Супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Сотні тысяч людзей у Беларусі і ў свеце выступаюць супраць смяротнага пакарання, якое дагэтуль выносіцца і выконваецца ў нашай краіне. Хвалю абурэння гэтым бессэнсоўным і антыгуманным відам пакарання выклікаў раcстрэльны прысуд у дачыненні да фігурантаў крымінальнай справы аб выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года дваццаціпяцігадовых віцяблян Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.  (На фота: Скрыні з петыцыямі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі)



75877cb75154206c4e65e76b88a12712.JPG

Сотні тысяч людзей у Беларусі і ў свеце выступаюць супраць смяротнага пакарання, якое дагэтуль выносіцца і выконваецца ў нашай краіне. Хвалю абурэння гэтым бессэнсоўным і антыгуманным відам пакарання выклікаў раcстрэльны прысуд у дачыненні да фігурантаў крымінальнай справы аб выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года дваццаціпяцігадовых віцяблян Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. 

(На фота: Скрыні з петыцыямі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі)


У пятніцу, 9 снежня, у офісе зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам беларускіх праваабаронцаў, а таксама прадстаўніцы “Міжнароднай амністыі Хэзы Макгіл, маці асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва Любові Кавалёвай і маці расстралянага летась Андрэя Жука Святланы Жук. Тэмаю сустрэчы з журналістамі было менавіта смяротнае пакаранне. Варта адзначыць, што з той прычыны, што ў Беларусі сёння прымяняецца расстрэл у якасці выключнай меры пакарання, наша краіна ёсць адзінай на кантыненце, якая не з’яўляецца членам Савета Еўропы, а парламент нават пазбавіўся статуса спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі СЕ (ПАСЕ).
Як падкрэсліла даследчык “Міжнароднай амністыі (“Amnesty International) Хэза Макгіл, прымяненне смяротнага пакарання з’яўляецца абуральным парушэннем права чалавека на жыццё. “Гэта ёсць катаванні ў дачыненні да саміх асуджаных на смерць, гэта катаванні ў дачыненні да іх сем’яў. Камітэт ААН па правах чалавека ўжо прызнаў, што сакрэтнасць вакол смяротнага пакарання ў Беларусі з’яўляецца катаваннем дачынна бацькоў, маці прыгавораных, якія не атрымліваюць труп свайго блізкага чалавека для пахавання. Для гэтых людзей гэта ёсць вялікай маральнай пакутаю. Назіраючы за апошнім судовым працэсам над Канавалавым і Кавалёвым, мы заўважылі, што грамадская думка пачынае рашуча выступаць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Мы нават на судзе бачылі людзей, якія пацярпелі ў выніку выбуху ў метро, але некаторыя з іх выказвалі сумненні наконт справядлівасці дадзенага суда. У свеце ўсё больш краін адмаўляюцца ад гэтага жорсткага пакарання, і мы спадзяемся, што зараз і ў Беларусі надышоў момант, калі краіна можа адмовіцца ад смяротнага пакарання, — адзначыла Хэза Макгіл.  

Алег Гулак, Святлана Жук, Любоў Кавалёва, Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч


