Свята Волі

Самыя парадаксальныя рашэнні часам бываюць самымі слушнымі. Тое, што арганізатары Дня Волі пагадзіліся з Мінгарвыканкамам правесці акцыю ў сярэдзіне працоўнага дня, ператварыла яе ў свята.



pacatak_shescia_logo1.jpg

Вядома, прысутнічаў скептыцызм: ну хто пойдзе ў сераду ў 15 гадзінаў на апазіцыйнае шэсце? Аднак, наш народ аказаўся больш свядомым, чым пра яго думалі. І ўжо за гадзіну да пачатку шэсця ля кінатэатра «Кастрычнік» сабралася чалавек дзвесце са сцягамі, лозунгамі, расцяжкамі.

Сёлета на Дні Волі быў надзіва святочны настрой. Адчувалася, што гэта не проста шараговае шэсце апазіцыі. Людзі сапраўды прыйшлі ствараць атмасферу свята, і гэта ім выдатна ўдалося. Апроч звычайных «Жыве Беларусь!» і іншых, людзі пачалі крэатывіць, ствараць уласныя лозунгі і фішкі. Гэта і паветраныя шарыкі з гербам «Пагоня», і вышыванкі — хто б мог падумаць, што мода на іх, якая пашыраецца ўжо год, так арганічна ўпішацца ў Дзень Волі? Цікавыя лозунгі салідарнасці з Украінай: «Няма бульбы без укропа», альбо «Крым — Украіне, шчасце — краіне!» Хтосьці ж іх выдумаў і напісаў! Прычым, напісаў самастойна.

Збольшага, канешне, удзельнікамі свята была моладзь і сталыя людзі — тыя, каму не трэба быць на працы. Маладзёны перанялі ўкраінскае: «Хто не скача — той маскаль!», каталіся на роварах, спявалі розныя песенькі, і ўвогуле, адцягваліся па поўнай, што надавала толькі святочнасці.

Той крэатыў, які бачны збольшага ў сацыяльных сетках, выліўся на вуліцу. І гэта надало Дню Волі атмасферу сапраўднага свята.

Нягледзячы на складаную сітуацыю ў нашай паўднёвай суседцы, нягледзячы на засяроджанасць на эканоміцы і эканамічных праблемах у Беларусі, падчас шэсця не было пахмурных, заклапочаных твараў. Суцэльны пазітыў. Пазітыўны настрой — гэтым адрозніваўся сёлетні Дзень Волі ад папярэдніх.

Усё ж, нягледзячы на нязручны час, акцыя была даволі масавай, як зазвычай. Журналісты налічылі ад двух да трох тысяч чалавек, што з’яўляецца стандартам для шэсця 25 сакавіка. А калі б яно было ў зручны час?

Святочны настрой зразумелі і арганізатары акцыі. Яны не сталі псаваць яго нейкімі стасункамі з праваахоўнымі органамі. Прынамсі, раней у людзей выклікала асаблівае незадавальненне тое, што на канцэртную пляцоўку плошчы Бангалор трэба было праходзіць праз кардоны міліцыі і турнікеты-металашукальнікі. І ўсё роўна на гэтую пляцоўку не давалі падвозіць гукаўзмацняльную апаратуру, так што выступоўцаў маглі чуваць толькі тыя, хто стаяў ля самай сцэны.

Гісторыя з гукаўзмацняльнай апаратурай зараз паўтарылася — яе не дазволілі. Арганізатары зразумелі марнасць паходу на пляцоўку, таму спынілі ўдзельнікаў шэсця ла ўваходу ў парк Дружбы народаў. Патлумачыўшы, што гукаўзмацнення там не будзе, яны вырашылі праз міліцэйскія турнікеты не ісці, і заклікалі прысутных разыходзіцца святкаваць дадому, з сябрамі, па кавярнях. Варта зазначыць, што рашэнне «не ісці ў загон» было ўспрынята вельмі пазітыўна. Яшчэ праз паўгадзіны пасля таго, як было абвешчана, што шэсце скончана, а мітынгу не будзе, на ўваходзе ў парк купка людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі працягвала спяваць і паміжсобку размаўляць.

Так што арганізатары вельмі слушна зрабілі, калі вырашылі, нягледзячы на перанос часу, усё ж адзначыць Дзень Волі.

Праўда, без затрыманняў усё ж не абышлося. На момант напісання матэрыялу праваабаронцы паведамлялі як мінімум пра трох затрыманых удзельнікаў свята, адзін з якіх — былы палітвязень Эдуард Лобаў. Яшчэ дваіх актывістаў з Бабруйска заблакавалі ў машыне супрацоўнікі ДАІ — нібыта ў аўто «парушаная таніроўка».

Фотарэпартаж з акцыі глядзіце тут і тут