«Русский мир» праваслаўнай бізнэс-імпэрыі

Журналісты Св*боды расказалі, як маленькае праваслаўнае сястрынства вырасла ў прыбытковы бізнэс-праект і чаму яго сёньня не пускаюць у краіны Эўропы.


Гарадзкая рада брытанскага Ўнчэстэру пастанавіла, што сёлета ў штогадовым мясцовым калядным кірмашы ня будзе браць удзел Сьвята-Лізавецінскі манастыр зь Менску. З такой прапановай да гарадзкіх уладаў зьвярнуліся жыхары і грамадзкія арганізацыі.

Рэч у тым, што Сьвята-Лізавецінскі манастыр падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію ва Ўкраіне. Прычым робіць гэта ня толькі на ўзроўні рыторыкі, але і зьбірае грошы на рыштунак для расейскіх вайскоўцаў.

Раней забараніць удзел манастыра ў імпрэзах у Нарвэгіі спрабавала мясцовая беларуская суполка, але няўдала. У выпадку зь Вялікай Брытаніяй гэта ўдалося.

Аляксандар Шрамко распавёў Св*бодзе пра тое, як Сьвята-Лізавецінскі манастыр навучыўся зарабляць грошы, а таксама стаў адным з асяродкаў «русского мира».

«Ну што, цікава табе?»

Аляксандар Шрамко кажа, што знаёмы з айцом Андрэем Лемяшонкам ад канца 1970-х гадоў. У тыя часы Лемяшонак быў ахоўнікам у Катэдральным саборы ў Менску.

«Шмат хто прыйшоў у царкву дзякуючы яму. Андрэй пільнаваў, калі ў сабор прыходзіў нехта малады. Гэта ж была рэдкасьць. То падыходзіў да яго, круціў на пальцах ключы і пачынаў: „Ну што, цікава табе?“ Калі той адказваў станоўча, то прапаноўваў літаратуру, у тым ліку царкоўны самвыдат. Дзіўна, што ён на гэтым так і не папаўся».

Лемяшонак прайшоў праз субкультуру гіпі. Ён зь сям’і намэнклятурніка, жыў у доме побач з паркам Горкага разам зь Пятром Машэравым. Айцец Шрамко кажа, што бываў у яго ў гасьцях, але сябрамі ўсё ж ня сталі.

«Лемяшонак падняўся на тэме п’янства»

Сьвятаром Андрэй Лемяшонак стаў дастаткова позна — у пачатку 1990-х. Да гэтага часу ён трынаццаць гадоў быў пры Катэдральным саборы, але займаўся іншым — працаваў вартаўніком, званаром, сьпяваў у хоры. Аляксандар Шрамко кажа, што ў гэты час Лемяшонак пачынае сябраваць з айцом Георгіем Латушкам. Яны разам дабіваюцца вяртаньня вернікам Петрапаўлаўскага сабору.

«Тады Лемяшонак і робіцца сьвятаром, каб дапамагаць настаяцелю Петрапаўлаўскага сабору айцу Латушку. Папулярнасьць Лемяшонка як сьвятара пачынаецца з гутарак зь вернікамі, якія праходзілі ў саборы ў пачатку 1990-х. Ён арганізоўваў гутаркі пад абразом „Неўпівальная чаша“. Лічылася, што гэты абраз дапамагае ў барацьбе з п’янствам. І публіка там зьбіралася адпаведная — няшчасныя жанчыны, мужы і сыны якіх сьпіваліся. На такой „папулярнай“ тэме Лемяшонак і падняўся», — расказвае Шрамко.

У выніку гэтыя жанчыны сталі ядром сястрынства княгіні Лізаветы, якое было заснаванае ў 1994 годзе. Сястрынства атрымала назву ў гонар Лізаветы Фёдараўны, вялікай княгіні дому Раманавых. Яе сястра Аляксандра была жонкай імпэратара Мікалая ІІ. У 1992 годзе РПЦ далучыла Лізавету Фёдараўну да ліку сьвятых. Манастыр таксама названы ў гонар княгіні.

«Калі паслухаць, што ён кажа, то я нават зьдзіўляўся. Памятаю, у маёй царкве прадаваліся касэты з казаньнямі Лемяшонка. Там быў нейкі паток пабожнага дыскурсу, і нешта людзей чапляла ў гэтым. Для мяне гэта загадка па сёньня. Ён ніколі не рыхтаваўся да пропаведзяў», — кажа Аляксандар Шрамко.

«Жанчыны рваліся ў бой»

Неўзабаве сястрынства стала дапамагаць пэрсаналу псыхіятрычнага шпіталю ў Навінках. Тады ж было прынятае рашэньне будаваць там храм і манастыр.

«Вакол Лемяшонка сабраліся шмат самаадданых жанчын, якія ўва ўсім яго слухаліся. У тыя часы храмы будаваліся толькі пры дапамозе спонсараў — багатых людзей ці арганізацыяў. Пабудаваць храм за кошт ахвяраваньняў людзей было нерэальна, бо грошай ледзь-ледзь хапала для падтрыманьня дзейнасьці прыходу. Але Лемяшонак пайшоў іншым шляхам, ён расставіў па ўсім горадзе жанчын зь сястрынства, якія „рваліся ў бой“. Яны за грошы прымалі запіскі з просьбай аб малітвах».