Як падкрэсліла вядомая праваабаронца, апошнія даследаванні  сведчаць, што смяротнае пакаранне аніякім чынам не ўплывае на ўзровень злачыннасці і на здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў у прыватнасці. На думку Хэзы Макгіл, апроч усяго, заўжды існуе магчымасць судовай памылкі, верагоднасць пакараць невінаватага чалавека, і такое пакаранне — смяротнае — можа стаць незваротным.
Адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда адзначыў, што зараз ідзе актыўны працэс зваротаў у міжнародныя інстанцыі, каб не дапусціць выканання смяротнага прысуду ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. “Мы зараз плануем дабіцца запуску спецыяльных механізмаў Камітэта ААН па правах чалавека, якая спыняюць рашэнне аб выкананні смяротнага выраку. Але ў Беларусі маецца сумны вопыт, калі ў чатырох выпадках наша краіна ў парушэнне ўсіх норм міжнароднага права і заканадаўства выконвала расстрэльныя прыгаворы. Апошнія такія факты мелі месца сёлета ў выпадку справы Грышкоўцова і Бурдыкі. Іх звароты былі зарэгістраваны ў Камітэце ААН па правах чалавека, беларускі МЗС быў належным чынам праінфармаваны, але было абвешчана, што расстрэльныя прысуды ў дачыненні да Бурдыкі і Грышкаўцова былі прыведзены ў выкананне… Мы спадзяемся, што петыцыі, якія мы плануем перадаць у Адміністрацыю прэзідэнта, дапамогуць кіраўніку дзяржавы прыняць рашэнне аб памілаванні Канавалава і Кавалёва, — сказаў Андрэй Палуда.  
Варта адзначыць, што ў дзясятках краін свету “Міжнародная амністыя сабрала больш за 165 тысяч подпісаў пад петыцыямі за адмену ў Беларусі смяротнага пакарання. Скрыні з подпісамі старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, намеснік кіраўніка “Вясны Валянцін Стэфановіч, а таксама Хэза Макгіл, іншыя праваабаронцы спрабавалі перадаць 9 снежня ў будынак на мінскай вуліцы Карла Маркса, 38. Але ў адміністрацыі кіраўніка беларускай дзяржавы петыцыі прыняць адмовіліся, прапанаваўшы накіраваць іх праз пошту. Што праваабаронцам і давялося зрабіць.

Хэза Макгіл


Разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый і журналістамі былі і маці ўжо расстралянага летась Андрэя Жука Святлана Жук і маці прыгаворанага да расстрэлу Улада Кавалёва Любоў Кавалёва.
Святлана Жук сказала журналістам, што смяротнае пакаранне з’яўляецца сапраўдным катаваннем у дачыненні да блізкіх прыгавораных да смерці. “Я не змагла пахаваць свайго сына, я не бачыла яго мёртвым. Таму я веру, што мой сын жывы, і што я калісьці ўбачу яго, — плача жанчына.
Любоў Іванаўна Кавалёва не верыць у віну свайго сына Улада, у справядлівасць самога суда над ім і вынесенага выраку. “На маім сыне няма крыві, няма віны, ён чэсны перад людзьмі і перад Богам. Я не ведаю, чаму майму сыну вынеслі такі вердыкт. Я таксама звярнулася да народаў усяго свету з заклікам сабраць подпісы за адмену смяротнага пакарання. На дадзены момант пад нашай петыцыяй падпісаліся больш за 31 тысячу чалавек, і я ведаю, што гэта не толькі маці, не толькі перакананыя праціўнікі смяротнага пакарання, але і звычайныя людзі, — адзначыла Любоў Кавалёва. Дарэчы, пад яшчэ адной петыцыяй, якая з’явілася ў сеціве адразу пасля патрабавання пракурора Стука пакараць Канавалава і Кавалёва смерцю, падпісаліся ўжо больш за 53 тысячы чалавек.
Паводле слоў Любові Кавалёвай, Уладзіслаў ужо напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта кіраўнік Беларусі зараз ёсць адзіным, хто можа выратаваць Кавалёва і Канавалава ад смерці. “7 снежня ў сына быў адвакат. Улад напісаў, што не прызнае сваёй віны. Ён напісаў, што не вінаваты ў здзяйсненні гэтых страшных злачынстваў і не рабіў іх, — паведаміла маці прыгаворанага да расстрэлу маладзёна.
Па словах Любові Кавалёвай, падчас нядаўняй сустрэчы з Уладам у СІЗА ўжо пасля вынясення прысуду яна заўважыла на ягоных руках сляды ад кайданкоў. “Гэта былі зусім свежыя сляды. Відаць, сына прыкоўваюць кайданкамі нават да ложку, — мяркуе Любоў Кавалёва. “Навошта?! — задаецца пытаннем жанчына.
Грамадская кампанія супраць прывядзення ў выкананне смяротнага выраку ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, як і кампанія за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі ўвогуле, працягваецца.