Рэзерв у беларускіх бальніцах — для расійцаў?

Беларускім бальніцам загадалі трымаць у запасе свабодныя месцы. Верагодна, зноў рыхтуюцца прымаць раненых расійскіх салдат.

Ілюстрацыйнае фота: unn.com.ua

Ілюстрацыйнае фота: unn.com.ua

13 лістапада Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны апублікаваў зводку, у якой паведамлялася, што ў Брэсцкай вобласці, асабліва ў раёнах, дзе размяшчаюцца якія прыбываюць з Расеіі вайсковыя падраздзяленні, «значна узмацняецца сацыяльнае напружанне», піша «Deutsche Welle». Паводле версіі ўкраінскага Генштаба, адбываецца гэта праз тое, што мясцовыя бальніцы перагружаныя працай з расійскімі вайскоўцамі, якія «масава хварэюць з-за нездавальняючых умоў утрымання ў намётавых мястэчках». У паведамленні таксама сцвярджалася, што з гэтай прычыны лекары вымушаныя адмаўляць у абслугоўванні грамадзянам Беларусі.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі: свабодных ложкаў у бальніцах дастаткова

Хаця зводка ўкраінскага боку з'явілася ў выхадны дзень, ужо праз пару гадзін прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі інфармацыю пра перапоўненыя шпіталі Брэсцкай вобласці абвергла. Мінздароўя сцвярджае, што на той момант у рэгіёне былі вольныя 437 ложкаў, у тым ліку ў хірургічных і рэанімацыйных аддзяленнях.
Больш за тое, у паведамленні беларускага ведамства ўтрымліваецца заклік да грамадзян суседніх краін «не слухаць нікога» і прыязджаць на лячэнне ў Беларусь. «Мы запрашаем пацыентаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны для праходжання любога спектру медыцынскіх абследаванняў, працэдур і хірургічных умяшанняў», — прарэкламавалі свае паслугі ў міністэрстве.
Выказаўся на гэтую тэму і міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч. Ён расказаў журналістам, што ў краіне не ўвесь фонд ложкаў у бальніцах выкарыстоўваецца напоўніцу і ёсць вялікі запас некаторых лекавых прэпаратаў. «Запас — гэта стратэгічная гатоўнасць адказаць на любыя выклікі, і я з упэўненасцю кажу пра тое, што да гэтых выклікаў мы гатовыя звышдастаткова», — заявіў кіраўнік ведамства. Ён таксама абверг паведамленні, якія тычацца крытычнай абстаноўкі ў медыцынскіх установах Брэсцкай вобласці.

Медыцынскім установам Беларусі загадана мець рэзерв

На ўмовах ананімнасці карэспандэнт «DW» пагутарыў з урачом адной з беларускіх бальніц, якая размешчана ў райцэнтры, што прымыкае да ўкраінскай мяжы. Кацярына (імя змененае) расказала, што цяпер абстаноўка ў бальніцы спакойная і свабодных месцаў сапраўды хапае.
«Каронавірус пайшоў на спад, і хворых з дыягназам "COVID-19" у нас цяпер няшмат, а пра расійскіх вайскоўцаў мы таксама чулі, але да нас яны не паступалі», — кажа Кацярына. Яна таксама дадала, што звязвалася са сваімі калегамі яшчэ ў трох раённых бальніцах Брэсцкай вобласці, але і там няма інфармацыі пра вайскоўцаў з Расіі, якія паступілі на лячэнне.


Разам з тым, Кацярына звярнула ўвагу, што пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года беларускім бальніцам, якія знаходзяцца побач з мяжой, было загадана трымаць месцы ў рэзерве. «Пра тое, каб такі загад быў адменены, нам не паведамлялі, і я цалкам дапускаю, што таму і пакідаюць ложкі свабоднымі», — адзначае лекарка.
Яшчэ адзін медыцынскі работнік з бальніцы ў Бабруйску расказаў пра прыбыццё ў гэтую ўстанову камісіі з удзелам вайскоўцаў. Паводле слоў крыніцы, гаворка ішла пра тое, каб у бальніцы вызвалілі частку ложкаў на выпадак паступлення параненых.
Для якіх пацыентаў прызначаны рэзерв, засталося незразумелым, але побач з Бабруйскам размешчаны палігон «Асіповіцкі». Паводле інфармацыі незалежных СМІ, менавіта там зараз праходзяць навучанне мабілізаваныя, якія прыбылі з Расіі.   

Што адбываецца на беларускіх палігонах

Яшчэ адным месцам дыслакацыі ў Беларусі мабілізаваных расіян стаў Абуз-Лясноўскі агульнавайсковы палігон у Брэсцкай вобласці. Гэта пацвердзіў афіцэр беларускай арміі, знаёмы з сітуацыяй на палігоне. Дарэчы, менавіта тут 21 кастрычніка пабываў Аляксандр Лукашэнка, дзе яму паказалі беларускія распрацоўкі ваенна-прамысловага комплексу.
З афіцыйнага паведамлення Міністэрства абароны Расіі вынікае, што на беларускіх палігонах «працягваюць курс інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі» вайскоўцы Заходняй вайсковай акругі Расіі, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў.
На гэтых палігонах расійцы «ўдасканальваюць стральбу са штатнай зброі, кіраванне баявымі машынамі, праходжанне псіхалагічнай паласы перашкод, вывучэнне навыкаў тактычнай медыцыны», паведамляе прэс-служба Мінабароны РФ і сцвярджае, што заняткі падраздзяленняў праводзяцца днём і ноччу.


Паводле слоў крыніцы «DW», дакладных звестак пра тое, што расійцы, якія прыбылі нядаўна, часта хварэюць з-за ўмоў пражывання ў намётавых мястэчках на тэрыторыі палігона, няма. «Мы не так часта сустракаемся з расійскімі вайскоўцамі, бо кожнае падраздзяленне выконвае свае задачы, — кажа беларускі афіцэр. — Але на палігоне ёсць свой палявы шпіталь, куды доступ абмежаваны. Хаця калі б сітуацыя выглядала нядобра, то напэўна інфармацыя б прасочвалася. Пакуль гэтага няма».
Беларусь і Расія дамовіліся аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, у якой будзе задзейнічана да 9 тысяч вайскоўцаў, а таксама танкі, бронемашыны і іншая вайсковая тэхніка.