Сяргей Навумчык: Не ведаеш мовы — тваё права, але тады ты не можаш быць міліцыянтам, дэпутатам, прэзідэнтам

Закон аб мовах, прыняты ў студзені 1990 ВС-11, вызначаў адзінай дзяржаўнай мовай беларускую (гэта замацавала і Канстытуцыя 1994), — піша пра мову смаўлення да 1995 года і пасля дэпутат ВС 12 склікання Сяргей Навумчык.

mova_19.jpg


Закон уводзіўся паэтапна (да 10 гадоў) і прадугледжваў, сярод іншага, што супрацоўнікі дзяржаўных органаў і ўстановаў павінны ведаць дзяржаўную мову — і, адпаведна, грамадзяніну гарантуецца, што ў дзяржаўных установах з ім будуць размаўляць на дзяржаўнай мове.
Кіроўцы таксі, фізікі-ядзершчыкі, афіцыянты, уладальнікі маленькіх гандлёвых шапікаў і акцыянеры бізнес-імперый, спевакі, будаўнікі, — маглі размаўляць хоць на хіндзі. Калі ў Мінску таксіст не жадае размаўляць з кліентам ніяк інакш, як на хіндзі — гэта праблема ягоная і ягонага заробку. Але і права кліента — сесці ў іншае аўто. Гэта як у Нью-Ёрку: лекары аднолькавай кваліфікацыі ў адным і тым жа раёне, адзін — які ведае толькі англійскую, другі — які ведае яшчэ і кітайскую і рускую — будуць мець розную кольксьць кліентуры і, адпаведна, розны заробак.
А вось міліцыянт, супрацоўнік пошты (дзяржаўнай), чыноўнік райвыканкаму, дэпутат, міністар, прэзідэнт (з 1994), — павінны валодаць дзяржаўнай мовай (беларускай) і, адпаведна, на ёй сумаўляцца. Не ведаеш ці не хочаш – тваё права, але тады ты не можаш быць міліцыянтам, дэпутатам, прэзідэнтам.
Паўтараю: пераходны перыяд уступлення ў дзеянне Закона быў вызначаны ў 10 гадоў (і Васіль Быкаў лічыў, што тым самым закон пахаваны: «Дзесяць гадоў — значыць, ніколі», — скептычна казаў ён; як у ваду глядзеў). Але некаторыя ўзнялі вэрхал: «Дискриминация!». А потым, у 1995, быў «рэферэндум», перад якім мы, дэпутаты БНФ, папярэджвалі, што ўвядзенне дзяржаўнага двухмоўя загоніць беларускую мову ў гета. Так яно і адбылося. Ня ведаю, з дурнасці, ці з беларусафобства, ці з падачы Масквы крычалі тыя пра «дыскрымінацыю». Па факце, размыццё нацыянальнай ідэнтычнасці (у аснове якой — мова) цягам 25 гадоў паставіла пад пагрозу ўжо само існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы. Каму гэта выгадна — зразумела.
Між іншым, «рэферэндум» (нават калі не браць пад увагу ягоную нелегітымнасць) НЕ СКАСАВАЎ статус беларускай мовы — як і да «рэферэндуму», чыноўнікі, міліцыянты, памежнікі, дэпутаты, прэзідэнт (і не толькі яны, але яны — у тым ліку) АБАВЯЗАНЫЯ сумаўляцца з вамі на дзяржаўнай беларускай мове.
Сяргей Навумчык, facebook.com