Споведзь Ксяндза Булькі

Вёска Мосар, што на Глыбоччынне, набыла шырокую вядомасць дзякуючы дзейнасці ксяндза-прэлата Юзафа Булькі, які каля 20 апошніх гадоў служыў у тутэйшым касцёле Святой Ганны. Ён аднавіў гэты храм, а ў наваколлі разам з вернікамі заклаў дэндрапарк, дэкаратыўныя сажалкі, клумбы і алеі. Паводле ягонай ініцыятывы ля касцёла з’явіўся першы на Беларусі помнік Яну Паўлу ІІ, а ў вёсцы Парыж на Пастаўшчыне — уласная «Эйфелева вежа» з каталіцкім крыжам наверсе.



65699726a3c601b9f31bf04019c8593c.jpg

Вёска Мосар, што на Глыбоччынне, набыла шырокую вядомасць дзякуючы дзейнасці ксяндза-прэлата Юзафа Булькі, які каля 20 апошніх гадоў служыў у тутэйшым касцёле Святой Ганны. Ён аднавіў гэты храм, а ў наваколлі разам з вернікамі заклаў дэндрапарк, дэкаратыўныя сажалкі, клумбы і алеі. Паводле ягонай ініцыятывы ля касцёла з’явіўся першы на Беларусі помнік Яну Паўлу ІІ, а ў вёсцы Парыж на Пастаўшчыне — уласная «Эйфелева вежа» з каталіцкім крыжам наверсе.
Ксёндз Юзаф быў вядомы яшчэ і як нястомны барацьбіт з п’янствам і алкагалізмам: ягонымі высілкамі ў Мосары быў створаны антыалкагольны музей, а тэрыторыя тутэйшага Удзельскага сельсавету абвешчана «зонай цвярозасці».
9 студзеня гэтага года зямны шлях ксяндза Юзафа Булькі на 85-м годзе жыцця завяршыўся. Развітацца з ім і памаліцца прыйшлі тысячы вернікаў. Памяць пра яго засталася, аб чым сведчыць і гэты ліст у рэдакцыю.
Калі я першы раз пабачыў ксяндза Бульку, мне было шэсць гадоў. Яму было шэсцьдзесят чатыры, але ў той час мне здавалася, што яму прынамсі дзевяноста. Адразу, дзякуючы бабуліным захадам, якая была прызнанай у каталіцкай грамадзе хадайніцай па аднаўленні касцёла, я атрымаў ганаровую пасаду міністранта.
У той час усіх хлопчыкаў, як і мужчын у комжах, якія прыслужвалі падчас святой імшы, мясцовыя аднолькава называлі закрыстыянамі. Мае абавязкі раслі з кожным днём. Спярша я атрымаў доступ да званочкаў, пасля да гарлачыкаў для палівання вады ў абрадзе ўмывання рук, яшчэ пазней да патэны для падстаўляння пад падбароддзе ў часе камуніі, якую мы проста называлі «тацай», і ўрэшце ці не да самага файнага і ў чымсьці вельмі паганскага літургічнага прычындалу — кадзідла.
З усіх закрыстыянаў у часе службы я адрозніваўся бездакорнымі паводзінамі, якія найперш заключаліся ў поўным маўчанні і дарослай павазе, што ксёндз Булька даволі часта адзначаў механічным пагладжваннем па галаве. Я заўсёды ставіўся да яго з пэўнай насцярогай, хутчэй за ўсё, з-за слабага разумення ягоных словаў. Ксёндз, які толькі прыехаў у Беларусь, гаварыў на руска-польскай мяшанцы з моцным літоўскім акцэнтам, які істотна перашкаджаў мне разумець ягоныя кароткія заўвагі і пытанні. У той час служба ў касцёле праходзіла яшчэ выключна па-польску. Я польскай мовы, апроч завучаных словаў розных малітваў, не ведаў. Таму фраза «Богу складамы дзенькі», перакладзеная мною як «Богу складаем дзеньгі», перш за ўсё асацыявалася з чыннасцю збірання грошай у скарбонку, рабіла на мяне вялікае ўражанне.
Вобраз ксяндза Булькі для мяне ўсё ж больш звязаны з прыкасцельнай тэрыторыяй, чым з самім касцёлам. Ягоныя рукі часта былі запэцканыя ў зямлі, зліваліся з колерам сутаны і ўлюбёнай ім берэты — чорнай чатырохвугольнай шапкі з дзіўным пампонам наверсе. На сённяшні розум я б падумаў, што ён хутчэй пратэстант, які большасць дня праводзіць на працы ў садзе, ці можа нават пурытанін, які, пакінуўшы дом, едзе абжываць новую зямлю, па якой калі нават хтосьці і хадзіў перад гэтым, то было гэта вельмі даўно. У сваёй нянавісці да алкаголю — я добра памятаю ягоныя палымяныя супрацьалкагольныя казані — ён і праўда ў нечым больш нагадваў пурытаніна з каланіяльнага перыяду. Магчыма, таму Бульку так моцна любілі і ўсяляк падтрымлівалі вясковыя жанчыны, а мужчыны пераважна асцерагаліся.
Калі мне споўнілася восем, бабуля пастанавіла падрыхтаваць мяне ды выправіць да першай камуніі. Прайшоўшы этап тэарэтычнай падрыхтоўкі ў законных сясцёр, я актыўна рыхтаваўся да першай у жыцці споведзі. Чым бліжэй быў час споведзі, тым больш я губляўся ў «нарыхтоўцы» сваіх грахоў. Як заўжды, у такіх выпадках на дапамогу прыходзіла бабуля. Яна спярша прайшлася са мною па ўсіх смяротных грахах, за якія можна трапіць у пекла, якія здзяйсняюцца пры поўнай свядомасці і свабодзе выбару. З дзесяці прыказанняў бабуля пазначыла мне пункты тры і чатыры, а пасля мы перайшлі да грахоў з ліку лёгкіх — тых, з якімі можна было разлічваць на Чысцец. Каб занадта не перахваляваць мяне вывучэннем правінаў на памяць, бабуля дапамагла запісаць іх на адмысловую паперку.
Калі прыйшоў урачысты момант, ксёндз Булька спярша ўважна выслухаў завучаную мною формулу споведзі, а пасля зачытаныя з дапамогай шпаргалкі грахі. Сказаўшы сваю частку малітвы, ён загадаў больш не грашыць, задаў у якасці пакуты прачытаць пэўныя малітвы і ўжо ў самым канцы, выхіліўшыся з-за кратаў канфесіяналу бліжэй да мяне, на сваёй дзівоснай мове прашаптаў:
— Паперку пасля споведзі спаліць.
Скінуўшы з плячэй вялізарны груз, я, быццам паветраны балонік, вяртаўся з не менш за мяне задаволенай бабуляй дахаты.
— А каму спавядаецца ксёндз Булька? — мучыў я бабулю сваімі складанымі пытаннямі.
— Біскупу, — спакойна, як заўжды, адказвала яна.
— А біскуп? — працягваў я.
— А біскуп Папу рымскаму — казала бабуля, мусіць, не хочучы ўводзіць мяне ў складаныя падрабязнасці.
— А Папа рымскі? — не спыняўся я.
— А Папа рымскі... Богу — сказала бабуля, паставіўшы кропку ў нашым дыялогу.
«Дык вось, значыць, якім складаным шляхам мае грахі трапляюць да Бога», — думаў я і крочыў дадому.

Віталь Воранаў