Сюрпрызы ад зімы

Зноў зіма прыйшла нечакана. Усе думалі, што яна папярэдзіць пра свой прыход, а яна, падлюка, прыйшла ў снежні — адразу пасля восені. Зноў прынесла з сабой звыклыя праблемы — снег, заторы на дарогах, галалёд… Зноўку мы аказаліся да яе не падрыхтаваныя.
 



post_3_12923027676989.jpg

За тыдзень у Мінску зафіксавана 450 зваротаў у сувязі з галалёднымі траўмамі. Пра гэта паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Мінска Іван Вайтовіч. Ён, разам з тым, растлумачыў, што гэта колькасць зваротаў, а не траўм, якія ў выніку маглі быць і не дыягнаставаныя.
Паводле слоў Вайтовіча, для прафілактыкі галалёдных траўм санітарна-эпідэміялагічныя службы горада праводзяць праверкі ўборкі тэрыторый ад снегу і выкарыстання супрацьгалалёдных сумесяў вакол аб’ектаў гандлю і іншых грамадскіх будынкаў. За снежань было распачата прыкладна 100 адміністрацыйных спраў у сувязі з невыкананнем мерапрыемстваў па барацьбе з галалёдам і ўборцы снегу, паведаміў медык. “Мы праводзім штодзённую працу па выяўленні недахопаў і прымаем самыя строгія меры ўздзеяння, — сказаў Вайтовіч.
Самыя строгія меры ўздзеяння мае намер прыняць і Мінгарвыканкам. Гэтая структура становіцца нечым падобная да Адміністрацыі прэзідэнта: што галоўны скажа, тое адразу і зробяць. Не паспеў мэр сталіцы Мікалай Ладуцька запатрабаваць адкапаць з-пад снегу бамжоў і прымусіць іх прыбіраць снег, як гэтае рашэнне было выканана.
Мінгарвыканкам “прапрацоўвае пытанне па прыцягненні бамжоў да ўборкі снегу, паведаміў генеральны дырэктар ГВА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка Уладзімір Хадарцэвіч. Разам з тым, адзначыў Хадарцэвіч, бяздомныя будуць працаваць не ў дварах, а ў “больш аддаленых раёнах горада: на пешаходных сувязях і на вуліцах. Ён паведаміў, што гэта праца не будзе аплачвацца, але бамжоў будуць паіць гарачым чаем і карміць бутэрбродамі. Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў, што бяздомныя будуць прыцягвацца да ўборкі снегу “на добраахвотнай аснове.
Пра “добраахвотную аснову мы ўжо чулі на працы бяздомных па ўборцы восеньскага лісця. Гэтая “добраахвотнасць забяспечвалася не толькі чаем і бутэрбродамі, але і міліцэйскімі дубінкамі. Інакш навошта за кожнай уборкай наглядаў міліцыянт?
Зараз сцэнар будзе таксама цікавы. Першай шарэнгай пойдуць бамжы — вызваляць з-пад снегу бутэлькі і іншыя “карысныя выкапні. За імі непасрэдна чысціць снег выйдуць адміністрацыйна затрыманыя ў якасці “працатэрапіі. За імі будуць назіраць маладзёны з БРСМ, якія, па словах прэзідэнта, “з’яўляецца добрым рэзервам кадраў для МУС і КДБ. А ўжо за тым, каб гэтая хеўра не разбеглася па цёплых закутках, будуць назіраць супрацоўнікі міліцыі. Яны будуць не толькі сачыць за агульным парадкам, але і глядзець, каму з БРСМаўцаў даць рэкамендацыі на паступленне ў міліцыянты, а каму — у КДБ.
А што? Атрымліваецца, і вуліцы чысцюткія, і ўсе пры справе. Потым падключацца пятыя — чыноўнікі, якія адрапартуюць пра паспяховасць праведзенага эксперыменту і атрымаюць за ўсіх прэміі перад Новым годам.
