Конрад Паўлік: Празмерныя чаканні прыводзяць да празмерных расчараванняў

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік правёў 15 чэрвеня на сядзібе беларускага Прэс-клубу першую прэс-канферэнцыю на пасадзе кіраўніка польскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

polski_pasol_logo.jpg

 

Па словах пасла, гэта прэс-канферэнцыя — гэта своеасаблівае падвядзенне выніках трохмесячнай працы ў Беларусі. Лейтматыў сённяшніх польска-беларускіх адносін — адбываецца актывізацыя супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. У тым ліку для польскага боку важна развіццё прававой дагаворнай базы, бо шмат якія пагадненні паміж нашымі краінамі дзейнічаюць яшчэ з часоў СССР.

 

Таксама не на апошнім месцы стаіць павелічэнне колькасць выдадзеных беларусам віз. Менавіта для гэтага не так даўно ў нашай краіне адчыніліся 8 візавых цэнтраў. Хаця і без гэтага ў мінулым годзе беларусам было выдадзена больш за 400 тысяч віз.

 

Конрад Паўлік нагадаў, што за апошні час Беларусь наведалі тры міністры польскага ўраду, у тым ліку міністр замежных спраў. Такога нашэсця афіцыйных асобаў за такі кароткі прамежак часу Беларусь яшчэ не ведала. Але гэта не значыць, што хутка адбудзецца прарыў у нашых двухбаковых адносінах. Таму спадар Паўлік прасіў не чакаць шмат. «Празмерныя чаканні прыводзяць да празмерных расчараванняў», — падкрэсліў пасол.

 

posol_2_logo.jpg


«Я лічу, што трэба пачынаць з дэталяў, каб дайсці да фундаментальнага. Менавіта дэталі пасля складаюць і эканамічнае, і палітычнае значэнне. Хаця я разумею, што гэта будзе каштаваць і мне, і маім супрацоўнікам вялікай працы, — зазначыў Конрад Паўлік. — Не ўсе пытанні нам удасца вырашыць, але трэба паспрабаваць знайсці кампраміс».

 

Сярод тых пытанняў, якія, на думку пасла, не будуць лёгкімі ў абмеркаванні з беларускімі ўладамі, гэта і гістарычны дыялог, у тым ліку ўшанаванне ахвяр сталінскіх расстрэлаў, і пытанні польскай дыяспары, і малы памежны рух.

 

posol_3_logo.jpg


«Ёсць такія сферы, у якіх шмат пытанняў, і будзе складана сказаць, што ў іх будзе прагрэс. Ёсць і шмат сфер, дзе можна паспяхова працаваць, але мы дасюль няшмат працавалі. Гэта менавіта тычыцца мяжы і памежнага супрацоўніцтва. Мы часта забываем — і ў Варшаве, і ў Мінску, — што праз два гады будзе праходзіць Чэмпіянат свету па футболе ў Расійскай Федэрацыі, і заўзятары будуць ехаць праз нашу мяжу. А паміж намі дзейнічае дамова яшчэ 1960-х гадоў. І над гэтым трэба ўжо працаваць. Таму ёсць шмат дэталяў, якія складаюць больш фундаментальную праблему», — сказаў пасол.

 

Для супрацоўніцтва паміж Варшавай і Мінскам ёсць шмат сфер. І гэта не толькі гандлёва-эканамічныя адносіны, а яшчэ і экалогія, турызм, адукацыйныя і культурныя праграмы, пытанні спрыяння развіццю і шмат іншых.

 

«Польшча, якая ў свой час атрымлівала дапамогу, адчувае зараз маральны абавязак і хоча стаць донарам для Беларусі», — адзначыў Конрад Паўлік.

 

А што тычыцца складаных пытанняў двухбаковых адносін, то іх, па словах пасла, «лепш вырашаць у цішыні дыпламатычных кабінетаў».