Сваіх не здаюць

У рэдакцыю «НЧ» звярнуўся Андрэй Мініч, супрацоўнік праваахоўных органаў — ад лістапада 2008 года ён спрабуе прыцягнуць да адказнасці дактароў Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы за смерць сваёй маці.



f2f446980d8e971ef3da97af089481c3.jpg

У рэдакцыю «НЧ» звярнуўся Андрэй Мініч, супрацоўнік праваахоўных органаў — ад лістапада 2008 года ён спрабуе прыцягнуць да адказнасці дактароў Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы за смерць сваёй маці.
Пасля некалькіх гадоў узаемадзеяння з судамі, пракуратурай, следчымі органамі Мініч вельмі крытычна ставіцца да іх працы і жадання аб’ектыўна разбірацца ў сітуацыі. Андрэй ужо звяртаўся ў дзяржаўную прэсу, артыкулы пра яго бяду таксама публікавалі «Народная воля», «Барысаўскія навіны» і «На страже». Мініч хоча, каб як мага больш людзей даведаліся пра яго выпадак. Але найперш ён хоча, каб «выконваўся адзін з галоўных прынцыпаў юрыспрудэнцыі — прынцып няўхільнасці пакарання».
* * *
У ліпені 2007 года маці Андрэя Рэгіна Антонаўна Мініч памерла ў рэанімацыйным аддзяленні Жодзінскай гарадской бальніцы. Дактары сказалі, што прычынай смерці стаў рак нявыяўленай формы, але ў пасведчанні аб смерці ў графе, дзе пазначаецца прычына, быў прочырк.
У тым жа 2007 годзе Рэгіну Мініч па накіраванню ўчастковага тэрапеўта шпіталізавалі з жоўцекаменнай хваробай, назіралася яна ў гастраэнтэралагічным аддзяленні Жодзінскай гарадской бальніцы. Выпісалі жанчыну адтуль з некаторым паляпшэннем здароўя. Але праз два тыдні яна зноў злегла: з’явіліся моцныя галаўныя болі, болі ў вобласці сэрца. Сын неаднаразова выклікаў хуткую, аднак прыкмет інфаркту міякарда лекары не знаходзілі. У выніку 13 ліпеня 2007 года спадарыню Рэгіну ў перадінфарктным стане шпіталізавалі ў тую ж гарадскую бальніцу. 16 ліпеня жанчына памерла.
У бальніцы медыкі паказалі сыну здымак, на якім бачны ацёк лёгкіх, і выказалі здагадку: анкалогія або сухоты. Але дакладнага дыягназу так і не паставілі.
Андрэй Мініч перакананы: калі б была своечасовая дыягностыка, яго маці магла б пражыць яшчэ не адзін год. Андрэй распавядае, што яшчэ ў кастрычніка 2007 года начальнік упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Ліпніцкі тлумачыў, што ўрачы сутыкнуліся з вельмі рэдкім відам раку — бронхаальвеалярным. Ён сустракаецца ў 2–4 працэнтах выпадкаў усіх відаў анкалогіі лёгкіх і, як правіла, клінічна не праяўляецца да моманту, калі адбываецца непасрэднае прарастанне ў вісцаральная плеўры або грудную клетку. За халатнае стаўленне да дыягностыкі захворвання дактароў пакаралі толькі ў дысцыплінарным парадку.
Андрэй падаў заяву ў ГАУС Жодзіна 15 красавіка 2008 года. Нарэшце 28 лістапада 2008 года была заведзеная справа па прыкмеце злачынства паводле ч. 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэкса Беларусі (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента; караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення).
І ад гэтага моманту пачынаецца доўгае бадзянне па інстанцыях. Цікава, што пра бесперспектыўнасць справы ўпартага Мініча папярэджвалі на самым пачатку.
— Спачатку справу завялі ў Жодзіна, а летам 2009 года перадалі ў Следчае ўпраўленне (СУ) Мінаблвыканкама. Справу прымаў старшы следчы па асабліва важных справах СУ Мінаблвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Канцавы А. У. Ход расследавання кантраляваў намеснік начальніка СУ Мінаблвыканкама падпалкоўнік Буткоўскі С. Л., — распавядае Андрэй Мініч. — Папярэдняе расследаванне ішло праз пень-калоду, чаму так — мне не вядома. Шмат разоў выносіліся пастановы спыніць папярэдняе расследаванне. Але пасля маіх скаргаў у Генпракуратуру і пракуратуру Мінскай вобласці гэтыя пастановы адмяняліся як неабгрунтаваныя. Справа трымалася на плыву толькі дзякуючы маім юрыдычным ведам. Супрацоўнікі міліцыі самастойна не шукалі крыніцы доказаў, як таго патрабуе Крымінальна-працэсуальны кодэкс, а займалі чакальную пазіцыю.
