Тэст на «лаяльнасць» — кваліфікацыйны іспыт ад Мінінфармацыі

У Беларусі 1 студзеня набыў сілу закон «Аб ліцэнзаванні», які, сярод іншага, рэгулюе сферу тэле- і радыёвяшчання. Каб абараніць галоўны эпіцэнтр дзяржаўнай прапаганды ад пранікнення іншадумства, кантрольнае ведамства зацвердзіла праграму кваліфікацыйнага іспыту для супрацоўнікаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў паглядзела гэты дакумент.

_fota_aryny_sjankevicz__2__logo.jpg

Як патлумачылі ў Міністэрстве інфармацыі, кваліфікацыйны іспыт, нормы якога канчаткова зацверджаны адмысловым загадам за подпісам міністра Уладзіміра Пярцова 18 студзеня, павінны здаваць спецыялісты, адказныя за вяшчанне тэле- або радыёпраграм, а таксама за адпаведнасць зместу патрабаванням заканадаўства.

Экзамен будзе прымаць кваліфікацыйная камісія пасля звароту ў інфармацыйнае ведамства з просьбай атрымання ліцэнзіі на дзейнасць у галіне вяшчання, а таксама ў выпадку неабходнасці замены штатнага спецыяліста на новага.

Ухваленая праграма іспыта, як падкрэсліваюць распрацоўшчыкі, вызначаецца неабходнасцю прававога рэгулявання адносін у сферы масавай інфармацыі, а таксама асноўнымі прынцыпамі дзейнасці СМІ — «гарантаваннем свабоды меркаванняў, перакананняў і іх выказвання».

Што адразу можна паставіць пад сумнеў, бо дэклараваная «свабода слова» ў Беларусі даўно не адпавядае рэальнасці. Па сутнасці, у краіне дазволены толькі праўладныя медыя, альтэрнатыўная прастора цалкам знішчана. Незалежныя СМІ могуць працаваць толькі за межамі Беларусі — на радзіме абсалютная большасць аб’яўлена сілавікамі або «экстрэмісцкімі фарміраваннямі«, або «экстрэмісцкім» прызнаны іх кантэнт. Не кажучы ўжо, што дзясяткі журналістаў асуджаны ці ў чаканні вердыктаў, а сотні вымушана з’ехалі ад пераследу.   

Нягледзячы на фактычную прыватызацыю інфармацыйнай прасторы, Міністэрства інфармацыі прапануе кваліфікацыйнай камісіі падчас іспытаў паразважаць пра «манапалізацыю і абмежаванне свабоды сродкаў масавай інфармацыі». Зыходзячы з практыкі апошняга часу, у дадзеным кантэксце маецца на ўвазе зусім не татальная расправа над незалежнымі рэсурсамі ўнутры краіны, а «ціск на журналістаў у краінах калектыўнага Захаду», пра што ўсё гучней «інфармуе» беларусаў афіцыйная прапаганда.

Пры гэтым любы «замах» на ўяўную «стабільнасць» можа каштаваць вяшчальніку легальнага статусу. Як вынікае з дакумента, грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні з'яўляюцца:

— ажыццяўленне ліцэнзаванага віду дзейнасці, які стварае ўнутраныя і знешнія крыніцы пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у інфармацыйнай сферы;

— вяшчанне тэле- або радыёпраграмы, што ўтрымлівае звесткі, распаўсюджанне якіх абмежавана ці забаронена заканадаўчымі актамі.

Нездарма гэтыя пункты ўключаны ў праграму іспыту для прэтэндэнтаў на стратэгічныя пасады асобным блокам: інфармацыя, распаўсюджанне якой у СМІ абмежавана; інфармацыя, распаўсюджанне якой забаронена; распаўсюджанне афіцыйных інфармацыйных паведамленняў і матэрыялаў.  

Выглядае, што неабходнасць увядзення кваліфікацыйных іспытаў для дзейных і патэнцыйных супрацоўнікаў тэлерадыёгаліны прадыктавана толькі адным — жаданнем па поўнай «адфільтраваць» кандыдатаў, каб потым не сумнявацца ў іх ідэалагічнай лаяльнасці. Сфера, ад якой залежыць ступень уплыву на розумы не заўсёды пераборлівых грамадзян, мусіць стаць стэрыльнай.

Уладам дакладна не патрэбна паўтарэнне 2020 года, калі дзясяткі супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі публічна сышлі са сваіх рэдакцый, каб не мець дачынення да апраўдання гвалту і беззаконня ў краіне. Хоць многія потым за гэта паплаціліся не толькі працоўным месцам, а і ўласнай свабодай. 

Паводле прэс-службы БАЖ