Белстат: Лічбы папулярнасці беларускай мовы значна вышэйшыя, чым 10 гадоў таму

Белстат назваў першыя даныя, атрыманыя падчас перапісу насельніцтва — 2019. Пакуль вядомыя толькі лічбы, датычныя колькасці насельніцтва.

bel_8.jpg

Адказы на моўныя і нацыянальныя пытанні апублікуюць толькі ў верасні 2020 года, бо яны ўсё яшчэ апрацоўваюцца.
Аднак старшыня Белстата Іна Мядзведзева ўжо анансавала, якім будзе вынік.
«Мы чакаем, што з улікам праведзенай інфармацыйнай працы, што даныя па выкарыстанні беларускай мовы будуць значна вышэйшыя за мінулы перапіс», — заявіла яна.
Назваць беларускую мову роднай заклікалі прадстаўнікі інтэлігенцыі. Такі адказ падчас перапісу дала і Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Падчас перапісу-1999 беларускую мову назвалі роднай 73% апытаных. У 2009 годзе такіх налічылася 53%.
Паміж перапісамі даследаванні з падобнымі пытаннямі праводзяць дзяржаўныя сацыялагічныя службы.
У 2016 годзе яны дэкларавалі парытэт: маўляў, па 45% назвалі роднай мовай і беларускую, і рускую.
А ўжо ў наступным годзе нібыта адбыўся разварот. 48% чалавек палічылі беларускую мову роднай, а рускую — толькі 43%.
Паводле Нашай Нівы