Іван Кірчук: Мая калекцыя павінна працаваць — гэта не музей

15 чэрвеня ў Інстытуце культуры Беларусі адкрываецца этналабараторыя. Яе базу складае калекцыя музычных інструментаў лідара этна-трыа "Троіца"Івана Кірчука, які працуе ва ўстанове старшым выкладчыкам.

ivan_1.jpg

«Мая мара спраўдзілася праз 33 гады, — не хавае радасці Іван Іванавіч. — З 83-га года я маю два музеі. Адзін, этнаграфічны з Батлейкай, знаходзіцца ў Варшаве ў маіх сяброў, таму што яго няма дзе тут выставіць. Другі, музей музычных інструментаў, тры гады таму выстаўляўся ў Заслаўлі. І я з гэтымі куфрамі і скрынямі ўжо прытаміўся шукаць месца. Былі прапановы, але атрымлівалася, што трэба было зноў біць цвікі ў сцяну, і ніхто не ўкладаў у гэта грошы. У інстытуце культуры Беларусі я расказаў дырэктарцы Ірыне Лапцёнак, што маю такі музей, і прапанаваў іх выкарыстоўваць. Яна сустрэлася з дызайнерамі, якія выдатна папрацавалі, бо, каб зрабіць выставу ўсяго, што ёсць, нам патрэбныя тры-чатыры залы. А яны прыдумалі так, каб гэтыя інструменты, якія вісяць, можна было выкарыстоўваць на занятках са слухачамі, бо бывае, што я даю ліру, барабан, сам бяру жалейку ці дудачку, і мы робім  розныя сцэны, на якія ёсць час. І вось дзякуючы намаганням інстытута, праз 33 гады ёсць адзін пакойчык, у якім будзе добра працаваць, бо ўсё пад рукамі».

ivan2.jpg

Увогуле, усё пачынаецца ў 83-м годзе, калі Іван Кірчук разам з бацькам ладзіць «экспедыцыю» па сваяках і прывозіць з яе машыну рушнікоў, посцілак, збаноў і іншых артэфактаў. Спачатку артэфакты знаходзяць прытулак у культпрасвет-вучылішчы, дзе Іван Іванавіч працуе цягам 14-ці гадоў. Потым артэфакты, якіх за гэты час большае і да якіх дадаюцца музычныя інструменты, пераязджаюць у педуніверсітэт, дзе Кірчук выкладае народнае мастацтва студэнтам. Праўда, за 18 гадоў працы лідар гурта, які ладзіць складаныя спектаклі са студэнтамі і ездзіць з «Троіцай» па ўсім свеце, тым самым прыносячы славу краіне, так і не атрымлівае ўласнага кабінета. Таму інструменты качуюць па аўдыторыях, лецішчах, рэпетыцыйных кропках «Троіцы» і чакаюць «свайго часу». 

ivan3.jpg

У Інстытуце культуры Беларусі ў Кірчука няма часу ствараць вялікія праграмы, бо слухачы ўстановы прыязджаюць сюды толькі на два тыдні. Аднак разам яны праглядаюць розныя праграмы на відэа, просяць у Івана падказкі па пытаннях народных святаў і могуць карыстацца тэчкай «Іван Кірчук» у бібліятэцы, якая ўтрымлівае шмат матэрыялаў, што тычацца фальклору і абрадаў.

Іван Іванавіч падкрэслівае, што этналабараторыя — гэта не музей, а вучэбная аўдыторыя:

«Калекцыі не месца ў музеі. Яна павінна вось так працаваць. Бачыце, сёння рушнікі, посцілкі ўпрыгожваюць алтары на ваду, зямлю, продкаў, што я прыдумаў. Калі яны будуць проста ў куфрах ляжаць — гэта адно, а калі людзі будуць бачыць прыгажосць паясоў, усіх рэчаў, якія былі ў монаспектаклі, мне здаецца, што ў выкарыстанні і ёсць сэнс збірання экспанатаў».

Экспромт з наведвальнікамі прэзентацыі

Экспромт з наведвальнікамі прэзентацыі

Перад тым, як адкрыць дзверы этналабараторыі, Кірчук паказвае прысутным фрагменты свайго монаспектакля «Дарожка», у якім дэманструе "дзейнасць" артэфактаў і музычнай калекцыі.

ivan5.jpg

«Іван Кірчук — гэта чалавек-эпоха, які ўвабраў усё лепшае з ХІХ-ХХ стагоддзяў і перанёс, даў яго нам, цяперашнім, — кажа спявачка і фалькласрыст Любоў Сівурава. — Кірчук — чалавек-аркестр, чалавек-навуковец, чалавек-сусвет і чалавек нацыянальны. Гэта лепшы прыклад таго, як чалавек можа развівацца, нягледзячы на ўсялякія цяжкасці, на адсутнасць таго ці іншага, калі любіць сваю справу. Кірчук спраўдзіў сваю мару нарэшце. Ён атрымаў месца, дзе можа ствараць праекты, рэалізоўвацца, дзе мае магчымасць аддаць тое, што назапасіў за жыццё. І я вельмі радая за яго».

 

Любоў Сівурава падчас монаспектакля «Дарожка»

Любоў Сівурава падчас монаспектакля «Дарожка»

Этнабараторыя пазіцыянуецца як эксперыментальная і творчая майстэрня па вывучэнні інструментаў, народных святаў і абрадаў. Тут жа знаходзіцца 2000 дыскаў world-music, якія Кірчук набываў падчас гастроляў па ўсім свеце, кнігі па этнаграфіі і фальклоры, рушнікі і посцілкі, знойдзеныя ў экспедыцыях, рок-кароны і іншыя ўзнагароды, атрыманыя «Троіцай», «Батлейка», а таксама творы народных майстроў — знакамітыя "драўляныя чалавечкі" разьбяра Мікалая Тарасюка і драўляная скульптура Міхася Рышкевіча.

Наведаць лабараторыю можна, пазваніўшы ў Інстытут ці непасрэдна Івану Іванавічу, бо адна справа — паглядзець на калекцыю, іншая — паслухаць аповед з вуснаў галоўнага беларускага шамана.

Дырэктар Інстытуту культуры Беларусі Ірына Лапцёнак і Іван Кірчук

Дырэктар Інстытуту культуры Беларусі Ірына Лапцёнак і Іван Кірчук

ivan8.jpg

ivan9.jpg


Узнагароды "Троіцы" і часопіс, куды можна запісваць свае водгукі ці пажаданні

"Драўляныя чалавечкі" Мікалая Тарасюка

"Драўляныя чалавечкі" Мікалая Тарасюка


Паводле Еўрарадыё