Моладзь АГП абрала старшыню і будзе рэгістравацца

Моладзь Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) прыняла рашэнне афіцыйна зарэгістравацца ў якасці маладзёжнага грамадскага аб`яднання. Адпаведнае рашэнне было прынятае дэлегатамі з`езда арганізацыі, які прайшоў 14 красавіка ў Мінску.



ohp.jpg

Старшынёй "Маладых дэмакратаў" абраная 26-гадовая Аляксандра Васілевіч з Гродна, яе намеснікамі Аляксандр Сергіенка і Аліна Літвінчук.
 

Асноўнымі накірункамі дзейнасці арганізацыі названыя адукацыя, спорт, супрацьдзеянне карупцыі ў гэтых сферах, занятасць моладзі.
 

На працягу месяца дакументы на рэгістрацыю маладзёжнага грамадскага аб`яднання будуць перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі. У рабоце з`езда бралі ўдзел 34 з 43 дэлегатаў. Яны падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія два гады, прызнаўшы іх здавальняючымі.
 

Папярэдні з`езд "Маладых дэмакратаў" прайшоў 29 студзеня 2011 года, пасля чаго прадстаўнікі маладзёжнага крыла АГП падалі дакументы ў Мінюст на рэгістрацыю рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб`яднання. Аднак Мінюст адмовіў у рэгістрацыі, матывуючы адмову тым, што "асноўныя палажэнні статута МГА "Маладыя дэмакраты" не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, назва МГА "Маладыя дэмакраты" супярэчыць палажэнням яго статута".