Палачаны пратэстуюць супраць свінакомплексу па ізраільскім праекце

15 чэрвеня, у сераду, у доме культуры аграгарадка Палачаны (Маладзечанскі раён) прайшоў сход жыхароў на тэму будаўніцтва свінакомплексу на сто тысяч галоў.

abmer.jpg

Сабраў людзей Маладзечанскі райвыканкам з нагоды звароту палачанаў у Адміністрацыю прэзідэнта аб спыненні будаўніцтва гэтага аб’екта. Вышэйшая адміністрацыя спусціла скаргу людзей да ніжэйшай, раённай.

Палачане сабралі больш за паўтысячы подпісаў, дружна выступілі супраць планаў размясціць свінарнік у ваколіцах.

Зала сабралася поўная, людзі былі настроены вельмі рашуча.

Галоўныя пытанні: што будзе з грунтовымі водамі, глебай, чым будуць дыхаць людзі, што будзе з асабістым падвор’ем, чаму ўлада не хоча аднесьці аб’ект у больш аддаленае месца?

Праекціроўшчык – ізраільская кампанія, інвестар — кампанія «Вялес-Міт», і дзяржаўная экалагічная экспертыза пераконвалі людзей, што ўсё будзе «ў шакаладзе», і насельніцтву няма чаго баяцца.

Раённая ўлада ў асобе Маладзечанскага райвыканкама заняла бок прыватнай камерцыйнай структуры. Людзі абураліся. І не адзін раз з залы гучала пытанне: «Што ж такога павінны зрабіць жыхары Палачанаў, каб гэта пытанне было вырашана на карысць палачанаў?» Адказу на гэтае пытанне яны так і не атрымалі.

Паводле Нашай Нівы