Хто не хоча еднасці праваслаўных?

За тыдзень да Усеправаслаўнага Сабора, які праходзіць на Крыце з 16 па 26 чэрвеня, некалькі цэркваў пад рознымі нагодамі адмовіліся ад удзелу ў ім. Гэта давала падставы сумнявацца, а ці адбудзецца ён увогуле.

1 Сусветны Сабор. фрэска. Асманская імперыя. XVI ст. Грэцыя. Афон. Стаўранікіта

1 Сусветны Сабор. фрэска. Асманская імперыя. XVI ст. Грэцыя. Афон. Стаўранікіта


У спробе сарваць мерапрыемства многія западозрылі Рускую праваслаўную царкву. Тэолаг Наталля Васілевіч, якая назірае за падзеямі непасрэдна з Крыта, лічыць, што гэта версія мае права на існаванне.
«Тыя дзеянні, якія напрацягу апошніх тыдняў маюць месца, — гэта нейкі знак, мессэдж да сусветнай праваслаўнай супольнасці і патрыярхату. Спроба аспрэчыць пазіцыю лідарства, якую заняў сусветны патрыярхат, магчыма прамацванне, наколькі гэтая маніпуляцыя спрацуе. РПЦ, магчыма, спрабуе не паўплываць на сам Сабор, а паказаць расклад сілаў у праваслаўі. Бо РПЦ лічыць сябе найвялікшай царквой, улічваючы колькасць прыходаў, вернікаў, супрацоўніцтва з расійскай дзяржавай. РПЦ спрабуе заявіць пра сябе як пра сусветную сілу. Ці атрымаецца гэта — залежыць ад многіх фактараў. У першую чаргу ад таго: ці сапраўды вялікі аўтарытэт РПЦ, чым ён падмацаваны і ці не спрацуе гэта наадварот — на паслабленне аўтарытэта РПЦ ва ўсеправаслаўным і агульнахрысціянскім кантэксце і ўвогуле на ўзроўні палітычным?».
Апошні Усеправаслаўны Сабор адбываўся больш за 1000 год таму. Да сённяшняга мерапрыемства пачалі рыхтавацца напачатку ХХ стагоддзя. Хаця Руская праваслаўная царква сцвярджае, што 50 гадоў таму — бо менавіта тады яна далучылася да яго падрыхтоўкі.
Асобным пунктам для абмеркавання на Саборы стаяла пытанне аўтакефаліі і парадку яе абвяшчэння. Найбольш востра яно гучыць у кантэксце непрызнанай РПЦ Украінскай аўтакефальнай царквы з улікам баявых дзеянняў Рассіі на тэрыторы Украіны. Тым больш што рэлігійны складнік актыўна выкарыстоўваецца прапагандай з абодвух бакоў. Але кансенсусам было вырашана гэтае пытанне адкласці, магчыма, да часоў, калі яно з палітычных параўтворыцца ў адміністратыўнае.
Ці можа факт неўдзелу ў Саборы асобных цэркваў паўплываць на тое, што астатнія важныя пытанні не будуць нават абмеркаваныя?
На думку Наталлі Васілевіч, для праваслаўнай царквы важна не толькі каб Сабор быў праведзены па ўсіх правілах. Таксама вялікае значэнне мае рэцэпцыя — тое, як прынятыя рашэнні будуць далей успрымацца на ўзроўні памесных цэркваў і асобных епархій. Наталля прыводзіць як прыклад рашэнне перайсці на юліянскі каляндар, якое было цяжкім і, магчыма, не зусім удалым, бо частка цэркваў засталася на старым грэгарыянскім календары.
Увогуле, кажа Наталля, Сабор многія бачылі як карцінку, сумеснае сэлфі на беразе Крыцкага мора, дзе ўсе разам стаяць і пасміхаюцца. Але сітуацыя з адмовай ад удзелу ў шмат чым паказальная.
«Атрымліваецца, што рэчаіснаць як раз у тым, што еднасці няма, яна ўмоўная. І тое, што цэрквы сябе так паводзяць, з'яўляецца праўдзівым сведчаннем недахопу еднасці ўнутры праваслаўнай царквы. Многія кажуць, што гэта станоўчы момант, бо ён больш адпавядае рэчаіснасці».