Дарэчы, да Новага года засталося паўмесяцы, а мы, па старой завядзёнцы, у апошні момант вырашаем важныя пытанні. Дагэтуль няма дамоўленасцяў па нафце. На працягу найбліжэйшых аднаго-двух тыдняў Беларусь разлічвае падпісаць з Расіяй баланс па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў на 2013 год, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з чальцамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі.
“Думаю, што мы дамовімся пра 23 мільёны тон, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Ёсць адзіная праблема — тэхнічная: ці здолеюць такі аб’ём паставіць па трубе? Прыкладна 22 мільёны тон змогуць, а адзін мільён тон мы гатовы паставіць чыгуначным транспартам. “Хаця даходнасць там будзе меншая, але прададзім гэты бензін на Захад, там цэны вышэйшыя, будзе для нас больш выгадна, — дадаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў: Беларусь настойвае на пастаўцы менавіта 23 мільёнаў тон — такі аб’ём неабходны для беларускіх прадпрыемстваў, якія дзякуючы мадэрнізацыі здольныя перапрацоўваць вялікія аб’ёмы нафты.
Але адзінае, аб чым не сказаў Лукашэнка, што думае пра гэта Расія. А яна па-ранейшаму пакрыўджаная на Беларусь з-за махінацыяў з растваральнікамі і разбавіцелямі. Завочна адказаў Лукашэнку на брыфінгу ў Мінску 10 снежня дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота: “Баланс па нафце пакуль не гатовы, але гэта пытанне будзе абмяркоўвацца.
Затое нам ёсць чым завабіць сюды турыстаў. Нацыянальнае агенцтва па турызме прадставіла зімовыя турыстычныя мерапрыемствы ў Беларусі. Тое, што туды ўключана, выклікае, як мінімум, здзіўленне. Прыкладам, турыстам, па меркаванні агенцтва, вельмі цікава тое, што ў канцы снежня — пачатку студзеня па ўсёй краіне традыцыйна пройдуць народныя гулянні каля навагодніх ёлак, канцэрты, феерверкі, спартыўныя мерапрыемствы, ранішнікі для дзяцей. У Мінску пераднавагодні тыдзень пачнецца святочным шэсцем Дзядоў Марозаў і Снягурачак і ўрачыстым запальваннем агнёў на цэнтральнай ёлцы Мінска на Кастрычніцкай плошчы.
Асабліва турысты захапляюцца нашымі дзіцячымі ранішнікамі! Так і бачу наведвальнікаў з ЗША, Германіі і ЮАР у дзіцячым садку!
А найбольш значнымі падзеямі лютага, па меркаванні Нацыянальнага агенцтва па турызме, абяцаюць стаць чэмпіянат свету па веласіпедным спорце на трэку (20–24 лютага), а таксама святкаванне Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Беларусі і Масленіца.
Вось чаго не хапае замежным турыстам! Яны натоўпамі павінны ехаць на гэтыя святкаванні. Нічога больш забаўнага ў Беларусі не чакаецца.
Але ёсць куды імкнуцца. У Дзяржынскім раёне з’явіцца гарналыжны курорт, паведаміла 11 снежня журналістам начальнік аддзела арганізацыйнай працы аздараўлення насельніцтва і турызму ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Інга Малашкевіч.
Паводле яе слоў, гарналыжны цэнтр будуе прыватнае ТАА “Сервісны цэнтр “Веста. Найбліжэйшым часам плануецца заліць каток і адкрыць пункт пракату. Што да гары для спуску на лыжах, яна ўжо насыпана, аднак да прыёму наведнікаў пакуль не гатова. “Хутчэй за ўсё, да гэтага сезона яны не паспеюць яе адкрыць: трэба выканаць вялікі аб’ём работ, — адзначыла Малашкевіч.
Але ў наступным годзе, пэўна, і на гэтых горках здолеюць пакатацца турысты.