Зборам доказаў займаўся непасрэдна Мініч. Па яго словах, Буткоўскі дапытваў пазыўніка чатыры гадзіны, а Канцавы дапытваў падазраваных урачоў 15–25 хвілін.
У 2011 годзе справа налічвала ўжо 9 тамоў. Было 9 судова-медыцынскіх экспертызаў, якія ўстанавілі шматлікія службовыя парушэнні падазраваных па крымінальнай справе супрацоўнікаў жодзінскай паліклінікі: тэрапеўта Ягоравай І. М. і рэнтгенолага Пціцынай С. У. Апошняя была звольненая з медустановы ў 2008 годзе — лекар ужо была на пенсіі, і з ёй не працягнулі кантракт. Па хадайніцтву Андрэя была праведзеная судова-медыцынская экспертыза імунна-гісталагічнага аналізу тканак трупа Мініч Рэгіны Антонаўны. І даследаванне не выявіла злаякасных клетак, метастазаў, хаця і быў пастаўлены дыягназ «анкапаталогія».
— Гэтыя супярэчнасці падштурхнулі мяне падаць скаргу ў Генпракуратуру ад імя пацярпелага аб мэтазгоднасці правесці незалежную судова-медыцынскую экспертызу на тэрыторыі Расіі. Хадайніцтва пасля скаргаў у розныя інстанцыі задаволілі, — распавядае пра далейшае развіццё падзей сын памерлай жанчыны. — Матэрыялы для экспертызы адправілі ў Маскву. І эксперты з Масквы ў тэлефоннай размове паведамілі, што знаходзяць падставы гаварыць пра віну жодзінскіх дактароў, і ў поўным аб’ёме падтрымліваюць абвінавачванне. Я даведаўся пра гэта ад старэйшага следчага па асабліва важных справах упраўлення папярэдняга расследавання Мінаблвыканкама падпалкоўніка Канцавога. Аднак праз некаторы час пракуратура Мінскай вобласці ўнесла пратэст на правядзенне экспертызы ў Маскве з прычыны яе немэтазгоднасці. Хачу заўважыць, гэта адбылося па ўказанню начальніка папярэдняга расследавання МУС генерал-маёра Гурэева. Судова-медыцынская экспертыза была сарваная, і на практыцы не быў выкананы прынцып няўхільнасці пакарання.
Потым пазоўнік даведаўся, што на прыём да міністра ўнутраных спраў Куляшова прыходзіў муж падазраванай Ягоравай, якая працуе ў жодзінскай паліклініцы хірургам. Андрэй Мініч перакананы, што гэтая сустрэча магла паўплываць на рашэнне адклі­каць экспертызу з Масквы.
16 чэрвеня 2011 года была вынесеная пастанова № 08016070744 спыніць крымінальную справу і папярэдняе расследаванне па гэтай справе ў адносінах да Ягоравай І. Н., Пціцынай С. В. па частцы 2, артыкулу 162 Крымінальнага кодэкса з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства.
Андрэй падкрэслівае, што «з дадзенай пастановай катэгарычна не згодны». Ён абскардзіў яе ў Фрунзенскім судзе Мінска. Справу разглядала суддзя Комар В. К. Андрэй звяртае ўвагу, што ў часе разгляду справы суддзя двойчы парушыла патрабаванне пункта 13 пастановы 14 пленума Вярхоўнага суда Беларусі ад 23.12.1999 года (вяла пасяджэнне без судзейскай мантыі). На думку істца, гэта гаворыць пра яе халатны падыход да справы. Аналагічныя прэтэнзіі былі і да старэйшага памочніка пракурора Шэлемецевай С. А. (яна парушыла арт. 30 Кодэкса гонару пракурорскага работніка РБ), і праверку па гэтаму факту нават праводзіла пракуратура, а з усімі пракурорскімі работнікамі Фрунзенскага раёна Мінска праводзілі нараду, дзе і абмяркоўваліся паводзіны спадарыні Шэлемецевай. Але галоўная праблема, канешне ж, не ў знешнім выглядзе служак Феміды, а ў іх падыходзе да сваёй працы.
— Яны не прынялі да ўвагі мае довады аб вінаватасці ўрачоў, аб’ектыўна іх не праверылі і не абверглі! — абураецца Андрэй Мініч. — У крымінальнай справе многа медыцынскай інфармацыі, што якраз сведчыць пра вінаватасць урачоў. Я абскардзіў пастанову Комар старшыні мінскага гарадскога суда, але яе пакінулі без задавальнення. Потым была скарга ў Вярхоўны суд на імя старшыні суда Сукалы. Адказ пакуль не прыйшоў. З усіх гэтых падзей я зрабіў выснову, што суд і пракуратура ў названых асобах абсалютызавалі ранейшыя экспертныя заключэнні і не хацелі бачыць яўныя і схаваныя недахопы ў заключэннях экспертаў.
