Што напісаць у лісце палітвязню?

Адно з самых небяспечных пачуццяў у месцах зняволенні гэта роспач. Яно можа паўстаць з-за адчування, што ўсе, з кім меў зносіны на волі, забыліся пра цябе, як толькі ты трапіў у турму. Таму вельмі важна ўсведамляць, што на волі ёсць людзі, якія помняць цябе і чакаюць твайго вызвалення.



holubi.jpeg

А значыць, вызваляцца ёсць сэнс. Я не ведаю, што б са мной было, калі б мне не аказвалася падтрымка з волі ў выглядзе лістоў і перадач, а таксама дапамога ў аплаце адваката. Я ўдзячны таварышам за тое, што яны мяне гэтай падтрымкай не абдзялілі. Наша сіла ў салідарнасці — я ў гэта заўсёды верыў і не расчараваўся ў гэтым.

Усюды досыць інструкцый пра тое, чаго не варта пісаць у месцы пазбаўлення волі, але мала хто ведае, пра што можна напісаць зусім незнаёмаму чалавеку. Таму некаторыя лісты атрымліваюцца літаральна высмактанымі з пальца — сухімі і няшчырымі.
 

Калі я сядзеў у турме, час ад часу я атрымліваў лісты ад незнаёмых мне людзей. Хоць я і разумеў, што чалавек ужо зрабіў шмат, раз напісаў ліст таму, каго ён не ведае асабіста, але большасць гэтых лістоў чытаць было нецікава і амаль ніякіх эмоцый яны не выклікалі. Аднак сярод лістоў было некалькі такіх, якія было прыемна чытаць, і я нават некалькі разоў іх перачытваў.
 

Ніжэй я напішу некалькі рэкамендацый, якія, я спадзяюся, дапамогуць вам надалей.

Асабліва цікава было чытаць эмацыйныя лісты, а таксама лісты з развагамі пра жыццё і волю. Калі вы не ведаеце, што напісаць, паспрабуйце ўспомніць вашы ўражанні ад праслуханай лекцыі, прачытанага артыкула ці фільма, які Вы нядаўна паглядзелі. Паспрабуйце аднавіць думкі і эмоцыі, якія ў вас паўсталі, і, знаходзячыся ў гэтым стане, пачынайце пісаць ліст. Пасля напісання першага сказа думкі пальюцца самі сабой. Калі не паліліся, чытаем далей...

Часта мне прыходзілі лісты ад некалькіх чалавек, укладзеныя ў адзін канверт. Асабліва запомніўся ліст ад сквотараў, частка з якіх мяне ведалі. Гэты ліст у мяне і эмоцый выклікаў шмат, і настрой палепшыў, і даў адразу трохі тэм для абмеркаванняў з маімі сукамернікамі.

А калі ліст падштурхоўвае да абмеркавання нейкіх тэм з сукамернікамі, значыць, ён  аказвае цалкам рэальную падтрымку, бо за такімі гутаркамі ў турме час праходзіць хутчэй усяго.

Той ліст ад сквотараў атрымаўся вельмі незвычайным, таму што, каб напісаць ліст, яны прыдумалі цэлую гульню: усім далі некалькі пытанняў, на якія няможна адказаць аднаскладовым адказам (так / не) і кожны па парадку ў сваім лісце на гэтыя пытанні адказваў… Ліста гэтыя атрымаліся вельмі цікавымі, непадобнымі на ўсе астатнія. Нягледзячы на тое, што некаторыя пытанні былі досыць дурнымі, чытаць адказы на іх было пацешна.

Таксама цікава за кратамі пачытаць некаторыя практычныя парады, якія можна там (у турме) скарыстаць. Прыкладам, мне прыходзілі інструкцыі па медытацыі і па «усвядомленых снах». Гэтыя парады ўжываліся мною на практыцы і палегчылі мне жыццё ў зняволенні. Адна мая знаёмая нават склала мой асабісты гараскоп, які я перачытваў некалькі разоў і забраў яго з сабой пасля вызвалення.

Вельмі моцна цісне на псіхіку адсутнасць інфармацыі пра тое, што адбываецца на волі. Калі сцены турмы зачыняюць доступ нават да навін, узнікае адчуванне, што знаходзішся занадта далёка ад сяброў і свайго дома. Вокны ў свет у турме — гэта тэлевізар і лісты. Па тэлевізары пра акцыі паведамляюць рэдка. А калі і згадваюць іх, часта ў негатыўным ключы і з вялікай колькасцю хлусні. Нават калі ў камеру атрымалася працягнуць тэлефон, на якім ёсць выйсце ў інтэрнэт, ім карыстаюцца вельмі рэдка, каб не марнаваць шмат грошай. Таму, калі на волі праходзяць якія акцыі, у тым ліку ў падтрымку палітвязняў, трэба пісаць пра гэта ў лістах і ўкладваць туды фатаграфіі.

Прыкладам, калі ў 2011-м годзе пачаліся пратэсты супраць вынікаў выбараў, асноўную інфармацыю пра іх я атрымаў з лістоў. Было прыемна ўбачыць знакамітую фатаграфію Балотнай плошчы з верталёта.


Калі нічога з вышэйпералічанага вам не дапамагае, вы проста можаце ўявіць, што пішаце ліст свайму знаёмаму і напісаць усё тое, што вы напісалі б яму.
 

Спадзяюся, мае парады дапамогуць вам у напісанні лістоў палітвязнем і іх знаходжанне ў турме будзе менш прыгнятальным.

Рынат Султанаў, антыфашыст з Санкт-Пецярбургу, якому прысудзілі два гады зняволення за сутычку з нэанацыстамі, poslezavtra.be