Таша Міхайлоўская: Я перастала верыць у моладзевых лідараў...
Экзістэнцыйныя размовы пра лідарства, удзячнасць за сваю дзейнасць ад людзей і Беларусі, баланс паміж сям’ёй, працай, хобі і веру ў троляў ды эльфаў ад старшыні моладзевага грамадскага аб’яднання «Гісторыка» Ташы Міхайлоўскай.
Прыкладны, сумленны, ідэальны
Цяжка патлумачыць, чым я займаюся. Ідэнтыфікую я сябе часцей за ўсё не паводле працоўнага месца ці грамадскіх актыўнасцяў, а паводле свайго прыватна-гендэрна-сямейнага статусу. Для мяне больш істотна, ці змагу я пабудаваць сям’ю, як справы у маіх маці, таты… Ужо пасля я ёсць супрацоўніцай ТАА “Шляхетныя вырабы”, старшыня МГА “Гісторыка”.
Калі кажуць пра моладзевага лідара, зазвычай хочуць бачыць такі міфічны вобраз чалавека: прыкладны, сумленны і ідэальны, актыўны і ўсё ў яго атрымоўваецца. Я ў гэтым плане не добрая кандыдатура. Ніхто не ведае людзей, у якіх усё атрымоўваецца… і ўсе ўпэўненыя, што яны мусяць быць. Вераць жа некаторыя ў троляў, эльфаў.
Я перастала верыць у моладзевых лідараў, напэўна, тады ж, калі і ў Дзеда Мароза. Як і ў ідэальных людзей наогул. Палітыкі, якія адпавядаюць усім 10 запаветам Бібліі, а таксама Карану і Торы, — усе хочуць падтрымліваць такіх людзей, а іх неяк не бачна.
Ёсць людзі вельмі шчырыя і адказныя. Для мяне ўжо такога невялікага пераліку якасцяў дастаткова, каб давяраць ім. Яны могуць не быць пры гэтым добрымі прамоўцамі, не заўсёды рабіць правільныя прагнозы — гэта зашмат для аднаго чалавека. Таму лідару заўсёды патрэбная каманда. Ёсць правільная показка: караля грае світа.
Калі казаць пра грамадзянскую супольнасць у Беларусі — той жа Бяляцкі паспеў стварыць сваю каманду. Ён не мае магчымасці весці актыўныя дзеянні, але яго каманда функцыянуе і падтрымлівае яго. Яму давяраюць, ён мае свае перакананні, якія нават здолеў сфармуляваць, што немалаістотна.
Мае мэты глабальныя, абстрактныя: хочацца бачыць людзей шчаслівымі. Такія ўяўленні прыгожыя, але малакарысныя для вырашэння праблемы бяздомных жывёлаў у горадзе. Я магу падабраць асобную котку, але не магу стварыць прытулак.
Удзячнасць Беларусі не мае межаў
Магчыма, кагосьці расчарую, але зараз я шчыра перакананая, што ўсё тое, што робіць кожны грамадскі актывіст, ён робіць дзеля сябе, сваіх прынцыпаў, перакананняў і ўяўленняў пра навакольную рэчаіснасць. Чалавек, які робіць для ўсіх — ён робіць ні для каго. Ён чакае ўдзячнасці, а ўсе могуць проста не заўважыць. Гэта прыводзіць да персанальнай расчараванасці. Калі той момант, у які ты зразумееш, што Беларусь табе ўдзячная? Як вызначыць межы ўдзячнасці Беларусі?
Іх проста няма.
Калі ты такі разумны, чаму ты такі бедны?
Мяне персанальна не натхняюць прыклады тых людзей, які, не рэалізаваўшы сябе ў нейкай галіне, сыходзяць цалкам у грамадскую дзейнасць. Яны шукаюць грошай на квіткі, на тэлефон… І ты думаеш: такі цудоўны арганізатар такога выдатнага праекту, няўжо ты не можаш знайсці месца, дзе зарабіць грошай, каб яны былі на тэлефоне? Думаю, шмат каго адштурхоўваюць штукі, пра якія амерыканцы кажуць: “Калі ты такі разумны, дык чаму ты тады такі бедны?”