Мабыць, многія бачылі такіх жанчын на ўваходах у мэтро, у гандлёвых цэнтрах, на вакзалах, у іншых людных месцах. На іх белыя доўгія хусткі, таму многія прымаюць іх за манахіняў, але гэта ня так.

«Многім сьвятарам гэта не падабалася — людзям нават ня трэба ісьці ў царкву, каб пакінуць запіску, падымалі гэтае пытаньне, але марна. Кожны дзень гэтыя жанчыны зь сястрынства ішлі проста ў храм да Лемяшонка, дзе давалі справаздачу, колькі грошай зарабілі».

«За мяжой расказваюць пра бедны манастыр»

Сабраць грошай на пабудову храму і манастыра сястрынству ўдалося. Празь нейкі час у Менску сталі зьяўляцца і адмысловыя латкі, якія гандлявалі прадукцыяй манастырскіх майстэрняў.

«У іх усё заточана на зарабляньне грошай. Іх часта зьбірае найвышэйшае кіраўніцтва, каб абмеркаваць, дзе яшчэ можна зарабіць грошай. Яны зарабляюць на ўсім — на продажы абразоў, іншай праваслаўнай атрыбутыкі, духоўнай літаратуры, на разьвядзеньні коней і сабак, гандлі мёдам, маюць кавярню, мэдычны цэнтар, школу. Калі чалавек да іх прыходзіць, то першае пытаньне — што ён умее і як на гэтым можна зарабіць», — расказвае Шрамко.

Калі ў манастыр сталі прыходзіць шмат людзей зь веданьнем замежных моваў, то было вырашана асвойваць і замежныя рынкі, кажа айцец Аляксандар. Сьвятар расказвае, што ў Сьвята-Лізавецінскім манастыры робяць шмат усяго, але галоўныя крытэры — дорага і ня вельмі якасна.

«Іншаземцы часта купляюцца на такія штукі — маўляў, бедныя манашкі зь Беларусі. Яны ўсім расказваюць, які ў іх вельмі бедны манастыр. Потым бывалі выпадкі, калі людзі з-за мяжы прыяжджалі ў Навінкі і за галаву хапаліся, бо думалі, што там зусім галеча. Іх за мяжой прымае каталіцкая царква, пратэстанцкія грамады, кормяць, яны амаль ня трацяцца. Прадаюць тое самае, што ў Беларусі, але за большыя грошы. Дайшлі нават да ЗША і Аўстраліі».

Фактычна Сьвята-Лізавецінскі манастыр стаў адным з самых прыбытковых праваслаўных бізнэсаў у сьвеце, перакананы Аляксандар Шрамко. Сьвятар лічыць, што без спрыяньня з боку царкоўных і сьвецкіх уладаў дасягнуць такіх маштабаў не ўдалося б.


«Ён пасьлядоўны імпэрыяліст»

Аляксандар Шрамко кажа, што пры гэтым Андрэй Лемяшонак у Сьвята-Лізавецінскім манастыры фармальна ніхто, там галоўным чалавекам лічыцца настаяцельніца, але ўсё падпарадкоўваецца менавіта яму.

«Калісьці там была настаяцельніца Лізавета, найбліжэйшая паплечніца Лемяшонка, дык яна падняла бунт, што айцец Андрэй не павінен імі камандаваць. У выніку скончылася тым, што Лізавету адправілі ў малы манастыр у правінцыі. Усё там будуецца на паслушэнстве айцу Андрэю».

Шрамко кажа, што Лемяшонак ніколі не хаваў сваіх прарасейскіх, імпэрыялістычных поглядаў.

«Тады лібэральных праваслаўных было мала. На праваслаўных у СССР вялікі ўплыў мела РПЦ за мяжой, яна прысылала сваю літаратуру. У іх была такая вельмі імпэрская накіраванасьць, яны ўжо кананізавалі царскую сям’ю. Ішло напампоўваньне расейскай імпэрскасьцю тагачасных праваслаўных. Вернікаў было мала, мы ўсе супрацьстаялі камуністам і не зьвярталі ўвагі, што ў кагосьці такі ўхіл, у кагосьці іншы, таму і сыходзіліся. Як цяпер мы ўсе супрацьстаім рэжыму Лукашэнкі незалежна ад перакананьняў. Ніколі ў Лемяшонка не было сантымэнту да беларушчыны. Я думаю ён, як і Пуцін, лічыць, што ніякіх беларусаў няма. Ён пасьлядоўны імпэрыяліст».

Супраць вакцыны і за Пуціна

Сын Андрэя Лемяшонка Дзьмітры ў свой час быў вядомым фанатам менскага «Дынама», пры ім на сэктары вывешвалі расейскія імпэрскія сьцягі. Калі фанаты «Дынама» занялі больш прабеларускую пазыцыю, то Лемяшонак адышоў ад руху. Прызнаваўся ў інтэрвію, што раней меў фашыстоўскія погляды. Зьяўляўся на падворку манастыра ў майках «Расея» і «ДНР».

У час пандэміі каронавірусу ў Сьвята-Лізавецінскім манастыры ладзілі шматлюдныя набажэнствы. Сёстры манастыра адгаворвалі вернікаў рабіць прышчэпкі.

«Мы молімся і за Лукашэнку, і за Пуціна, і за Шайгу, і за Лаўрова (сьмяецца) — я заўсёды памінаю на літургіі, а як жа — мы ўсе салдаты, нам ня трэба гэты „вольны сьвет“, дзе ўсё перакулена», — казаў Лемяшонак у адной з казаняў пасьля пачатку вайны. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: