Сёння свята Тройцы

Хрысціяне ўсходняй традыцыі сёння адзначаюць свята Тройцы.

troica_v_belarusi.jpg


Сёння большасць хрысціянаў усходняй традыцыі (праваслаўныя, грэка-католікі) адзначаюць свята Пяцідзесятніцы або Тройцы. Гэта адно з найбольшых царкоўных дванаццаці святаў і мае карані яшчэ ў старазапаветных часах. Але ў хрысціянстве яно набыло новы сэнс, звязаны з падзеямі, апісанымі ў Кнізе Дзеяў Святых Апосталаў. У гэты дзень вернікі ўзгадваюць зшэсце Святога Духа на Дзеву Марыю і апосталаў, якое зрабіла іх новымі людзьмі, здольнымі прапаведваць Евангелле па ўсім свеце. Таму ў багаслоўі гэтая падзея лічыцца датай нараджэння Царквы.

У беларускай традыцыі гэты дзень яшчэ называецца Сёмухай, бо ўзгадваемыя Царквой падзеі адбыліся на пяцідзесяты дзень пасля Пасхі, якая лічыцца першым днём, інакш праз сем тыдняў. Цэрквы і хаты на нашых землях у гэты дзень прыкрашалісь зелянінай — кветкамі, галінкамі бярозы або ліпы, а падлога засцілалась аірам. Моладзь і дзеці вадзілі карагоды.

З Тройцай звязанае ў царкоўным календары і памінанне ў гэтыя дні памерлых, калі людзі прыбіраюць могілкі ды ўзгадваюць сваіх продкаў. У суседняй Украіне гэты дзень з’яўляецца дзяржаўным святам з дадатковым выходным у панядзелак.