Натуральна, я не заклікаю спачатку займець вялікія фінансавыя дасягненні, але баланс між асабістым, прафесійным і грамадскім жыццём мусіць быць. Гарманічна чалавек успрымаецца тады, калі ён такім ёсць, калі ў яго хапае часу і на сям’ю, і на працу, і на хобі.
У дадзеным выпадку грамадская дзейнасць — гэта такое хобі, тое, што цябе не адпускае, на што патрэбныя час і грошы. Сям’я — нармальная чалавечая з’ява, яна прыносіць персанальнае задавальненне. А абстрактная Беларусь табе дзякуй не скажа.
Грамадская дзейнасць — гэта як шыла
Ёсць невялікія НДА накшталт «Гісторыкі», якія і мусяць фінансавацца знутры, сябры якіх мусяць прывучацца ўкладваць у гэтыя хобі грошы. Калі мы хочам адбудаваць замак — мы скінемся на першасную прыборку і прыкінем, дзе ж нам знайсці грошы на адбудову. Гэта аб’ём працы, які можна зрабіць супольна.
А ёсць вялікія аб’яднанні, той жа Чырвоны Крыж, дзе патрэбная кантактная асоба, сакратарка. І там ёсць звычайныя супрацоўнікі, якія атрымліваюць заробак.
Я не думаю, што тыя ж спецыялісты па рэкламе працуюць не так, як я на “Шляхетных вырабах”: яны ўсведамляюць значнасць агульнай справы і выконваюць свае абавязкі як звычайную працу. Але нават у такой вялікай арганізацыі будуць людзі, у якіх гэта будзе як хобі і якія будуць кіраваць арганізацыяй.
Можа чалавек доўга на грамадскіх пачатках узначальваць арганізацыю, залежыць толькі ад яго. Лідары, як і ўсе астатнія людзі, яны розныя. Калі б я не напаткала “Гісторыку”, я б, мажліва, арганізоўвала для сябровак вечарыны па мылаварэнню, ці збірала рэчы для пацярпелых ад землятрусу. Грамадская дзейнасць — гэта як шыла…
Наперадзе апынаюцца людзі такія, як яны ёсць
Я не бачу сябе лідарам. Любому чалавеку, які далучаецца да справы, хочацца бачыць наперадзе актыўнага, адказнага чалавека, у якога гэта — справа жыцця. І тут ёсць цікавы нюанс — шмат людзей ідзе за кімсьці. Нават у “Гісторыцы” можна пачуць: я з’ездзіў туды і туды, я дапамог. Чалавек хоча дапамагаць, але не ўспрымае гэта як сваю справу.
Змея Гарыныча царэвіч навучыў асалодзе ад слова “Дзякуй”. Кажа: “Давай ты мяне адпусціш, а я табе скажу “Дзякуй!”. Гарыныч адпусціў і доўга яшчэ думаў, што б такога зрабіць, каб яму сказалі “Дзякуй”.
Такім людзям хочацца пачуць гэтае слова, хочацца быць патрэбнымі, але яны не ўсведамляюць, якую карысць справа прынясе асабіста ім. Хтосьці падпісвае петыцыю аб абароне парку таму, што яму персанальна не хапае прыгожых месцаў у Менску, а хтосьці — таму што гэта нейкая добрая справа.
Я зусім не суперабавязковая, не суперадукаваная. У нас наперадзе апынаюцца людзі такія, як яны ёсць. З іншага боку, а нікога ж няма для гэтага, бо ўсе лічаць сябе недастаткова дасканалымі, каб заняць месца лідара. Таму маем тое, што маем.
Ганна Валынец, ampby.org