Першы, можна сказаць, пробны прысуд Васілю Парфянкову па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня прайшоў хутка і гладка. На другім атрымалася замінка — відэазапісы з
падзей каля Дома ўраду паказалі, што абвінавачванні расіянам Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву не маюць доказнай базы. Суд абвясціў перапынак да 1 сакавіка для перакваліфікацыі абвінавачвання. Унутры
Беларусі і за яе межамі чакаюць развіцця падзей, але ні тут, ні там не гатовыя да кардынальных дзеянняў.
Атрымліваецца, што Гапонаў і Брэус два месяцы сядзелі ў турме, іх справу рыхтавалі да судовага разбіральніцтва, а ў выніку судзіць няма за што. Доказаў нападу на міліцыянтаў няма, вокны ў Доме ўраду
хлопцы не білі, а адміністрацыйныя «суткі» за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ўжо адседзелі.
Суд над расіянамі можна разглядаць і як своеасаблівы палітычны рэванш рэжыму. Нягледзячы на дыпламатычныя захады, гэтых хлопцаў перавялі ў статус абвінавачаных, як намёк на тое, хто ў Беларусі
камандуе. Хаця гэты самы «камандзір» вымушаны быў прыняць умовы Расіі і на пастаўкі энергарэсурсаў, і на падпісанне пагадненняў аб адзінай эканамічнай прасторы. Можна чакаць, што 1
сакавіка абвінавачванні Брэусу і Гапонаву будуць перакваліфікаваныя ў больш мяккія, адпаведна, з больш мяккімі пакараннямі — і авечкі цэлыя, і ваўкі сытыя.
Вяртаючыся да справы Васіля Парфянкова, можна сказаць, што гэта быў своеасаблівы лакмус на рэакцыю міжнароднай супольнасці і беларускага грамадства. Хоць праваабаронцы і казалі пра непераканаўчую
доказную базу, Васіля Парфянкова пакаралі 4 гадамі строгага рэжыму. У давесак ён мусіць кампенсаваць страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за пашкоджаны будынак, вадасцёкавыя трубы, шкло і
газон. З Еўропы прагучалі чарговыя заявы наконт непрымальнасці і заклапочанасці гэтым выракам. Але больш жорсткіх крокаў, як тое абяцала вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан (у тым ліку дадатковых
палітычных і эканамічных санкцый), у дачыненні да Беларусі не назіраецца. Натуральна, для ЕС Парфянкоў — фігура не такая знакавая, як, напрыклад, Някляеў ці Саннікаў, але ёсць сам факт
першага прапушчанага ўдару.
Што тычыцца ўнутранай зваротнай рэакцыі, то ў шырокіх колах яна не выйшла далей асуджальных размоў на кухні. Градус незадаволенасці расце, але не дасягнуў таго паказчыку, калі людзі гатовыя рызыкнуць
сваёй бяспекай і дабрабытам. Разам з тым на заклік праваабаронцаў цягам некалькіх дзён сабралі грошы (14 мільёнаў беларускіх рублёў) для кампенсацыі шкоды за пабітыя вокны ў Доме ўраду. Грошы
пералічылі на рахунак Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, якое выставіла грамадскі пазоў да абвінавачаных па крымінальных справах за ўдзел у масавых беспарадках.
Беларуская Хрысціянская дэмакратыя ініцыявала кампанію «стань сведкам» з заклікам да людзей, якія прысутнічалі вечарам 19 снежня на плошчы Незалежнасці, прыходзіць у суды і
выступаць у якасці сведак па справе. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што калі б на суды адважыліся прыйсці сотні людзей, гэта было б вялікім пазітыўным знакам для беларускага грамадства.
Дарэчы, тэрмін расследавання справы па частках 1 і 2 артыкулы 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі) падоўжаны пракуратурай Мінска да пяці месяцаў.
Трэба прыгадаць і яшчэ адзін факт. Першы крымінальны прысуд па справе аб «беспарадках» 19 снежня вынесла суддзя Вольга Комар. Выявілася, што яна (у дзявоцтве Вольга
Канойка) — выпускніца знакамітага беларускага, а потым зачыненага ўладамі Коласаўскага ліцэя. Гэта выклікала абурэнне ў апазіцыйных колах і паказала, што ўцёкі з аднаго ідэалагічнага поля ў
іншае, якія б прыгожыя і разумныя перабежчыкі ні былі, не даруецца. «Для Васіля Парфянкова кошт ягонага выбару быў вызначаны Вольгай Комар — чатыры гады пазбаўлення волі. Але і
Вользе, якая таксама зрабіла ў гэтай сітуацыі свой выбар, давядзецца спазнаць ягоны кошт», — напісаў водгук у «Народнай волі» дырэктар зачыненага Нацыянальнага
гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас.
Поствыбарчыя падзеі сталі своеасаблівай маральнай чысткай. Ярка праявілі людзей з моцнай грамадзянскай пазіцыяй, кухонных рэвалюцыянераў, абыякавых і заангажаваных у палітыку Лукашэнкі. І рэзка
негатыўная рэакцыя з апазіцыйнага боку на ўчынкі ці то міліцыянтаў, якія «выконвалі свой абавязак» 19-га, ці то суддзяў, што «выконваюць» яго цяпер —
нармальны працэс структуравання грамадства. Гэта падзел не на франты і барыкады. А падзел на тых, хто не гандлюецца з уласным сумленнем і пачуццём годнасці. З улікам таго, што апошнія гады
дэмакратычна арыентаваная супольнасць Беларусі жыве ад аднаго судовага працэсу да наступнага, даўно наспела крышталізацыя грамадзянскай свядомасці.