжу Беларусі.
Сацыяльная дзяржава сканала. Застаецца радавацца, што снарады пакуль яшчэ не рвуцца на нашых вуліцах.