Андрэй Мініч распавядае, што, як толькі ён напісаў заяву аб халатнасці дактароў, яго папярэджвалі — справа гіблая. Пра гэта гаварыў начальнік следчага аддзела папярэдняга расследавання Жодзінскага ГАУС маёр міліцыі Папроцкі У. М. Андрэй Мініч гаворыць, што па віне гэтага афіцэра міліцыі заява разглядалася 7 месяцаў і 13 дзён. Дзеянні гэтага супрацоўніка, дарэчы, пасля разглядалі на пасяджэнні таварыскага суда Жодзінскага ГАУС. «Ён казаў мне, што ўрачы сваіх не здаюць, і вельмі малая верагоднасць, што эксперты падрыхтуюць на іх абвінаваўчае заключэнне, — кажа сын памерлай жанчыны. — Я хачу, каб дактары панеслі заслужаную кару за сваю халатнасць і сплацілі мне маральную і матэрыяльную шкоды».
Спадар Андрэй на заканчэнне размовы гаворыць, што з нагоды вось такіх сумных абставінаў пазнаёміўся з судова-прававым бясчынствам, якое творыцца ў Фрунзенскім судзе Мінска. Дарэчы, мужчына гатовы ў адстойванні сваёй пазіцыі дайсці і да міжнародных інстанцый, калі ўнутры краіны нікому няма справы да сумленнасці і адказнасці медыкаў.
Інфармацыя пра падобныя выпадкі аб халатнасці ўрачоў рэгулярна трапляецца на вочы. Штогод колькасць скаргаў у Міністэрства аховы здароўя павялічваецца. І складае штогод больш за 560. Колькасць судовых экспертыз, прызначаных праваахоўнымі органамі па справах аб неналежным аказанні меддапамогі, штогод узрастае на 15–20 працэнтаў.
Чаму так адбываецца? Наўрад ці пацыенты сталі больш нахабнымі ці больш смяротнымі. Насамрэч, не праблема пачуць гісторыі пра тое, як чалавек колькі гадзін ляжаў у прыёмным пакоі на каталцы і нікому не быў патрэбны, як атрымаў інфекцыю ў часе аперацыі ці сурвэтку «на памяць» у арганізме ад хірурга, як за ўвагу ці лепшыя ўмовы знаходжання ў стацыянары носяць хабары. Медыцына ў Беларусі сапраўды небагатая. Але сталася так, што разам з заробкамі і прэстыжам упаў узровень адказнасці, сумленнасці медыкаў. Знакамітая клятва Гіпакрата хіба што пераўтварылася ў пусты крылаты выраз.
У 2010 годзе ў арганізацыях аховы здароўя Беларусі не хапала каля 4,5 тысячы лекараў. Годам раней патрэба ў лекарах ацэньвалася ў 5,5 тысячы чалавек, а пік недахопу медыцынскіх кадраў прыйшоўся на 2008 год. Галоўная прычына дэфіцыту працоўных рук — цякучасць кадраў. Штогод з арганізацый Міністэрства аховы здароўя звальняецца больш за тры тысячы чалавек. Столькі беларускія медыцынскія ВНУ нават не набіраюць. І можна колькі заўгодна наракаць на фінансавыя праблемы, недахоп кадраў, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны, але ўрэшце ніхто не прымушае чалавека працаваць там, дзе ад яго залежыць жыццё іншых, дзе замест ратавальніка ён у выніку прымярае ролю абыякавага назіральніка.
* * *
Суддзя Комар В. К. знаходзіцца ў «чорным спісе» неўязных у ЕС. Яна ўжо вядомая нашым чытачам па тых прысудах, што выносіла прадстаўнікам апазіцыі. Гэтая ж суддзя разглядала справу Мініча. Яна не прыняла да ўвагі довадаў і доказаў Андрэя і спыніла крымінальную справу. А ці магло быць інакш?
Суддзя, які хаця б аднойчы дамовіўся з законам, будзе і потым выціраць аб яго ногі. Пракурор, які хаця б аднойчы выканаў загад, заплюшчыўшы вочы на закон, не стане каяцца і сыходзіць з прафесіі. Міліцыянер, які хаця б аднойчы схлусіў перад Фемідай, будзе і далей проста «выконваць загад». Гэта сістэма. Сістэма, пры якой чалавек, мараль, закон не маюць ніякага значэння. Сістэма, якая перакруціць любога, хто стане на яе шляху. Таму і змагацца трэба з сістэмай. Толькі дэмакратычная дзяржава можа гарантаваць асобе выкананне яе правоў і перавагу закона. І тады будзе выконвацца не толькі прынцып няўхільнасці пакарання, але і прынцып прэзумпцыі невінаватасці.